Свята вёскі Ясюкі


Пра тое, што ў Ясюках адбудзецца свята вёскі, даведаўся ад дырэктара Варапаеўскага гарпасялковага Дома культуры Юліі Галяш. З задавальненнем прыняў прапанову паўдзельнічаць у ім, бо там жыло шмат радні  бацькоў. Вельмі часта  наведваўся сюды ў дзяцінстве і юнацтве, а пазней,  дзякуючы роднаму дзядзьку, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, брыгадзіру кейзікаўскай брыгады Івану Аляксандравічу Ластоўскаму, пазнаёміўся  з выдатнымі арганізатарамі сельгасвытворчасці, таксама ўдзельнікамі вайны, ардэнаносцамі — дырэктарам саўгаса “Варапаева” Гаўрыілам Сямёнавічам Леляковым і брыгадзірам паляводчай брыгады Аляксеем Фядотавічам Кыткіным.

Менавіта пра перыяд іх кіраў­ніцтва, калі багата радзіла збажына, фермы давалі шмат малака і мяса, а ў суседніх Кейзіках працавала найбуйнейшая ў раёне свінагадоўчая ферма, успаміналі старажылы. У іх ліку  Часлава Станіславаўна Тачыцкая, якая была сярод 29 жанчын-жыхарак Ясюкоў, што з дня ў дзень жалі, палолі, нарыхтоўвалі кармы, сушылі зерне, выконвалі іншую ручную работу. У іх на ўсё хапала часу: паспявалі і   хатнюю гаспадарку весці, і гадаваць дзяцей. І цяпер па праву ганарацца не толькі імі, але і ўнукамі.

Аляксандра Іванавіча Кейзіка па сённяшні дзень многія ведаюць як заслужанага механізатара Пастаўшчыны, які адным з першых у гаспадарцы асвоіў трактар, выконваў любую работу. За прафесіяналізм, любоў да тэхнікі і зямлі, актыўнасць яго называлі “генералам”. Шчыраваў на сваім участку і Мікалай Мікалаевіч Харко.

Вёска Ясюкі — з ліку тых населеных пунктаў, у якіх побач з пакінутымі дамамі ёсць і добраўпарадкаваныя, у якіх прадаўжаецца жыццё, гаспадары  падтрымліваюць парадак, ганарацца мясцінай, дзе нарадзіліся. Такой выглядае і невялікая прыгожая сядзіба Марыны Іосіфаўны і Леаніда Фёдаравіча Харко. Гаспадыня прысвяціла сваё жыццё хатнім справам, выхаванню дачок, якія вучацца ў вышэйшых навучальных установах і радуюць сваімі поспехамі бацькоў. Шмат хатніх клопатаў у Леаніда Фёдаравіча, але гэта не перашкаджае яму заставацца самым запатрабаваным работнікам Варапаеўскага дрэвааапрацоўчага кам­біната. 43 гады  аддала гэтаму прадпрыемству і Даната Мар’янаўна Гапон. Вясёлая, гаваркая, яна і на свяце вёскі да ўсяго мела дачыненне, не магла ўсе­дзець  на адным месцы. Вяскоўцы і госці цёпла віталі Данату Мар’янаўну і яе сястру  Марыну Мар’янаўну, а таксама іх сем’і. Калі вядучая Юлія Галяш запрасіла ўсю іх радню на святочную лаву, то месца на ёй усім не хапіла.

Такая ж дружная вялікая сям’я і Васілія Васільевіча Ластоўскага, які, пераехаўшы ў Варапаева,  сваё радавое гняздо пакінуў дачцэ Алене, зяцю Сяргею і самай маленькай жыхарцы Ясюкоў — унучцы Васілісе. Трывала прапісаліся ў гэтым прыгожым куточку вядомыя на Варапаеўшчыне людзі — Валянціна Іосіфаўна і Міхаіл Ягоравіч Ходан, якія прыйшлі на свята разам з унучкай Дзіянай. Побач са старэйшымі Ходанамі  жыве сям’я сына Сяргея. У вёсцы яго ведаюць як прынцыповага чалавека слова і справы, таму невыпадкова выбралі старэйшынай.  А на свяце старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч уручыла яму  шыльду “Дом узорнага парадку”, якая сведчыць пра гаспадарлівасць Сяргея і яго жонкі Воль­гі. Такімі яны выхоўваюць і сваіх дзяцей.

Генадзій Іванавіч Ясюковіч, Валерый Сяргеевіч Касцюк, Алег Сяргеевіч Бурак, Ула­дзі­мір Уладзіміравіч Кіёнак, Тэрэса Іванаўна Казлоўская, Фелікса Станіславаўна Якімовіч, Марына Іпалітаўна Пяткоўская, Вольга Міхайлаўна Правіт, Уладзімір Васільевіч Ластоўскі — гэта прозвішчы цяперашніх і былых жыхароў вёскі, якія па розных прычыных развіталіся з ёй, але не забываюць, ведаюць кожны ўзгорачак, кожную сцяжынку, любуюцца люстэркавай гладдзю азёр.  Усё гэта хараство па-ранейшаму вабіць, натхняе на творчасць. Свой верш роднай вёсцы прысвяціла і прачытала яго на свяце ветэран працы, былы культработ­нік Валянціна Барысаўна Казаровец.

Шмат часу прысвяціла вывучэнню гісторыі малой радзімы бацькоў — Веры Вікенцьеўны і Лявона Лявонавіча Гінько — іх дачка, педагог з Пастаў Аліна Лявонаўна Латыш. На мерапрыемстве яна была побач з самымі дарагімі людзьмі і разам з сястрой Ганнай выказала шмат шчымлівых слоў  у адрас землякоў, усіх ураджэнцаў Ясюкоў. Ім Аліна Лявонаўна прысвяціла сваю кніжку, якая неўзабаве выйдзе з друку.

Гаспадары і госці прыгадвалі, што апошні раз такое свята праводзілася гадоў пяць назад. Сёлета яно набыло новае гучанне і змест, бо, здаецца, незаўважаным не застаўся ніводны чалавек, які меў або мае дачыненне да гэтай вёскі. Пры ўсім жаданні назваць у газеце прозвішчы кожнага проста немагчыма. Гэта зрабілі аўтар сцэнарыя і вядучая свята  Юлія Галяш і ўдзельнікі мастацкай сама­дзейнасці Дома культуры. Сем’ям, асобным прысутным яны дарылі папулярныя песні, падносілі невялікія падарункі, зачытвалі пажаданні, віншавалі са знамянальнымі падзеямі і датамі ў жыцці.

Завяршылася свята жартоўнымі конкурсамі, карагодамі і багатым застоллем. Да позняй ночы гучалі ў Ясюках музыка і песні і сведчылі пра тое, што вёска жыве.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.