Адзначылі самых лепшых


Кіраўнік сельгаспрадпрыемства А. В. Пяткевіч (крайні справа) з узнагароджанымі на дажынках механізатарамі.

Сонечнай, светлай і цёплай выдалася мінулая субота на Курапольшчыне. Такімі  атрымаліся і дажынкі — свята, на якое ў сельскім Доме культуры сабраліся жыхары аграгарадка і навакольных населеных пунктаў, працаўнікі сельгаспрадпрыемства, госці, удзельнікі раённага конкурсу “Майстры вёскі”.

З першай хвіліны ўрачыстасці прысутных у зале захапіла са­лістка народнага гурта аўтэнтычнай песні Валянціна Скабейка з Андрон, а затым удзельнікі ансамбля “Фантазія” цэнтра культуры і народнай творчасці раёна. Яны выканалі рознажанравыя, але такія зразумелыя кожнаму песні пра жніўную пару, світанне, багацце і хараство роднай зямлі. А трымаецца яно на нястомнай працы людзей, такіх, як у адкрытым акцыянерным таварыстве “Кураполле-агра”.

Прывітаўшы ўдзельнікаў свята, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў адзначыў, што Курапольшчына традыцыйна славіцца добрымі ўраджаямі і надоямі малака, руплівымі механізатарамі і жывёлаводамі, работнікамі іншых участкаў сельскагаспадарчай вытворчасці і сацыяльнай сферы. На кожным з іх ёсць свае дасягненні. Вось і сёлета, атрымаўшы больш чым па 33 цэнтнеры зерня з гектара,  сельгаспрадпрыемства па ўраджайнасці выйшла на трэцяе месца ў раёне. Камбайнеры, вадзіцелі і механізатары працавалі ў складаных умовах, не лічачыся з часам. І цудоўна, што ў гаспадарцы знайшлі магчымасць сказаць людзям дзякуй, адзначыць самых лепшых.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Віктаравіч Пяткевіч не завастраў асаблівай увагі на лічбах, параўнаннях. Але менавіта яны сведчаць пра ўзровень гаспадарання, прафесіяналізм і майстэрства хлебаробаў. Усё гэта на Курапольшчыне ёсць. Сёлета тут намалацілі каля 4700 тон зерня і больш за 1000 тон рэалі­завалі ў лік дзяржзаказу. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі па 33 цэнтнеры кармавых ­адзінак, што намнога больш, чым у іншых гаспадарках раёна. Цяпер прымаюцца захады да таго, каб хутчэй завяршыць асеннія палявыя работы, закласці трывалую аснову ўраджаю наступнага года.

Гледачоў частуюць караваем.

А каб ён атрымаўся важкім, парадаваў вяскоўцаў, кіраўніку быў ­паднесены дажыначны сноп — сімвал калектыўнай працы мясцовых хлебаробаў. Для ўручэння грамат і падарункаў на сцэну запрашаліся лепшыя з лепшых. Іх працоўныя вынікі сапраўды ўражваюць. Амаль 10 тысяч тон сянажнай масы на КВК-800 нарыхтаваў Дзмі­трый Лысёнак. На 750 гектарах скасіў шматгадовыя травы Юрый Сівы. 550 тон сена і 2560 тон сенажу ва ўпакоўцы запрасаваў Аляксандр Яначкін. 934 тоны зерня і насення іншых культур намалаціў Анатолій Чарэнка. Выдатна зарэкамендаваў сябе выпускнік Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Максім Адынец. На сёлетнім жніве ён першым у раёне перавёз тысячу тон зерня.

А. В. Пяткевіч шчыра падзякаваў за асабістыя высокія дасягненні Мікалаю Адынцу, Мікалаю Ворсіну, Мар’яну Махрэцкаму, Сяргею Казуру, жывёлаводам Людміле Лялека, Вользе Мяцеліца і іншым вяскоўцам. Адчувалася, што такія ўвага і клопат кранулі людзей.

— Пачынаючы з вясны, і да позняй восені мы амаль пастаянна ў полі, — гаварыў механізатар Дзмітрый Лысёнак. — Затрымак не бывае, бо забяспечаны ўсім неабходным. Добрая і аплата працы. Напрыклад, на кормаўборачным камбайне можна зарабіць за дзень да мільёна неданамінаваных рублёў.

На дажынках у Кураполлі вяскоўцаў віталі песнямі, частавалі караваямі, працавалі гандаль і дзіцячая пляцоўка. Прадаўжэннем свята сталі конкурс “Майстры вёскі” і канцэрт духавога аркестра Смаргонскай пагранічнай групы.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.