“Для тых, хто не лічыць свае гады”

Общество

Так называлася свята, прымеркаванае да Дня пажылых людзей. 30 верасня яно ладзілася ў Лынтупах, на пляцоўцы перад будынкам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва. На яго сабралася шмат пасялкоўцаў. Прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў, яго намеснік Ю. М. Кісялёў, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Л. М. Шэцка, старшыня раённага савета ветэранаў Г. Ф. Літвіновіч, прадстаўнікі працоўных калектываў і спонсары.

Менавіта дзякуючы разуменню і падтрымцы кіраўніцтва раёна, лясгаса, ПМЦ, філіяла «Ілмакс», ГА «Белая Русь», а таксама Р. У. Пецюлевіча, У. І. Курыла, К. І. Раткоўскага, Ю. Ч. Масцяніца, Ф. М. Савіч, Л. М. Міхайлавай, І. Г. Паўкштэла і іншых у пакоях аддзялення зроблены рамонт, набыта неабходнае абсталяванне.

— Перад пачаткам свята мы агледзелі памяшканне, якое непазнавальна змянілася, — гаварыў В. С. Гутараў. — Яно неабходна людзям. Ёсць дзе сабрацца, ўспомніць маладосць і пагаварыць пра дзень сённяшні, пажартаваць, паспяваць. Мы ў неаплатным даўгу перад ветэранамі, якія адстойвалі мір на нашай зямлі, аднаўлялі разбураны вайной народнагаспадарчы комплекс, стваралі базу для далейшага развіцця краіны. Кіраўніцтва дзяржавы і раёна імкнецца рабіць усё для таго, каб старасць была забяспечанай, спакойнай. І адкрыццё гэтага ад­дзялення — таму сведчанне. Райвыканкам робіць вам падарунак — масажнае крэсла. Папраўляйце сваё здароўе, цікава баўце час.

Л. М. Шэцка, Ю. М. Кісялёў, В. С. Гутараў і Д. І. Пякарская.

Работнікі аддзялення ўмеюць прывабіць людзей на свае мерапрыемствы, многія актыўна ў іх удзельнічаюць. Не стала выключэннем і гэта свята. Вядучая Алена Валасевіч (яна ж аўтар сцэнарыя) не абмінула ўвагай тых, хто шмат гадоў адпрацаваў у розных сферах дзейнасці. На ганаровае месца выходзілі настаўнікі, медыкі, ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці, тыя, хто прысвяціў сваё жыццё працы на мясцовым спіртзаво­дзе, работнікі сацыяльнай службы, культуры, гандлю, бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання, сувязі, метэастанцыі, лясніцтва, чыгункі і іншых сфер. Асаблі­ва цёплыя словы адрасавала вядучая доўгажыхарам пасёлка: Эвяліне Канстанцінаўне Масцяніца, Гелене Вітольдаўне Паўкштэла, Алене Іванаўне Урбановіч, Вераніцы Францаўне Яраш, Валянціне Іванаўне Рыбцовай. Сімвалічныя падарункі атрымалі і пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання, каму здароўе дазволіла прыбыць на цэнтральную плошчу.

— Наш пасёлак — гэта наш дом, — гаварыла Алена Валасевіч. — Многія тут нарадзіліся і рабілі ўсё для таго, каб на малой радзіме панавалі парадак і дабрабыт. Важкія справы В. У. Кузьміч, Л. Б. Квяткоўскага, М. У. Агеенкі, Я. А. Макаранкі, В. К. Якімовіча, І. І. Койра і многіх іншых кіраўнікоў устаноў і арганізацый помняцца і сёння. Дзякуй вам, шаноўныя, за тое, што зрабілі для землякоў, за вопыт, мудрасць, актыўную жыццёвую пазіцыю.

Група ветэранаў Лынтупскага спіртзавода.

Пажылыя людзі, якія прыйшлі на свята, былі сапраўды актыўнымі. Нягледзячы на ўзрост, яны танцавалі, падпявалі артыстам. Ды і як можна было заставацца раўнадушным да ўсяго, што падрыхтавалі арганізатары мерапрыемства?! Краналі музычныя творы ў выкананні ўзорнага духавога аркестра дзяржаўнага каледжа пад кіраўніцтвам Леаніда Косава, песні Аляксея Конанава.

— І па восені жыцця хочацца сонца, — гаварыла былая настаўніца М. І. Пяткевіч, якая шчыра дзякавала загадчыцы аддзялення Алене Валасевіч і ўсім арганізатарам за свята. — Сёння над­вор’е паскупілася на яго, настрашыла дожджыкам. Для пажылых промнямі цяпла з’яўляюцца людзі, якія нас акружаюць. Яны грэюць сваімі клопатам і ўвагай. Добра, што ёсць такое аддзяленне: тут можна сустрэцца са знаёмымі і калегамі, змястоўна правесці час. І свята атрымалася душэўным.

М. І. Пяткевіч дзякуе Алене Валасевіч за свята.

— Калі адкрывалі аддзяленне, ставілі перад сабой задачу — зацікавіць людзей у яго наведванні, — гаварыла дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарская. — Пра тое, што з заданнем справіліся, можна меркаваць па мерапрыемствах, якія тут праводзяцца, і той актыўнасці, якую праяўляюць наведвальнікі. Работа накіравана на развіццё творчых здольнасцей ветэранаў, набыццё імі новых ведаў па ўмацаванні здароўя, сістэмным вывучэнні традыцый, гістарычнага мінулага, прыцягненне іх да народнага і класічнага мастацтва. А галоўнае — тыя, хто прыходзіць у аддзяленне, атрымліваюць упэўненасць, што і на пенсіі жыццё не спыняецца, і з энтузіязмам бяруцца за любую справу, якую ім прапануюць.

Актыў аддзялення — людзі самых розных прафесій. Гэта месца стала для іх другім домам, дзе саграваюцца сэрцы і раскрываюцца таленты. Сумесная падрыхтоўка мерапрыемстваў згуртавала ў дружны і надзейны калектыў. Дзясяткі актыўных наведвальнікаў аддзялення дзённага знахо­джання ў той дзень былі ўзнагароджаны граматамі і падзякамі ТЦСАН. Нямала намаганняў імі было прыкладзена і пры арганізацыі чарговага свята. Прыцягвала ўвагу выстава вырабаў і кампазіцый пад назвай “Дары прыроды”, прыгожа выглядалі касцюмы ўдзельнікаў, якія сімвалізавалі сабой восень. Пасля канцэртнай праграмы прысутных запрасілі пагрэцца гарачымі юшкай і чаем, пачаставацца прысмакамі. Людзі не адчувалі ўзросту, шчыра ўсміхаліся адно аднаму, абменьва­ліся ўражаннямі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.