У інтарэсах спажыўцоў

Экономика

Гэта свята бярэ свой пачатак з 1980 года. І хаця пасля распаду СССР яго перасталі адзначаць у многіх былых рэспубліках, у Беларусі і сёння шануюць работні­каў  вельмі патрэбных і нялёгкіх вытворчасцей. Прадпрыемствы, дзе працуюць нафтавікі і газавікі, забяспечваюць прамысловых, энергетычных і камунальна-бытавых спажыўцоў звадкаваным і прыродным вуглевадародным газам, вядуць работы па эксплуатацыі і развіцці размеркавальных газаправодаў. Такія задачы выконвае і калектыў Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Глыбокаегаз”.

Пасля чарговай рэарганізацыі, якая была праведзена год
назад, у нас засталіся працаваць 52 чалавекі, — расказваў начальнік раёна газазабеспячэння Мікалай Дзмітрыевіч Жданковіч. — Пазбавіўшыся няпрофільнай работы, мы асноўную ўвагу сканцэнтравалі на абслугоўванні падземных газаправодаў і наземных аб’ектаў, а таксама газавых катлоў, якімі раней займаліся пабочныя спецыялісты. Па разгалінаванасці сеткі прыроднага газу і колькасці карыстальнікаў звадкаванага наш раён займае адно з вядучых месцаў сярод сельскіх раёнаў Віцебшчыны.

Гаспадарка ў пастаўскіх газавікоў сапраўды вялікая. За 13 гадоў, што прайшлі з моманту падачы ў раён прыроднага газу, працягласць яго сетак дасягнула 260,4 кіламетра. Ім карыстаюцца 8022 абаненты гарадскога і сельскага насельніцтва, а таксама 7 прамысловых і 45 камунальна-бытавых спажыўцоў. Дзякуючы прыроднаму газу забяспечваецца, напрыклад, бесперабойная эксплуатацыя зернесушыльных комплексаў ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай” і “Камайскі-агра”, што асабліва важна для дапрацоўкі зерня новага ўраджаю ва ўмовах сёлетняга неспрыяльнага надвор’я.

На самым пачатку газіфікацыі работы ў асноўным вяліся ў горадзе, пазней блакітнае паліва па падземных артэрыях прыйшло да спажыўцоў Лынтуп, Камай, Дварчан, Шырак, Юнек, Навасёлак, Коўзанаў, Старога Двара, Варапаева. У пераважнай большасці названых населеных пунктаў патрэбнасць у прыродным газе задаволена. Новыя абаненты будуць з’яўляцца ў асноўным у гарадскім пасёлку Лынтупы, а таксама часткова ў Варапаеве і ў мікрараёнах прыватнай забудовы па вуліцах Будаўнікоў, Лясной і Азёрнай у Паставах.

Па-ранейшаму вялікай застаецца колькасць спажыўцоў звадкаванага газу і складае 9795 сярод насельніцтва і 36 — сярод камунальна-бытавых. Кожны дзень тры экіпажы аўтамашын развозяць балоны ў самыя розныя, у тым ліку аддаленыя, населеныя пункты раёна.

— Асабіста я на дастаўцы звадкаванага газу насельніцтву працую 28 гадоў, у тым ліку сямнаццаць — разам з напарнікам слесарам Генадзіем Касарэўскім, — расказваў ва­дзі­цель Яўгеній Адамавіч Пурлан. — Рознае здаралася ў дарозе, але не было такога выпадку, каб мы не даехалі да чалавека на хутар ці ў маланаселеную вёску.

Экіпаж па дастаўцы насельніцтву звадкаванага газу ў скла¬дзе вадзіцеля Яўгенія Адамавіча Пурлана (справа) і слесара Генадзія Георгіевіча Касарэўскага.

Газавікі — людзі асаблівыя, надзеленыя пачуццём адказнасці і патрабавальнасці. Дзякуючы гэтым якасцям надзейна выконваюцца ўсе работы, што пацвярджаецца падчас эксплуатацыі і абслу­гоў­вання падземных газаправодаў, абсталявання газаразмеркавальных пунктаў і іншых аб’ектаў, забеспячэння спажыўцоў газам, аказання розных паслуг. Праца работнікаў газавай службы заслугоўвае павагі, яна цэніцца. Вось і напярэдадні прафесійнага свята кожны пяты работнік Пастаўскага раёна газазабеспячэння быў заахвочаны кіраўніцтвам унітарнага прадпрыемства “Віцебскаблгаз” і філіяла вытворчага ўчастка “Глыбокаегаз”. На Дошку гонару вышэйстаячых структур заносяцца фотаздымкі вадзіцеляў Яўгенія Адамавіча Пурлана, Андрэя Уладзіміравіча Шурко і кантралёра Таццяны Мікалаеўны Куцуха.

Шматгадовая добрасумленная праца кантралёра Вольгі Аляксееўны Антух, вадзіцеля Алега Аляксандравіча Смірнова, слесараў Генадзія Георгіевіча Касарэўскага і Паўла Эмануілавіча Марціновіча адзначаны Падзякамі, а майстра Аляксандра Аляксандравіча Таразевіча — Ганаровай граматай УП “Віцебскаблгаз” і філіяла ВУ “Глыбокаегаз”.

Расце ў калектыве і колькасць работнікаў, якія адпрацавалі больш за 25 гадоў і ўдастоены звання “Ганаровы ветэран”. Сёлета яно прысвоена прыбіральшчыцы Ірыне Зянонаўне Дзявятнікавай і кантралёру Галіне Паўлаўне Юрынай.

Лепшы вадзіцель і спартсмен Алег Аляксандравіч Смірноў.

Пастаўскі раён газазабеспячэння па праву адносяць да ліку прадпрыемстваў і арганізацый з высокай культурай вытворчасці і быту. Тут прыгожая і добраўпарадкаваная тэрыторыя, работнікі сябруюць з мастацкай сама­дзейнасцю і спортам. Напярэдадні чэмпіёнам абласной спартакіяды УП “Віцебскаблгаз” у бегу на 1000 метраў у сваёй узроставай групе стаў ва­дзіцель Алег Смірноў. Разам з іншымі лепшымі спартсменамі заўтра ён будзе абараняць гонар газавікоў Віцебшчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.