У выхаванцаў Аляксандра Тарасевіча — “серабро”

Местная власть

Трэнер Аляксандр Аляксандравіч Тарасевіч з юнымі футбалістамі — сярэбранымі прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў.

З 14 па 18 верасня ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы па футболе “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Сярэбраным прызёрам стала каманда  сярэдняй узроставай групы “Паставы”.

Першынство ў гэтай групе (узрост удзельнікаў 11-12 гадоў) аспрэчвалі каманды: “Алімпік” (Мінск), “Днепр” (Жлобін, Гомельская вобласць), “Уні­кум” (Барысаў, Мінская вобласць), “Алімпія” (Асіповічы, Магілёўская вобласць), “Юнацтва” (Драгічын, Брэсцкая вобласць), “Прынёманскія ястрабы” ( Гродна), “Фартуна” (Мінск). Віцебшчыну прадстаўляла каманда “Паставы” — пераможца абласнога футбольнага турніру.

На першым этапе спаборніцтваў  гульні праходзілі ў дзвюх групах. Нашы футбалісты перамаглі равеснікаў  з Барысава (3:1) і з аднолькавым лікам 1:0 — каманду Жлобіна і ста­лічны “Алімпік”.  Перамога над апошнім, хаця і з мінімальнай перавагай, дала нашым юным футбалістам магчымасць выйсці ў фінал турніру. Тут яны сустрэліся  з камандай “Фартуна” з Мінска, якая з буйным лікам завяршыла  ўсе папярэднія гульні ў другой групе. У фінальнай сустрэчы мінчане таксама аказаліся наймацнейшымі і заслужана заваявалі  Кубак — галоўны прыз Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Не менш за пераможцаў радаваліся і нашы футбалісты, нягледзячы на адзінае паражэнне ў турніры. Яны ў чарговы раз даказалі, што на роўных здольныя змагацца з самымі моцнымі сапернікамі. Уладальнікамі вялікага і малых Кубкаў, а таксама сярэбраных медалёў і іншых узнагарод сталі Глеб Касенка, Кірыл Урбанайць, Мікіта Ерамееў, Максім Раманоўскі, Мікіта Пурлан, Аляксандр Жук, Кірыл Цыунель, Яўгеній Кабяк, Ілья Мацур, Віктар Мацур, Ілья Баранаў, Дзяніс Кухарскі, Ягор Пронька і Павел Гарнадуд. Спецыяльны прыз самага лепшага абаронцы турніру быў уручаны нашаму іграку Ільі Баранаву.

У рамках фіналу адбыліся спаборніцтвы па элементах тэхнікі футбола і фізічнай падрыхтоўцы. Са 110 удзель­нікаў нейлепшы вынік паказаў наш Віктар Мацур. Яго майстэрства і выносліваць адзначаны спецыяльным прызам і грашовым узнагароджаннем. Увогуле, арганізатары рэспубліканскіх спаборніцтваў “Скураны мяч” — а гэта  Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Беларускі  рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская федэрацыя футбола — паклапа­ціліся не толькі пра камандныя і асабістыя прызы і ўзнагароды для пераможцаў. Памятных  сувеніраў з сімволікай спаборніцтваў, дыпломаў і прызоў удастоены і ўсе астатнія юныя спартсмены.

Выступленне сваіх выхаванцаў высока ацаніў і трэнер  Аляксандр Аляксандравіч Тарасевіч. Ён адзначыў, што выхад у фінал, заваяванне сярэбраных медалёў на спаборніцтвах такога высокага ўзроўню стала найлепшым падарункам да дня нараджэння каманды, якая ўпершыню выйшла на футбольнае поле 23 верасня 2012 года. Сапраўды, чатыры гады назад пра такі поспех ніхто нават не марыў.

Для нашых рабят спаборніцтвы ў Слоніме запомняцца не толькі сваім вынікам, але і цікавай культурнай праграмай, новымі знаёмствамі. Яны яшчэ больш пераканаліся ў тым, што для таго каб перамагаць, трэба шмат і настойліва працаваць.

Тыкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.