Вопыту не пазычаць


Гэты здымак зроблены падчас жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. На ім настаўнікі Ярэўскай БШ Жанна Казіміраўна Абалевіч, Людміла Аляксандраўна Юрчанка, Марына Казіміраўна Трушына, Святлана Міфодзіеўна Ожаль і Алена Леанардаўна Лашук з дырэктарам Валянцінай Мікалаеўнай Гінько (у цэнтры). У журналісцкі фотааб’ектыў трапіла большая частка педкалектыву школы, у якім усяго 11 чалавек, з іх адзін працуе па сумяшчальніцтве. Амаль усе педагогі вопытныя, аддалі рабоце з дзецьмі ад 10 да 20 і больш гадоў. Самы вялікі стаж у В. М. Гінько, якая прыйшла выкладаць гісторыю ў Ярэўскую школу ў 1982 годзе, а з 1988-га з’яўляецца яе кіраўніком. Па словах Валянціны Мікалаеўны, калектыў дружны, з’яднаны, здольны выконваць пастаўленыя перад ім задачы, галоўная з якіх — даваць дзецям добрыя веды па прадметах. Штогод навучэнцы школы дэманструюць нядрэнныя вынікі на алімпіядах, паступаюць у гімназію.

Разам з тым значную ўвагу ў навучальнай установе надаюць працоўнаму і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў. Гэтаму садзейнічае вялікая дагледжаная прышкольная тэрыторыя з участкам з агароднінай і яблыневым садам, а таксама цесная сувязь з пагранічнікамі. Ёсць у школе і свае традыцыі. Штогод кожны выпускнік садзіць на памяць пра сябе яблыньку, дзякуючы чаму заклалі новы сад. А яшчэ на працягу 10 гадоў тут выпускаюць уласную газету “Мы” грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, якая два гады таму заняла прызавое месца на абласным конкурсе.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.