Хаця і на адпачынку

Общество

Па сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базе і колькасці працуючых раённае спажывецкае таварыства застаецца адным з найбуйнейшых калектываў раёна. За 75 гадоў  існавання ў яго падраздзяленнях была занята не адна тысяча работнікаў розных прафесій. Сёння ў горадзе і сельскай мясцовасці пражываюць 307 чалавек, якія ад нас пайшлі на заслужаны адпачынак. Усе яны за  шматгадовую добрасумленную працу заслугоўваюць шчырай падзякі і глыбокага прызнання.

Асобна хочацца сказаць пра ветэранаў, якія  ў пасляваенны перыяд  аднаўлялі гандаль і грамадскае харчаванне, развівалі прамысловасць, транспартную, будаў­нічую і нарыхтоўчую галіны — словам,  стваралі трывалую базу для абслугоўвання насельніцтва Пастаўшчыны. Сярод іх нямала было ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Фотаздымкі амаль сарака ветэранаў змешчаны на спецыяльным стэндзе ў музеі раённага спажывецкага таварыства. На вялікі жаль, большасці былых франтавікоў і партызан ужо няма ў жывых. Засталіся толькі два ветэраны вайны —  Мікалай Яўстаф’евіч Зубовіч і Ларыса Іосіфаўна Навуменка.

Работнікам спажывецкай кааперацыі старэйшага пакалення даводзілася працаваць у нялёгкіх умовах. Тым не менш гэта не было перашкодай для стварэння дружных калектываў, увасаблення на практыцы перадавых ідэй і сучасных тэхналогій, дасягнення высокіх вынікаў у гандлі, вытворчасці ўласнай прадукцыі, нарыхтоўчай дзейнасці. Умела згуртоўвалі людзей для дасягнення высокіх вынікаў Ганна Пятроўна Дунец, Галіна Аляксандраўна Дунаева, Ірына Ізыдораўна Кіёнак, Яўгеній Валянцінавіч Масцяніца. Нашы кадры заўсёды імкнуліся павышаць сваё майстэрства, прафесіяналізм і, як правіла, дасягалі гэтага. Званняў “Майстар-повар” былі ўдастоены Іна Іванаўна Новікава, Тамара Іванаўна Дзеўгуць, Ганарата Іосіфаўна Бут, а былая майстар хлебазавода Вольга  Вікенцьеўна Івашка стала заслужаным работнікам прамысловасці БССР.

Сярод кааператараў самай распаўсюджанай з’яўляецца прафесія прадаўца прамысловых і харчовых тавараў. Для соцень жанчын яна з’яўлялася справай усяго жыцця. Пра гэта сведчыў не толькі акуратны знешні выгляд прадаўца, але і манера паводзін, высокая культура абслугоўвання пакупнікоў. Заўсёды ветлівымі, падрыхтаванымі выглядалі Вільгельміна Вільгельмаўна Лаўнікоўская, Глафіра Аляксандраўна Бабушкіна, Ніна Антонаўна Бародка, Леакадзія Юльянаўна Масцяніца, Аліна Дзянісаўна Мураўская і дзясяткі іншых радавых работнікаў прылаўка. Дарэчы, пра многіх з іх таксама расказваюць матэрыялы, сабраныя ў музеі.

Сёння каля 50 чалавек, якія заслужылі права на адпачынак, прадаўжаюць працаваць у нашай сістэме, перадаюць свае вопыт і веды маладым спецыялістам, работнікам масавых прафесій. Гэта дзякуючы ў тым ліку і ім раённае спажывецкае таварыства па-ранейшаму дабіваецца высокіх вынікаў у гаспадарчай дзейнасці, застаецца флагманам кааператыўнай садружнасці краіны.

Ад імя праўлення і прафсаюзнага камітэта хочацца падзякаваць усім ветэранам за вялікі ўклад, які яны ўнеслі ў станаўленне і ўмацаванне спажывецкай кааперацыі раёна, пажадаць моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і шчасця.

Л. КАСЦЮКОВА,

старшыня прафкамітэта райспажыўтаварыства.