У цэнтры ўвагі — першакласнікі

Образование

Старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў з групай першакласнікаў.

Радасць свята першага званка разам з настаўнікамі і вучнямі Варапаеўскай сярэдняй школы, іх бацькамі раздзялілі старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў, старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч, ветэран педагагічнай працы, былы дырэктар школы Алег Лявонцьевіч Лапушынскі, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў гарпасёлка.

Такое прадстаўніцтва сведчыць пра тое, што школа, яе педагагічны калектыў з’яўляюцца тым асяродкам, дзе паспяхова вучаць і выхоўваюць дзяцей, захоўваюць традыцыі, укараняюць навацыі, праводзяць шмат мерапрыемстваў грамадскага значэння. Пра гэта, павіншаваўшы прысутных з Днём ведаў, гаварыў і кіраўнік раённай вертыкалі. Віктар Сяргеевіч Гутараў адзначыў, што з задавальненнем прыехаў у школу, дзе існуюць добрыя традыцыі, прымнажаюцца дасягненні, падтрымліваецца высокі рэйтынг ведаў, грамадскіх і працоўных спраў. Школа па праву з’яўляецца найлепшай сярод сельскіх навучальных устаноў Пастаўшчыны, а па колькасці заваяваных дыпломаў на ўсіх этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і шэрагу іншых паказчыкаў служыць прыкладам і для гарадскіх. Таму невыпадкова менавіта тут дзякуючы спонсарам да пачатку навучальнага года з’явіўся новы камп’ютарны клас. З падарункам прыехаў і В. С. Гутараў. Ён уручыў дырэктару Віктару Мікалаевічу Жуку сертыфікат на тысячу дэнамінаваных рублёў. Сродкі будуць выкарыстаны для ўмацавання фізкультурна-спартыўнай базы.

Выступае дырэктар школы Віктар Мікалаевіч Жук.

— Сёння ў нас ёсць усё для таго, каб на належным узроўні арганізоўваць навучальны і выхаваўчы працэсы, годна выступаць на алімпіядах, праводзіць выпускную кампанію, — падкрэсліў, вітаючы прысутных са святам першага званка, кіраўнік навучальнай установы В. М. Жук. — Аснова для гэтага закладвалася на працягу ўсіх папярэдніх гадоў. У выніку летась упершыню за ўсю гісторыю школы мы атрымалі 22 дыпломы на раённым, 2 — на абласным (у тым ліку першай ступені) і 1 — на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алім­піяды. Сёлета быў 21 выпускнік. З іх 11 сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў бюджэтных форм навучання  і 10 — сярэдніх. Школа поўнасцю ўкамплектавана кадрамі педагогаў. Сваімі сіламі зрабілі касметычны рамонт кабінетаў, актавай залы, за што асаблівая ўдзячнасць вучнёўскай брыгадзе, а таксама бацькам школьнікаў.

Але самай радаснай падзеяй, якая дае падставу з аптымізмам глядзець у будучыню, Віктар Мікалаевіч Жук назваў тое, што ўпершыню за апошнія дзесяць гадоў сёлета ў першы клас прыйшла найбольшая колькасць дзетак — 31. Усе яны дзеці варапаеўцаў. У краіну ведаў іх на працягу першых чатырох гадоў будуць весці вопытныя педагогі Ганна Канстанцінаўна Андрэйчык і Зоя Іванаўна Лапс. На свяце першага званка настаўнікі і іх маленькія выхаванцы аказаліся ў цэнтры ўвагі. А разгубленасць і нерашучасць адышлі на другі план, калі самыя смелыя і падрыхтаваныя чыталі вершы, спявалі. Значыць, быць у школе і новым талентам! Гэтага жадалі першакласнікам будучыя выпускнікі, паднёсшы ім невялікія падарункі. А самы каштоўны падарунак — кнігу “Беларусь — наша Радзіма” — галоўныя віноўнікі ўрачыстасці атрымалі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Пад апладысменты прысутных і музыку іх уручылі першакласнікам ганаровыя госці ўрачыстасці.

Класны кіраўнік Аксана Вікенцьеўна Танана і яе адзінацца¬цікласнікі.

Свята атрымалася яркім і ўзрушаным. Яно надоўга запомніцца настаўнікам і вучням, а асабліва — пераможцам раённага этапа прадметных алімпіяд Яне Коўзан і Мікіту Залецкаму, якім аказалі давер узняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, а таксама Крысціне Багушэвіч, якая вітала ўсіх песняй. Ганаровая місія выпала першакласніцы Аі Брагінай і вучню 11 класа Руслану Балаю. Яны першым званком абвясцілі аб пачатку новага навучальнага года і паклікалі дзяцей у падрыхтаваныя для заняткаў класы. Невялікую экскурсію па школе зрабіў і старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў. У прыватнасці, ён наведаў новы камп’ютарны клас, сустрэўся з першакласнікамі, гутарыў з кіраўніцтвам навучальнай установы.

Новы навучальны год у Варапаеўскай СШ, як і ва ўсіх іншых школах краіны, пачаўся з урока “Нам мір завешчана берагчы”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.