“Гарантуем высокую якасць”


З добрым настроем і праца спорыцца: (злева направа) Алена Дудка, Марына Курыловіч, Вольга Лавінецкая.

Маё знаёмства з вытворча-гандлёвым унітарным прадпрыемствам “Фрэшфудпак” пачалося з … магазіна. Як толькі восенню мінулага года па вуліцы Ленінскай у райцэнтры адкрылася яго фірменная гандлёвая кропка — “Мясная лаўка”, я стала штатнай пакупніцай — прываблівае якасць прадукцыі. А ўдзельнічаючы ў вераснёўскім пасяджэнні райвыканкама, на якім разглядалася пытанне развіцця прадпрымальніцтва на Пастаўшчыне, пачула з даклада намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Іванаўны Несцяронак пра высокія вытворчыя паказчыкі “Фрэшфудпака”, а з выступлення дырэктара гэтага прадпрыемства Валерыя Уладзіслававіча Лапушынскага — пра праблемы, вырашэнне якіх дазволіла б працаваць яшчэ больш эфектыўна.

І вось я на прадпрыемстве (яно размяшчаецца па вуліцы Гагарына ў Паставах). Першыя прыемныя ўражанні — ад самой тэрыторыі. Прасторная заасфальтаваная, з газонамі і мноствам клумбаў, якія ярка палымнеюць квітнеючымі аксаміткамі. Ідэальны парадак і на  вытворчасці, з якой мяне азнаёміў начальнік цэха С. Ф. Салдаценка.

— Цэх пачаў працаваць у 2014 годзе, — расказваў Сяргей Фёдаравіч. — У параўнанні з тым часам зараз аб’ёмы перапрацоўкі сыравіны ў два разы вышэйшыя — амаль тры тоны за змену. Устаноўлена ўдасканаленае нямецкае абсталяванне, асвойваць якое дапамагалі палякі, якія і цяпер пры патрэбе прыязджаюць. Напачатку былі праблемы з падборам кадраў — адных не задавальняла работа, другіх — графік, трэціх — яшчэ што-небудзь. У выніку засталіся тыя, хто хоча і ўмее працаваць.

Дарэчы, зарплата тут дастаткова высокая. Акрамя таго, усе работнікі цэха, а гэта 26 чалавек, забяспечваюцца бясплатнымі гарачымі абедамі з трох страў. У штаце ёсць повар. Абсталявана сталовая, закуплены халадзільнік і газавая пліта, завозяцца неабходныя прадукты. У штодзённым меню абавязкова прысутнічае мяса. Згадзіцеся, па цяперашніх цэнах такое не кожнай гаспадыні па кішэні. Графік работы звычайны: з 8.00 да 17.00. У цэху перапрацоўкі сыравіны ўстаноўлена найноўшае абсталяванне па ачыстцы паветра, а таксама хала­дзільныя агрэгаты, якія падтрымліваюць тэмпературу паветра не вышэй за плюс 8-10 градусаў. Такі ж агрэгат ёсць і ў цэху фасоўкі прадукцыі. Для рабочых набыта ўцепленая спецвопратка.

Рабочая цэха фасоўкі Жанна Клянцэвіч.

Гэта што да ўмоў работы. А зараз пра саму вытворчасць. Прадпрыемства спецыялізуецца на вырабе натуральных мясных паўфабрыкатаў са свініны і ялавічыны, а таксама каўбас у лепшых традыцыях беларускай кухні. Перапрацоўка мяса ажыццяўляецца па самых сучасных еўрапейскіх тэхналогіях. За мінулы год прадпрыемствам выраблена 385 тон прадукцыі, за першае паўгоддзе 2016-га — 245. Паступленні ў бюджэт раёна ад дзейнасці прадпрыемства за мінулы год склалі 3 млрд рублёў.

— Мы гарантуем высокую якасць прадукцыі, якую вырабляем, — каменціраваў Сяргей Фёдаравіч Салдаценка.  — Вельмі важна тое, што яна экалагічна чыстая, без усялякіх хімічных дабавак і кансервантаў. Выкарыстоўваем толькі натуральныя — соль, перац, часнок, кмен, белыя грыбы, каньяк.

Начальнік цэха перапрацоўкі Сяргей Фёдаравіч Салдаценка.

Пакупнікі ацанілі гэта — прадукцыя “Фрэшфудпака” актыўна раскупліваецца. Асноўным рэгіёнам рынку збыту з’яўляецца горад Мінск, дзе яна рэалізуецца больш чым у 100 гандлёвых кропках. Зараз вядзецца работа па адкрыцці ў сталіцы двух фірменных магазінаў. Мінулай восенню такі магазін адкрыты ў Паставах. Працуюць гандлёвыя кропкі на рынку “Гарызонт” і ў мікрараёне 6 гарадка, ажыццяўляецца выязны гандаль па Пастаўскім, Браслаўскім і Мя­дзельскім раёнах. Зарэгістравана гандлёвая марка “Yesці», пад якой рэалізуецца ўся прадукцыя.

Калі раней прадпрыемства толькі закуплівала сыравіну і перапрацоў­вала яе, то сёлета ў яго з’явілася ўласнае пагалоўе свіней (больш за 4 тысячы галоў), якое па збалансаваных і поўных рацыёнах вырошчваецца на арандаваных плошчах свінакомплексаў у розных абласцях краіны, у тым ліку і на дунілавіцкім, што ў нашым раёне, дае высокія прывагі.

У бліжэйшых планах “Фрэшфудпака” — расшырэнне вытворчасці, выпуск новай прадукцыі. Такім чынам, прыватны бізнес бачыць перспектыву, і гэта выдатна.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.