Змагаліся ўпарта

Спорт

Момант узяцця варот лепяльчан пасля прыгожага ўдару Руслана Зелянкевіча.

ФК “Лепель” — “Паставы-ПМЦ” — 4:2

У няпростым выязным матчы ў Лепелі супраць фіналіста Кубка вобласці і сярэбранага прызёра мінулага першынства пастаўчане згулялі ў моцна абноўленым складзе. Абласная федэрацыя дазволіла нам дазаявіць шасцёра навічкоў. У абароне надзейна дзейнічалі трое выхаванцаў акадэміі ПМЦ з дубля наваполацкага “Нафтана”. Па іх ездзіў і прывёз на паядынак на ўласнай машыне пастаўчанін Мікалай Цітовіч. На працягу ўсяго фактычна кубкавага паядынку ішоў дождж, барацьба разгарэлася вельмі вострая, бо нават нічыя пазбавіла б лепяльчан шанцаў трапіць у рашаючы этап чэмпіянату вобласці.

У складзе саперніка выдзяляўся праслаўлены 42-гадовы майстар спорту Валерый Стрыпейкіс, які чатыры сезоны быў найлепшым бамбардзірам чэмпіянатаў Беларусі, 5 матчаў правёў за нацыянальную зборную. Ён і дапамог сваёй камандзе адкрыць лік на 30-й хвіліне, пасля пазіцыйнай памылкі гасцей. Пакуль пастаўчане апамяталіся, сапернік зноў вызначыўся, аднак наш капітан Руслан Зелянкевіч бліскучым далёкім ударам са штрафнога ў верхні вугал аднавіў інтрыгу. Контратакі гасцей сталі вельмі небяспечнымі. У адной з іх Аляксей Рапалаў выйшаў без перашкод на вароты саперніка.

На сустрэчных курсах з узаемнымі вострымі атакамі прайшоў другі тайм. Госці неўзабаве зноў прапусцілі мяч, але прадоўжылі змагацца да канца, хоць сапернікі гулялі жорстка, часта парушалі правілы і атрымалі 6 папярэджанняў. Лідар пастаўчан Р. Зелянкевіч удала прабіў штрафны ўдар, пасля чаго Яўген Ясюкевіч падабраў мяч і адправіў яго ў сетку — 3:2.

У вельмі нервовай канцоўцы, як і ў першым крузе ў Паставах, госці маглі адыграцца, але лепяльчанам пашанцавала больш, яны і атрымалі няпростую перамогу. Галоўны трэнер пастаўчан В. М. Грантоўскі падзякаваў за самаадданую гульню ў гэтым матчы Лубко, Голубеву, Цітовічу, Якаўлеву, Місніку (Філановічу), Мінгіновічу, І. Павінічу, Зелянкевічу (к), Ясюкевічу (Міхалевічу), Рапалаву (Хаткевічу), Мядзведзеву (Мухатгаліеву).

У гэтым туры лідар — ФК “Міёры” — на выездзе з буйным лікам 6:0 разграміў суседзяў з Шаркаўшчыны. У няпростым становішчы апынуліся глыбачане пасля пройгрышу з лікам 2:5 у Шуміліне. Ім цяпер трэба абавязкова перамагчы лепяльчан, каб прадоўжыць барацьбу за медалі. У пастаўчан застаўся заключны выезд на матч у Шуміліна. Наша каманда пры любым зыхо­дзе ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці сёлета паднялася на адзін радок вышэй у турнірнай табліцы і зойме 11-е выніковае месца.

Уладзімір ШЫК.

Фота Ігара АРХІПЕНКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.