Астраўкі радасці ў шэрасці будняў

Общество

Як добра, што ёсць нераўнадушныя чытачы! Вось і гэты адрас: вёска Балаі, вуліца Цэнтральная, 53, нам падказалі. Патэлефанавала старэйшына вёскі Марына Міхайлаўна Табола і папрасіла напісаць пра Вольгу Антонаўну Януш, якая з года ў год упрыгожвае свой двор кветкамі.

Але перш чым завітаць сюды, мы праехалі праз усю вёску. Карціна сумная. Некалі вялікія і прыгожыя Балаі зараз маркоцяцца пустымі хатамі, павыбіванымі вокнамі, галавешкамі згарэлых сядзіб. Але жыц­цё яшчэ цепліцца. Згінаюцца пад цяжарам пладоў галінкі яблынь, пасвяцца сытыя авечкі, голасна гагочуць гусі, перак­лікаюцца брэхам сабакі. І нават ферма дзейнічае, на ёй утрымліваецца дойны статак СВК “Андроны”.

На гэтай ферме вось ужо 25 гадоў працуе Вольга Антонаўна. Як мнагадзетная маці скарысталася льготай, прадастаўленай дзяржавай, і ў 50 гадоў аформілася на пенсію. Зараз жанчыне 56, але ферму пакідаць не збіраецца. “Толькі б яе не расфарміравалі, — бядуе. — Не пра сябе клапачуся, а пра маладзейшых, каб мелі працу”.

— А ці трымаеце жыўнасць? — пытаюся ў гаспадыні.

— А як жа! У нас дзве каровы, авечкі, свінні, качкі, куры. Раней і свінаматак мелі, але напалохалі чуткі пра чуму, таму вырашылі не рызыкаваць.

Усе дзеці Антонаўны, за выключэннем дзевяці­класніцы Крысціны, маюць свае сем’і, жывуць асобна. З уласнай гаспадаркай дапамагае спраўляцца грамадзянскі муж Канстанцін Іванавіч, які таксама працуе на ферме. Ну і да кветак іншы раз мае дачыненне. Скажам, летняй спёкай, калі толькі на адзін паліў усіх клумбаў трэба нацягаць са студні ажно 300 літраў вады.

Не ўсе балаёўцы раздзяляюць яе захапленне. Не разумеюць, навошта абцяжарваць кветкамі (ім жа догляд патрэбны!) і без таго клопатнае жыццё.

— А я ўспамінаю, як дзевяць гадоў таму пераехалі ў гэты дом, які купілі (да гэтага жылі ў калгасным, цяпер там засталася дачка з сям’ёй). Дык вось, перад домам была суцэльная пожня. Сын, прыязджаючы дадому, вясной і восенню разбіваў яе коламі трактара, заставаліся каляіны. Урэшце мне гэта надакучыла, і я вырашыла: быць не гразі, а кветкам. Зрабіла адну клумбу, потым другую, трэцюю…

З кожным годам іх усё прыбаўлялася, і зараз уся вялізная плошча перад домам — у кветках. Вольга Антонаўна шкадавала, што прыехалі мы да яе позна — самая прыгажосць адцвіла. А тут ёсць і лілеі, і півоні, ружы, рамонкі і многае-многае іншае. Ну, а зараз усю ўвагу прыцягваюць да сябе аксаміткі, якія сонечнымі астраўкамі палымнеюць па ўсім агародчыку.

— Кветкі люблю з дзяцінства, — гаварыла мая суразмоўца. — Я родам з Хардакова, што непадалёк Гуты. Наша лясная вёсачка нібыта з казкі. Ад яе прыгажосці і зараз замірае сэрца. Пазней жыла ў Вайцяхах, у 1991-ым пераехалі ў Балаі. Хочацца і тут ствараць прыгажосць, хоць гора і бед мне хапіла, а радасцю з самага малку жыццё не песціла.

Чалавекам сентыментальным Вольгу Антонаўну не назавеш. Зусім не да  сантыментаў ёй у суровай вясковай будзённасці — цяжкай фізічнай працы, клопатах пра дзяцей і ўнукаў, непрадказальных паваротах лёсу. Але калі мы размаўляем з ёй пра кветкі, заўважаю, як весялеюць вочы жанчыны, кранае яе твар усмешка, а загрубелыя рукі пястуюць коціка, які, карыстаючыся момантам, зграбна ўлёгся на каленях гаспадыні і, шчаслівы, соладка завёў сваё бясконцае “мур-р-р”. Вось яна, еднасць з прыродай.

— Нядаўна ўбачыла ў адным часопісе коніка, запрэжанага ў вазок. А ў ім — кветкі. Цяпер сплю і бачу такі вазок у сваім агародчыку, — прызналася мне гаспадыня. — Буду прасіць мужа і сына прыкласці руку. Альтанку ж зрабілі…

Значыць, з’явіцца і конік з вазком. Прыгожыя мары павінны збывацца.

Фаіна КАСАТКІНА.

 Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.