“А ў сэрцы — усё жыццё”


У дзяцінстве Тамара па святах любіла бываць у бабулі: яна мела 9 братоў і сясцёр, якія і з’язджаліся ў яе дом. Ужо тады дзяўчынка марыла пра сваю сям’ю і пра тое, што народзіць не менш за трое дзетак. Замуж выйшла ў 22, і дзеці пасыпаліся як боб. Алёна, Жэня і Рыта — пагодкі. Здавалася б, мара збылася. Але лёсам было наканавана з’явіцца яшчэ траім: Сашу, Аксане, Карыне.

— Па-рознаму да маёй шматдзетнасці ставіліся і родныя, і вяскоўцы, — успамінала гутчанка Тамара Генадзьеўна Аліхвер. — Для нас з мужам кожнае дзіця было жаданым. Алёне ішоў васямнаццаты год, калі нарадзілася Карына. Вядома, прыходзілася нялёгка: першыя месяцы, першыя зубкі, першыя крокі. І час складаны — адзенне, прадукты ў дэфіцыце.

Надзейнымі спонсарамі былі бацькі, адчувальнай — падтрымка дзяржавы: рэгулярна выплачвалася дапамога на дзяцей, вы­дзяляліся па ніжэйшых цэнах 10 кілаграмаў мяса на месяц, алей, іншыя прадукты. Ды і самі Аліхверы не сядзелі склаўшы рукі: трымалі карову, свіней, авечак, курэй. Віктар Мікалаевіч працаваў на заво­дзе жалезабетонных вырабаў у Варапаеве. І Тамара Генадзьеўна ні адзін дэкрэтны водпуск не адбыла поўнасцю, надаралася магчымасць — выходзіла на работу на шклозавод “Гута”. Малых глядзеў дзядуля, а падраслі старэйшыя — яны за малодшых сталі адказныя. Нават на працягу навучальнага года адпускалі маці ў начныя змены на падпрацоўку. Алёна паступіла вучыцца, Жэня пайшоў служыць у армію, а маленькая Карына заставалася  з Рытай і Сашам. Яны і на школьныя вечары па чарзе бегалі, бо не было з кім пакінуць сястрычку.

— Вярнуся раніцай са змены, зайду ў пакой — і любуюся сваімі крывіначкамі, — расказвала Тамара Генадзьеўна. — Каму коўдру папраўлю, каму — падушку, ласкава пацалую — так шкада будзіць! А трэба ж у школу выпраўляць. Дзеці былі самастойнымі, адказнымі, любую работу ўмелі выконваць.

На канікулах, акрамя гаспадаркі і агародаў, дадатковым заняткам быў збор ягад. Не заўсёды дзецям хацелася ісці ў лес. Але ж за выручаныя грошы купляліся абновы. З дзяцінства дзеці Аліхвераў не прывыклі на некага разлічваць, шанавалі бацькоў. Напрыклад, Жэня праходзіў тэрміновую службу, і маці старалася сабраць крыху грошай, каб адправіць сыну. А той вяртаў перавод назад, бо разумеў, як няпроста вучыць Алёну, апранаць сясцёр-падлеткаў.

— Мы, як усе дзеці, і спрачаліся, і крыўдзіліся, — расказвала Рыта. — Але і пастаяць адно за аднаго маглі. Жэня будуе ў Віцебску дом: усё — сваімі рукамі, без крэдытаў. А які ў яго добры характар! За ўсіх хвалюецца. Ляжаў у шпіталі — нікому не прызнаўся, каб у мамы сэрца не балела.

Цяпер з Тамарай Генадзьеўнай і Віктарам Мікалевічам толькі дзесяцікласніца Карына. Старэйшыя дзеці абзавяліся сваімі сем’ямі, маюць уласнае жыллё. Алена — медыцынская сястра, жыве ў Оршы, Жэня і Саша выбралі службу па кантракце ў адной з воінскіх часцей Віцебска, Рыта — у Варапаеве, Аксана — у Юньках. У Аліхвераў сямёра ўнукаў, неўзабаве з’явіцца восьмы.

— Калі збіраемся разам — поўніцца гоманам, жартамі, смехам бацькоўскі дом, дапазна ярка свецяцца вокны, — расказвала Рыта. — Усплываюць у памяці светлыя моманты дзяцінства, надаюць упэўненасці ў тым, што мы шчаслівыя, бо выхоўвалі­ся ў такой вялікай дружнай сям’і. Бацькі прывучылі да працы, акуратнасці. У хаце заўсёды быў парадак, бо кожны за сабой стараўся прыбіраць. Мы адчувалі адказнасць за свае ўчынкі. Радасць знаходзілі ў дробязях. Можа, таму і самастойныя крокі рабіць прасцей.

— Кажуць: маці дзіця пад сэрцам носіць дзевяць месяцаў, а ў сэрцы — усё жыццё, — працягвала Тамара Генадзьеўна. — Калі было цяжка, думала: за што мне такія выпрабаванні? А ўрэшце зразумела: я шчаслівая, Бог мяне любіць. Дзеці не хварэлі, праблем вялікіх з імі не мела, выраслі годнымі людзьмі. Вядома, і цяпер за кожнага хвалююся, радуюся іх кожнаму тэлефоннаму званку. Пачую голас — і паспакайнее на душы. Мы з мужам на пенсіі, не трэба нікуды спяшацца, таму з нецярпеннем чакаем прыезду дзяцей і ўнукаў. Якое шчасце бачыць іх у сваім доме!

Гэта шчасце і дае Тамары Генадзьеўне сілы выглядаць прывабнай, сучаснай.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.