Заслужыў прызнанне, павагу, любоў

Личности

Юбіляра віншуе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Васільевіч Чэпік.

У жыцці Мікалая Мікалаевіча Мацюшчанкі шмат было радасных і не вельмі падзей.  З апошніх самай хвалюючай і ўрачыстай ветэран працы  лічыць свой васьмідзясяты дзень нараджэння. З гэтай нагоды ў пачатку верасня юбіляра і блізкіх яму людзей запрасілі ў Курапольскі сельвыканкам. Тут і прайшло ўшаноўванне чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў сельскагаспадарчай вытворчасці, людзям і які і сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост, праяўляе актыўнасць і ініцыятыву, з’яўляецца старэйшынай аграгарадка, выбіраўся членам сельскага выканаўчага камітэта, чым можа, дапамагае вяскоўцам.

Юбіляра павіншаваў і ўручыў яму Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Васільевіч Чэпік. Ён прыгадаў, як, узначаліўшы мясцовую гаспадарку, звярнуўся  да былога галоўнага агранома Мікалая Мікалаевіча Мацюшчанкі (той быў ужо на заслужаным адпачынку) з просьбай дапамагчы правесці веснавую сяўбу. Той згадзіўся і затрымаўся  на тры гады, многаму навучыў маладога кіраўніка. С. В. Чэпік пажадаў ветэрану заставацца такім жа энергічным, аптымістычным, выказаў надзею, што яго жыццёвыя вопыт і мудрасць будуць запатрабаваныя яшчэ доўгі час.

Пра высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць М. М. Мацюшчанкі гаварыў былы старшыня калгаса “Прагрэс”, кавалер ордэна Леніна і іншых узнагарод Віталій Якаўлевіч Лапушынскі. Мікалай Мікалаевіч працаваў яго намеснікам, а затым працяглы час узначальваў агранамічную службу гаспадаркі. У той перыяд  курапольцы сла­віліся асабліва высокімі ўраджаямі зерневых, ільну, кармавых культур. “Прагрэс” неаднаразова выходзіў пераможцам рэспубліканскага і ўсесаюзнага спаборніцтваў. Вялікі асабісты ўклад у гэта ўносіў галоўны тэхнолаг палёў.

З памятнай датай юбіляра павіншавалі таксама cтаршыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка, старшыня сельскага Савета Мікалай Мікалаевіч Яльчык, дырэктар ААТ “Кураполле-агра”  Аляксандр Віктаравіч Пяткевіч, былыя калегі Генадзій Антонавіч Зямчонак, Вячаслаў Міхайлавіч Буча і многія іншыя. Падзякаваўшы за добрыя словы і ўвагу, Мікалай Мікалаевіч нагадаў таксама прозвішчы Бярнарда Бярнардавіча Турлы, Івана Мар’янавіча Валодзькі і многіх іншых, з кім давялося  працаваць. І не толькі ў Кураполлі.

У біяграфіі ветэрана ёсць яшчэ адзін вельмі важны перыяд. На працягу адзінаццаці гадоў ён узначальваў праўленне калгаса “Зара”, цэнтральнай сядзібай якога з’яўлялася вёска Белькі. Гаспадарка мела добрыя вынікі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. А перадавая даярка Ніна Мікалаеўна Андрэйчык у той час была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Падчас віншаванняў і за святочным сталом у адрас віноўніка ўрачыстасці прагучала шмат удзячных  слоў, бясконцымі былі ўспаміны. У гэты дзень побач з юбілярам знаходзіліся яго родныя і блізкія. Мікалай Мікалаевіч ганарыцца сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі, усёй раднёй. Засмучала, што сярод іх не было жонкі, маці і бабулі Алены Сямёнаўны, з якой  Мікалай Мікалаевіч пражыў разам паўстагоддзя і якая чатыры гады назад заўчасна пакінула гэты свет.

— Наш тата — самы лепшы, з’яўляецца прыкладам ва ўсім, — сказала дачка Святлана. — Прадстаўнікі трох пакаленняў ганарацца ім і жадаюць моцнага здароўя, бадзёрасці і актыўнасці.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.