У начным


Небагата жылося сям’і калгаснага каваля Альфонса Семянаса, і не таму, што былі лайдакамі. Наадварот, мая мама Лёнгіна працавала звеннявой у калгасе імя Громава, потым звеннявой 6-ай брыгады ў калгасе “Шлях да камунізму”. Шчыравала ад зары да зары, “выганяла” да 400 працадзён за год. Тата, калгасны каваль, не цураўся ніякай работы. Акрамя таго што рамантаваў сельскагаспадарчую тэхніку і інвентар ды падкоўваў коней, у гарачую пару сенакосу станавіўся разам з усімі калгаснікамі ў рад, скошваў гектар і 20 сотак сенажаці. Касіў і збажыну. У яго набягала больш за 300 працадзён у год. А які з іх толк? Штосьці (мяшкоў шэсць) выдавалі зернем, штосьці — прамысловай прадукцыяй. Добра памятаю, як адзін год маме далі паркалю на шлафрок (доўгі прасторны дамашні халат, які падпяразваўся — аўт.), 2-3 кілаграмы цукру ды бутэльку льнянога алею. Вось і ўсё за цэлы год такой працы! Калі б не рака з аднаго боку Ракіт ды лес — з другога, есці ў хаце не было б чаго. У калгасны статак пайшла наша кароўка (колькі разоў яна ўцякала адтуль, але кожны раз яе вярталі, аднойчы — з дапамогай міліцыянера). Нам на сям’ю засталася толькі цялушка, чырвоная, з зоркай на лбе. Так што малака ў нас не было. У калгас забралі жарабя Журку, якое стала маладым прыгожым канём…

У той дзень у хату завітала бабуля Ганэфа і запрасіла мяне на пачастунак: сырнікі са смятанай. У іх з дзядулем Януком была прыгожая пярэстая кароўка Маргута (у дакалгасны час мелі дзвюх). Я з удзячнасцю расцалаваў бабулю ў абедзве шчакі і з падскокам памчаў па вясковай вуліцы, дзе кожны каменьчык ды ямку ведалі мае босыя ногі. Калі, сыты і задаволены, сагрэты любоўю гэтых пажылых людзей, вярнуўся дадому, мама паведаміла, што прыходзіў дзядзька Фэля, мамін родны брат, які ў калгасе працаваў конюхам, і клікаў мяне сёння ў начное. Пра гэтага чалавека, Фелікса Карбутоўскага, трэба распавесці асобна. Ён вельмі любіў коней. Такая любоў, магчыма, перадалася яму ад роднага дзядзькі Іларыёна, які на сваім кані з вазком працаваў у Дзвінску (Даўгаўпілсе), а потым пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе яго і застала рэвалюцыя. Каня з вазком экспрапрыіравалі для яе патрэб.

Дзядзька Фэля не мог пражыць і дня без любімай работы. Догляд гэтай прыгожай і грацыёзнай жывёлы даводзіў, па яго словах, “да болю сардэчнага”. Коні ў яго былі заўсёды дагле­джаныя, вычышчаныя да бляску. Нікому не даваў іх у крыўду. Калі з раёна ў Ракіты прыехаў ветэрынар і загадаў абстрыгчы коням доўгія хвасты, пакінуўшы не больш за 40 сантыметраў, дзядзька не зрабіў гэтага, маўляў, як жа коням улетку адганяць ад сябе сляпнёў, аваднёў, мух ды іншых насякомых? Неяк на праводзіны зімы (Масленіцу) у Паставах тройка коней з калгаса “Шлях да камунізму” (ёй кіраваў дзядзька) атрымала першы прыз, які пераможца і прывёз у Ракіты. Вельмі бедаваў і журыўся, што коней у стайні становіцца ўсё менш і менш. У калгасе імя Громава было больш за сорак, а праз год засталося каля трох дзясяткаў. “Гэтыя кіраўнікі з глузду з’ехалі са сваім жалезам: усюды трактары ды машыны, — гаварыў ён ля бацькавай кузні, якая знаходзілася насупраць стайні. — Праз які час дзеці каня толькі на малюнках будуць бачыць”.

Дзень праляцеў хутка.

— Лёнюсь! — заглянуў у хату, пераступіўшы парог, тата. — Там дзеці па цябе прыйшлі.

Мама ўзлахмаціла мае валасы і перакінула праз плячо торбу з ежай, каб было чым падсілкавацца ноччу, а потым ласкава падштурхнула да дзвярэй.

З-за агароджы ля дома тырчалі чатыры галавы. Яся і Дануся — дочкі-пагодкі дзядзькі Фэлі, мае стрыечныя сястрычкі. Пётра ды Метак — таксама радня, толькі далейшая, іх бацькі былі стрыечнымі братамі майго таты. Усе яны хадзілі ў школу, а я пакуль пра гэта толькі марыў. Упецярых кінуліся навыперадкі да стайні, адкуль павінна была пачацца наша дарога ў начное.

— Ну што, кавалерысты, усе сабраліся? — прыязна спытаў калгасны конюх.

— Усе!

— Тады выводзьце коней! — загадаў ён.

Калі ўсе стаеннікі былі на двары, зычным голасам скамандаваў:

— Эскадрон! За мной!

Дзядзька паехаў першым, у скураной фуражцы, ботах і галіфэ, са стрэльбай-цэнтралкай праз плячо, каб бараніцца ад ваўкоў, якіх у тыя гады было нямерана. Праз 5-6 коней ехалі і мы, строга ў калоне па адным. Толькі дзядзькаў сабака Бутман бегаў уздоўж строю і бесперапынна брахаў. Ехалі за гумнамі, па дарозе на Рымандзішкі і да Кухні (гэта месца на лузе за вёскай так звалася яшчэ з часоў паходу Напалеона Банапарта, бо ля той крыніцы з крыштальна чыстай вадой у 1812 годзе размяшчалася палявая кухня). Там строй рассыпаўся, і мы навыперадкі памчалі наўскач да сутокаў (месца, дзе зліваюцца Мядзелка, Бірвятка і Дзісенка). Там і прызначалася начное.

Першым прыскакаў Метак, сын брыгадзіра, самы старэйшы з нас. Адпусцілі коней, якія ахвотна скублі сакавітую траву. Некалькі жарабят пасвіліся і гарцавалі каля сваіх мамак, адыходзіць ад іх далёка яшчэ баяліся…

— А зараз, пакуль светла, ідзіце і збірайце ламачча, вось тут распалім вогнішча, — сказаў дзядзька, — бо ноччу, магчыма, і прымаразкі будуць.

Сонца, стаміўшыся за дзень, хілілася да небакраю. Вогнішча, якое ўзялося ад першай запалкі, узрадавала ўсіх, бо своечасова асвяці­ла сваё кола ў цемры. Нашы твары сталі яснымі і прыгожымі. Дзядзька Фэля дастаў з кішэні кісет са сваім, як ён казаў, “крэпачом”, вырашчаным на сотках тытунём, папяросную паперу, зрабіў самакрутку і з задавальненнем прыкурыў ад галінкі з вогнішча. Было бачна, што і хлопцы не супраць пакурыць, але ім ніхто не прапаноўваў, а самі папрасіць, відаць, саромеліся. Бляск, які на імгненне загарэўся ў іх вачах, патух. Прысунуліся бліжэй да агню. Нават Бутман, прынюхваючыся да дыму з пахам лесу і поля. Коні таксама падышлі бліжэй да светлага круга.

— Ну як, кавалерысты, прагаладаліся? — запытаў конюх і дастаў з сумкі закручаны ў чысцюткую хусцінку кавалак хлеба і скрылёчкі сала. — Далучайцеся!

Здаецца, няма нічога смачнейшага за смажанае на агні сала. Кропелькі тлушчу сцякаюць на падстаўленую лусту хлеба, і ён робіцца, як кажуць, “ат’еду няма”.

— Гэта ж трэба, — разважаў услых дзядзька. — Хрушчоў падпісаў кантракт на пастаўку ў Англію нашых жарабят! Цяпер раз у квартал у рыжскі порт прыплывае параход, у трумы якога загружаюць будучых коней, і плыве з імі на свой востраў.

— Я пра гэта таксама чуў, — пацвердзіў Пётрачка. — Мой старэйшы брат, які працуе ў Мурманскім параходстве, тое ж гаварыў.

— Зусім звядуць, зусім, — цяжка ўздыхнуў дзядзька Фэля і прапанаваў: — Давайце пойдзем да коней, бо ваўкі могуць падцікавацца да гурта і ўкрасці жарабя.

Адыходзіць ад цяпла і святла не хацелася, але ж трэба. І мы пайшлі да гурта.

У небе плыў месячык, абганяючы лёгкія аблокі. Мы ідзём — і ён брыдзе, мы спыніліся — і ён стаў як укапаны. Нарэшце вузенькі ражок паволі схаваўся за вяршынямі Гадуценскай дачы.

Адзін конь узняў галаву і ўважліва пазіраў у наш бок, стрыгучы сваімі чуйнымі вушамі.

— Бач, ён пазнаў цябе, — сказаў дзядзька.

— Журка, Журка, — ціха пазваў я каня. — Ты што, пазнаў мяне?

Быццам у адказ, конь падаўся да мяне, за якога паўметра спыніўся і пацешна выцягнуў галаву, нібы хацеў абнюхаць. Я пагладзіў яго.

— А ты пачастуй, — сказаў дзядзька.

Дастаў з торбы лусту хлеба і аддаў Журку. А ён апусціўся перада мной на калені, быццам запрашаў: “Садзіся, пракачу!” Я абхапіў яго за шыю, і мы зрабілі вакол гурта некалькі кругоў. Так, як станавіўся на калені конь, я бачыў (значна пазней) толькі ў Гомельскім цырку, а тады… Вось што робіць сяброўства жывёлы з чалавекам!

Журка трапіў да нас маленькім жарабяткам. За нейкія паслугі ім разлічыўся з татам гаспадар з Літвы (грошай у вяскоўцаў тады не было, вось і квіталіся, хто чым мог). А Журкам яго назвалі за шэрую масць і, як у жорава, доўгую шыю. Спачатку ён нават слаба стаяў на нагах. Паілі яго малаком з соскі, пасля давалі хлеб, а потым і сакавітую траву. Ён паступова прывыкаў да нас і неўзабаве падужэў. Калі падрос і асмялеў, хадзіў разам з татам у кузню. Пакуль тата працаваў, ён стаяў ці ляжаў у цяньку за кузняй. Калі частавалі прысмакамі, не адмаўляўся, торкаўся сваімі цёплымі вуснамі ў твар таму, хто частаваў. Не сябраваў чамусьці толькі з нашай каровай…

— Ну што, хлопцы-дзяўчаты, змерзлі? — запытаў дзядзька. — Тады гайда хутчэй грэцца!

Мы паселі кругам вакол вогнішча, падкінулі галля, і яно весела зайграла мноствам языкоў полымя. Раптам дзядзька заспяваў. Яго зычны голас распавядаў наваколлю пра дзяўчыну, якая выпраўляла каханага на вайну, заплятала ў грыву каня кветкі і малілася, каб вярнуўся жывым. Гэта была польская, напэўна, страявая ваенная песня, але з кепскім канцом: юнак загінуў ад кулі. Як я дазнаўся ад мамы пазней, напэўна, дзядзька Фэля тады спяваў пра свайго старэйшага брата Франака, які загінуў пад Варшавай. А яшчэ маркоціўся, што не меў гармоніка  (з ім ён яшчэ многа чаго нам праспяваў бы).

Хутка ляцеў час.

— Ну, сядзіце тут, грэйцеся, а я пайду пагляджу, каб чаго не нарабілася, — прамовіў калгасны конюх і з цэнтралкай на плячы растварыўся ў перадранішняй цемры. За ім пабег і Бутман. Нечакана для ўсіх раздаўся яго брэх. Штосьці здарылася? На каго сабака брэша? Можа, ваўкі блізка? Мы прысунуліся бліжэй адно да аднаго. Маленькі і танюсенькі, як падкоўка, месячык плыў па небе. Аблокі станавіліся падобныя на нейкія казачныя вобразы, а потым расталі на вачах.

— Гляньце, вунь Баба Яга ў ступе! — моцна гукнуў Метак і паказаў пальцам на неба, дзе і сапраўды з’явілася падобная выява. Так ён страшыў мяне, самага малодшага.

— Хопіць пужаць малога! — заступілася Яся. — Лепш ідзі і прынясі дроў, калі нічога не баішся.

Да вогнішча падышоў дзядзька Фэля.

— Што здарылася? — хорам запыталіся мы. — Чаго так брахаў Бутман?

— Нічога страшнага, — пачулі мы ў адказ. — Пачуў непадалёк  гурта ваўка. І я бачыў яго вочы — злыя агеньчыкі. Напэўна, гэта быў галодны стары воўк, але ён не асмеліўся падысці бліжэй.

У паветры стала адчувацца прыемная свежасць раніцы.

— Разбірайце коней, і пае­дзем да ракі іх паіць, — закамандаваў дзядзька.

Коні ведалі, куды іх павядуць, таму падганяць не было патрэбы. Прыехалі хутка. І вось мы на беразе ракі ля сутокаў. Над вадой — туман. У гэтым месцы хмызняк адступіў ад берага, і коні разышліся па даволі вялікай паляне, зарослай лугавым разнатраўем: рамонкамі, ірысамі, гваздзікамі ды канюшынай.

У месцы, дзе рэкі зліваліся, у цесных берагах плынь выгіналася то ўлева, то ўправа, стаялі ракіты, якія і далі назву нашай вёсцы. Іх кроны закрывалі сонейка, што ўсходзіла. Коні заходзілі ў раку і падоўгу пілі. Жарабя з разгону ўскочыла ў раку, знікла пад вадой, але прыродны інстынкт падказаў, што трэба рабіць, і яно выплыла на бераг.

Пётрачка, Метак і Яся хадзілі ўздоўж берага па сцюдзёнай вадзе і старанна даследавалі рачное дно.

— Ёсць, ёсць! — раптам ускрыкнуў Пётрачка і, прыгнуўшыся, зняў з нагі невялікага шэранькага рака, які стараўся шчыпнуць свайго “ворага” клюшнямі.

Рак трапіў у Данусіну торбу. Метак і Яся таксама злавілі. Сталі раіцца, што з імі рабіць. Яся прапанавала аддаць іх мне, каб было што ўспомніць пра начное.

Паехалі дадому. Вёска         прачыналася. Дзе        нідзе, больш для парадку, ляніва пабрэхвалі сабакі. Рыкалі каровы, чакаючы сваіх гаспадынь. Скрыпелі калодзежныя асверы. Каля вулкі я спыніў каня, саскочыў, памахаў рукой дзядзьку і “кавалерыстам” і пабег дадому. На сваёй вуліцы прыпыніўся каля крыжа, зняў шапку, перахрысціўся і забег у свой панадворак. Каля ганка тата кляпаў касу.

— Тата, тата! Мы там і ракаў налавілі! — радасна паведаміў я.

— Добра, бяжы ў хату, там маці чакае з гарачымі блінамі.

Я ведаў, што ў мамы заўсёды вельмі смачныя бліны, бо пякліся яны з вальцаванай (памол, зроблены пры дапамозе вальцаў — аўт.) мукі. Сучасная моладзь не ведае, што гэта такое, а ў маім дзяцінстве зерне трэба было малоць самім. Тата нават зрабіў вятрак. Мука з яго жорнаў атрымлівалася бялюткая, вышэйшага гатунку.

Сеў за стол, глядзеў, як мама завіхаецца каля печы. Было так утульна, хораша, цёпла і добра. А бліноў ранкам так і не пакаштаваў, бо незнарок заснуў…

Леанід СЕМЯНАС, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.