“Я “захварэла” лесам у 35 гадоў”


Лілія Іосіфаўна Міхне­віч жыве на суседняй з маёй вуліцы — Чыгуначнай. З вясны, як толькі лес пачынае прывабліваць сваімі першымі дарамі, і ажно да маразоў перыядычна сустракаю яе на веласіпедзе, у рабочай экіпіроўцы, з вядром на рулі. З усіх маіх шмат­лікіх знаёмых яна першая адкрывае сезон і апошняя завяршае яго. А колькі ў мяне зайздрасці (сама — аматарка ле­су), калі, праходзячы міма дома Ліліі Іосіфаўны, бачу, як яна перабірае не адно, а два-тры, а то і болей вёдзер адборных баравічкоў ды падасінавікаў.

Напэўна, ваша захапленне лесам родам з дзяцінства? — пацікавілася аднойчы і пачула ў адказ зусім нечаканае:

— У дзяцінстве лес не любіла, бо кожны сезон бацькі прымушалі збіраць ягады на продаж, каб зарабіць для сям’і лішні рубель. Гэта стамляла і надакучала. А ўлёгшы ў збіранне ягад, грыбоў увогуле не заўважала і не мела ніякай цікавасці да іх.

Пералом наступіў ужо ў дарослыя гады, калі аднойчы стрыечны брат паклікаў Лілію ў балаёўскі лес у баравікі (“Людзі кашамі носяць, а ты сядзіш у горадзе!”).

— Баравікоў мы ў той раз не знайшлі, — успамінае. — Затое як уразілі падасінавікі, якіх стаялі цэлыя рады! Маладзенькія, на крэпкіх ножках, чырвонагаловыя. Вачэй не адвесці.

На багаты лясны ўра­джай пазней яна трапляла неаднойчы, але той, першы, ад якога і пайшло захапленне, урэзаўся ў памяць наймацней. Зараз Лілія Іосіфаўна — сапраўдная лесавічка. Па прафесіі яна настаўніца, і працяглы летні водпуск вельмі дарэчы ў яе захапленні. Але і падчас навучальнага года знаходзіць магчымасць выбрацца ў грыбы ці ягады — на веласіпедзе, аўтобусе або з братам Анатолем на машыне. Апошні варыянт — самы пажаданы, бо адну ношу можна загрузіць у машыну і ісці па чарговую. Неаднойчы здаралася і такое, што, адправіўшыся ў лес на веласіпедзе ці на аўтобусе, тэлефанавала брату: “Прыедзь, забяры, бо грыбоў набрала столькі, што не вынесці”.

Пахадзіць па лесе — не толькі задавальненне, але і фізічная нагрузка. Ведаючы, што ў Ліліі Іосіфаўны былі праблемы з сэрцам, пытаюся, ці не абцяжарвае яна сябе.

— А лес мяне лечыць,  — адказвае. — І сэрца, і душу. Забірае ўвесь негатыў і напаўняе энергіяй.

У прыродзе восень, і лес яшчэ радуе грыбамі. Не сумняваюся, што ў свой чарговы выхадны Лілія Іосі­фаўна зноў адправіцца на “ціхае паляванне” па сваіх ужо да драбніц знаёмых лясных сцежках.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота з сайта “Аднакласнікі”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.