«Душы заўсёды цёпла ад увагі»


З Нінай Віктараўнай Шусціцкай пазнаёміў загадчык Вярэнькаўскага фельчарска-акушэрскага пункта Святаслаў Ігаравіч Фамін. Гаспадыня цёпла сустрэла на парозе вялікага прасторнага дома, запрасіла ў пакоі. Ад жанчыны веяла нейкай асаблівай дабрынёй і шчырасцю. Радасцю засвяціліся вочы, калі пачала расказваць, як у 2008 годзе з мужам перабраліся з суседніх Шусціцкіх у Вярэнькі.

Пакідаць тое месца, дзе пражылі больш за пяцьдзясят гадоў, было, вядома ж, нялёгка. На той час у вёсцы Шусціцкія былі адзінымі жыхарамі. Дарога разбілася, рамантаваць яе не было сэнсу. Вясной і восенню з-за гразі ні прайсці ні праехаць. Зімой снегам замяце, і ніхто не чысціў. У Ніны Віктараўны пахіснулася здароўе, часта прыходзілася выклікаць хуткую дапамогу. Столькі цяжкасцей мелі з-за гэтага! І калі старшыня калгаса (тады імя Чапаева) Васілій Рыгоравіч Шырко прапанаваў дом у цэнтры, згадзіліся і не маглі нарадавацца паравым ацяпленнем, вялі­кімі пакоямі.

40 гадоў працы муж і жонка Шусціцкія аддалі мясцовай гаспадарцы. Часлаў Іванавіч быў спецыялістам у будаўніцтве, ніякай работы не цуралася  Ніна Віктараўна: рвала лён, стагавала салому, працавала і на ферме, і брыгадзірам.

— Як умела Віктараўна знаходзіць да людзей падыход! — успамінала адна знаёмая. — Часам каторая неахвотна ішла на работу, а яна пагутарыць — і зможа пераканаць, падбадзёрыць. Заўсёды з ласкай, усмешкай, жартуючы. Любілі яе не толькі вяскоўцы, але кожны, каму даводзілася мець з жанчынай зносіны.

— З павагай адносіцца да людзей наказвалі бацькі, — расказвала. — І да працы прывучылі. Нас, дзяцей, было чацвёра: тры сястры і брат. Я самая малодшая. Тата не вельмі радаваўся майму з’яўленню, бо хацеў яшчэ аднаго сына. І калі ў яго пыталіся, хто нарадзіўся, адказваў: “Сын Нінка”. Але любіў усіх аднолькава. Адна я засталася, усе ўжо адышлі ў іншы свет. Бог нам з Чэськам дзетак не даў. Так і жылі адно для аднаго. Паважалі, шанавалі, клапаціліся. Колькі я аперацый перанесла! І муж за мяне хваляваўся, на свае плечы браў увесь цяжар работ па хатняй гаспадарцы. Урэшце адпакутаваў —  была хвароба Паркінсона. У Вярэньках яго пахавала. Калі дазваляюць сілы, іду на магілку. 17 кастрычніка радня збярэцца на гадавіну.

Каб адагнаць сумныя думкі, Ніна Віктараўна знайшла сабе занятак — вырабляе розныя цацкі з падручнага матэрыялу. Галубкі, буслы, козлікі, певень, свінкі, вавёрка, кот, лебедзі, мядзведзь упрыгожваюць стол, сцены. Цюльпаны, сланечнікі «прапісаліся» ў агародчыку каля дома пляменніцы.

У маладосці за працай не мела часу ні на што. А выйшла на пенсію — таксама без справы не змагла. Пакуль былі карова, свінні, куры, імі займалася. Неаднойчы Н. В. Шусціцкая чула ад знаёмых: “Як ты, Ніна, без дзяцей бу­дзеш стараваць?” На яе думку, не горш, чым каму за дзецьмі. У 2012 годзе перанесла інфаркт. Загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Павел Ерамеевіч Лук’янаў, медыцынскія сёстры і санітарачкі гэтага аддзялення вярнулі да жыцця. Не забываюць радня, знаёмыя, з кім раней працавала.

— А пляменніца Галя даглядае мяне, як маці малую дачку, — расказвала з удзячнасцю. — Колькі разоў на дзень тэлефануе! Мінулай зімой, як у райскім садзе, жыла ў яе ў Паставах. І сёлета збіраюся. Мужавы пляменнікі з Мінска звоняць, праведваюць. Ды і дзяржава клапоціцца. Душы маёй заўсёды цёпла ад увагі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.