Быць настаўнікам няпроста

Образование

30 верасня, напярэдадні Дня настаўніка, у Пастаўскай гімназіі прайшоў дзень самакіравання. Святочная атмасфера, кветкі і ўсмешкі радуюць усіх! Адзінаццацікласнікі на адзін дзень мяняюцца месцамі са сваімі выкладчыкамі і бачаць школьнае жыццё з іншага боку. Сёлета гэту ролю давялося прымераць на сябе навучэнцам педагагічнага класа, што стала асабліва паказальным. Выконваючы функцыі настаўніка, завуча або дырэктара, кожны з іх адчуў цяжар адказнасці на сваіх плячах, пазнаў, як гэта, калі некалькі дзясяткаў вучняў уважліва глядзяць на цябе і слухаюць. У такія моманты важна не даць волі эмоцыям і не зрабіць памылкі. Пра ўражанні ад дня самакіравання я спытала ў адзінаццацікласнікаў, якія выступілі ў ролі настаўнікаў. Вось што яны расказалі.

Дзмітрый РАДУЛЕВІЧ (дублёр дырэктара гімназіі):

— Быць дырэктарам не так проста, як можа паказацца на першы погляд. Мне давялося вырашаць нямала арганізацыйных пытанняў па правядзенні ўрокаў і святочнага канцэрта да Дня настаўніка. Што датычыць “калег”, яны справіліся са сваёй задачай на належным узроўні, усе настаўнікі-дублёры з разуменнем адносіліся да кожнай маёй просьбы і загаду. З вучнямі таксама не было праблем. Непаслухмяным зрабілі заўвагі або папярэ­джанні, на якія яны адразу ж адрэагавалі. У цэлым, магу сказаць, што прафесія педагога вельмі важная і нялёгкая. А без добрага кіраўніка, якога будуць слухацца і паважаць, наўрад ці атрымаецца пра­вільна арганізаваць вучэбны працэс.

Юлія КАЗЛОВА (дублёр настаўніка англійскай мовы):

— Весці ўрок — займальна і павучальна: адразу адчуваеш, якая адказная праца — быць педагогам. Пачынаеш па-іншаму ўспрымаць гэту прафесію. Пасля дня самакіравання ў мяне з’явілася яшчэ большае жаданне вучыцца, лепш ставіцца да нашых настаўнікаў.

Аляксандр ШЭРШАНЬ (дублёр настаўніка нямецкай мовы):

— Працаваць з дзецьмі — адно задавальненне. Падчас урока паспяваеш не толькі растлумачыць асноўны матэрыял, але і выслухаць некалькі цікавых меркаванняў вучняў, паразважаць з імі на да­дзеную тэму. Што можа быць лепш, чым бачыць актыўнасць школьнікаў і разумець, што ты змог зацікавіць іх сваім прадметам?!

Святлана ЧЫЖЭВІЧ (дублёр настаў­ніка рускай мовы і літаратуры):

— Пабыўшы ў ролі настаўніка, я зразумела, што гэта прафесія надзвычай складаная і творчая, патрабуе вялікага цярпення. Тым не менш весці ўрокі мне вельмі спадабалася. Дзеці ў гімназіі вучацца цудоўныя, з дысцыплінай ніякіх праблем не ўзнікала, хоць я чакала ўбачыць несур’ёзна настроеных вучняў. Прызнацца, было крыху страшна прыйсці ў клас у якасці педагога, таму што не ведала, як аднясуцца да мяне дзеці. А ў выніку атрымала шмат станоўчых эмоцый. Хачу сказаць дзякуй усім: адміністрацыі, настаўнікам, аднакласнікам і добрым вучням.

Карына ТАМІЛІНА (дублёр настаў­ніка беларускай мовы і літаратуры):

— Мне выпала ўнікальная магчымасць пабыць настаўнікам беларускай мовы і класным кіраўніком 9 класа. Урокі прайшлі весела і цікава: я слухала паведамленні вучняў, разам мы правяралі хатняе заданне, вывучалі новую тэму. Быць настаўнікам няпроста: да кожнага вучня трэба мець падыход. Спадзяюся, у мяне атрымалася яго знайсці. І калі яшчэ раз выпадзе такая магчымасць, з задавальненнем паўтару сваю ролю.

У той час як будучыя выпускнікі педагагічнага класа на сабе выпрабоўвалі, наколькі цяжкая і важная праца настаўніка, сапраўдныя педагогі збоку назіралі за вучэбным працэсам. Вынікі дня былі падведзены на педсавеце, дзе дублёры дзяліліся ўражаннямі аб праведзеных уроках, абмяркоўвалі моманты дысцыпліны, а таксама арганізацыйныя пытанні. Завяршыўся дзень самакіравання традыцыйна святочным канцэртам, які падрыхтавалі гімназісты.

Анастасія КУТАЛЁВА,

вучаніца 11 класа гімназіі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.