З акцэнтам на атаку

Спорт

Тройчы вызначыўся ў гэтым матчы пастаўчанін Ігар Павініч (крайні справа).

“Паставы-ПМЦ” — ФК “Шаркаўшчына” — 6:2

У дадатак да кадравых праблем у гэтым матчы абедзве каманды выпрабоўвала яшчэ і спякотнае надвор’е. Асабліва значнай для гасцей стала страта з-за траўмы нагі іх лідара і капітана Сяргея Зянько, які летась тройчы прымусіў пастаўчан вымаць мяч з сеткі варот. Гаспадары вельмі хацелі парадаваць сваіх прыхільнікаў у заключным дамашнім паядынку сезона, што ў выніку і атрымалася. Пастаўчане ўсю сустрэчу правялі ў атацы, з першых хвілін пайшоў адкрыты футбол, і ўжо на 2-й хвіліне наша каманда адкрыла лік. У свабодную зону ўварваўся на хуткасці правы абаронца Вадзім Танана, крыху змясціўся ў цэнтр і моцна стрэліў у далёкі верхні вугал варот.

Націск ПМЦ яшчэ больш узмацніўся, і неўзабаве малады крайні паўабаронца Дзяніс Бубноўскі з другой спробы прыгожым ударам падвоіў лік. Акрыленыя пастаўчане пасля гэтага сталі поўнасцю дамінаваць на полі, разыгрываць прыгожыя камбінацыі, а на стадыёне гучалі апладысменты. Далей у складзе пастаўчан стаў саліраваць студэнт Полацкага дзяржуніверсітэта Ігар Павініч, які гуляў на пазіцыі апорнага паўабаронцы. Ён яшчэ падчас падрыхтоўкі ў футбольнай акадэміі ПМЦ выдзяляўся ўменнем апынуцца ў патрэбны момант у патрэбным месцы і трапна прабіць, што тройчы прыгожа прадэманстраваў у гэтай сустрэчы. Гаспадары яшчэ да перапынку правялі пяць мячоў у вароты гасцей, але, нягле­дзячы на гэта, сапернік змагаўся да канца.

У складзе гасцей толькі адзін футбаліст з райцэнтра, а астатнія хлопцы з аграгарадка Лужкі і заслужылі павагу, бо ў другім тайме перахапілі гульнявую ініцыятыву. У пастаўчан, да таго ж, сур’ёзную траўму пасля няўдалага падзення атрымаў рэзервіст Раман Пасевіч, і яго прама з поля павезлі на “хуткай” у бальніцу з падазрэннем на пералом рукі. Госці спачатку намаганнямі Сяргея Гушчанкі, а потым Юрыя Жынгеля пасля падачы вуглавога скарацілі розніцу ў ліку, але далей развіць поспех пастаўчане ім не далі. Канчатковую кропку ў матчы паставіў Яўген Ясюкевіч, які выбег без перашкод на вароты саперніка.

З добрым настроем па­кінулі поле гарадскога стадыёна пасля пераканаўчай перамогі Казаравец, Танана, Жарскі, Дубін, Амбразевіч, Мінгіновіч, Карага (к, Пучынскі), Я. Грантоўскі, І. Павініч, Бубноўскі (Пасевіч, Д. Павініч), Ясюкевіч. У нашай групе ў 11-м туры зноў змяніўся лідар, — на першы радок узняўся ФК “Міёры” пасля дамашняй перамогі з лікам 4:2 над палачанамі. Упарты паядынак каманд Шумі­ліна і Лепеля прынёс нічыйны вынік — 3:3. Пастаўчане, як і летась, выбылі з барацьбы за медалі, а два заключныя матчы абласнога першынства ім трэба згуляць на выездзе.

Уладзімір ШЫК.

Фота Валерыя АЛЯКСАНДРАВА.