З-за кадравых праблем

Спорт

ФК “Шуміліна” —“Паставы-ПМЦ” — 3:0 (тэхнічнае паражэнне)

У перадапошнім 13-м туры абласнога першынства ў нашай заходняй зоне выявіліся тры шчасліўчыкі, якія на наступным этапе прадоўжаць барацьбу за медалі ў шасцёрцы мацнейшых. Першымі парадаваліся гэтаму шумілінцы, якім пастаўчане паведамілі, што на гульню з імі не прыедуць з-за сур’ёзных кадравых праблем. У выніку гасцям было прысуджана тэхнічнае паражэнне, і на гэтым сезон для пастаўскіх футбалістаў закончыўся. Дарэчы, любы вынік для нашай самай маладой каманды ўжо не меў бы ніякага турнірнага значэння, бо яна датэрмінова ў чэмпіянаце вобласці заняла сёлета 11-е выніковае месца.

Галоўны трэнер пастаўчан В. М. Грантоўскі, падводзячы яго вынікі, адзначыў, што падапечныя выступілі ў сваю сілу. Як і летась, наша каманда была недаўкамплектавана, выступала практычна толькі з адным нападаючым Р. Мядзведзевым, які згуляў палову матчаў. Увогуле, ва ўсіх сустрэчах змагаліся на полі два ігракі — Я. Ясюкевіч і Я. Амбразевіч. Толькі ў двух паядынках пастаўчане згулялі ў аптымальным складзе і дома адолелі грозных лепяльчан, а міёрцы з цяжкасцю выратаваліся ад паражэння. У нашай камандзе шмат студэнтаў, і ў іх не заўсёды атрымлівалася прыехаць дамоў на важныя матчы. Аднак самае галоўнае, што многія пастаўчане гуляюць цяпер на больш высокім узроўні ў прафесійных клубах, а на падыходзе цэлая група таленавітых ігракоў 2000-2001 гадоў нараджэння.

У гэтым туры цэнтральным стаў матч у Глыбокім, дзе ў сярэдзіне першага тайма гаспадары, да радасці паўтысячы гледачоў, мелі перавагу над лепяльчанамі ў два мячы. Але глыбачане занадта рана супакоіліся, дазволілі гасцям лік зраўняць і потым вырваць валявую перамогу — 4:2. Услед за шумілінцамі ў наступны раўнд першынства выйшлі каманды Лепеля і Міёр. Дзве апошнія згулялі паміж сабой унічыю (0:0), вынік матча залічаны ў далейшай барацьбе, дзе пазмагаюцца каманды з улікам набраных лідарамі ачкоў у гульнях толькі паміж сабой.

Ва ўсходняй групе “Б” у фінальны раўнд датэрмінова прабіліся сенненскі “Камунальнік”, віцебскі “Газавік”, а ў апошнім туры да іх далучыўся гарадоцкі “Прамень”. Пакуль з 10 ачкамі наперадзе сенненцы, у ФК “Лепель” — 8 балаў, у віцябчан і шу­мілінцаў па 7 ачкоў. На рахунку ФК “Шуміліна” — 6 балаў, а ў міёрцаў на 2 ачкі менш. Чэмпіён вобласці вызначыцца напрыканцы кастрычніка, калі завершацца матчы шасці рашаючых фінальных тураў. А вось астатнія каманды ў турнірнай табліцы размясціліся так: 7 месца — “Полацкгаз”, 8-ае — “Барань” (Аршанскі раён), 9-ае — ФК “Глыбокае”, 10-ае — “Ніва” (Талачын), 11-ае — “Паставы- ПМЦ”, 12-ае — ФК “Бешанковічы”, 13-ае — “Днепр” (Дуброўна), 14-ае — ФК “Шаркаўшчына”.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.