Гарбузы …з пазітывам


Чытач, напэўна, здзівіцца: дзе такія выраслі? Я і сама не ведала б, калі б не адна знаёмая пастаўчанка. “Нашы агароды побач, — расказвала пры сустрэчы. — Хочаш-не хочаш, а такімі веліканамі залюбуешся, яны быццам сонейкі. Прыязджайце — пераканаецеся”.

Словы заінтрыгавалі. І вось мы ў панадворку аднаго з дамоў па завулку імя Кірава. Гаспадыня Ірына Францаўна Галімская ўжо чакала. Я разлічвала на кароткую размову пра тэхналогію вырошчвання такіх “круглякоў”, а пачула цэлы аповед. Здаецца, разгарнула цікавую кнігу пра жыццё працавітых людзей, іх душэўнасць і шчырасць.

Ірына Францаўна нарадзілася ў вёсцы Лугі. Тут выйшла замуж, выхоўвалі з мужам дзяцей. Асобная тэма (і ёй можна было б прысвяціць газетную старонку), як працавала на ферме. Сваю работу жанчына вельмі любіла, ёй аддавала сябе спаўна. Ужо нягледзячы на зусім немалады ўзрост, закончыла сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымала спецыяльнасць заатэхніка. Была і асемянатарам, і загадчыцай фермы, працавала ў паляводстве, малаказборшчыцай, брыгадзірам.

І ўсё было добра, толькі перашкаджала адна нязручнасць: далекавата штодзень хадзіць у Сяргеевічы на працу. Таму сям’я ў 1976 годзе перабралася ў Андроны. Абжыліся, завялі немалую гаспадарку, мірам і згодай поў­нілася хата. Ды раптам пастукалася бяда — малодшая дачушка трапіла пад трактар. А яшчэ адно гора Ірына Францаўна перажыла раней — у 19-гадовым узросце памерла сястра. Хоць і кажуць, што час лечыць, ды такое наўрад ці забудзецца.

— Але трэба было жыць, — расказвала мая суразмоўца. — Выраслі сын і дачка, стварылі сем’і. Маю чатырох унукаў і пяць праўнукаў. І як узнагарода за ўсё перажытае — шчасце мне цяпер ад іх усіх. Нярэдка чую, маўляў, дрэнна жыць у дзяцей. А мне лепш не трэба. Мой Коля — залаты чалавек, у яго добрая душа. І нявестка Тамара такая ж, яна мне як дачка. Жывуць дружна, ладзяць з суседзямі. І мне пры іх як у раі. Радуюся і за дачку Леакадзію — яна з мужам жыве па вуліцы Юбілейнай у Паставах.

Ірына Францаўна дзесяць гадоў таму пераехала да сына. Але чыста гараджанкай так і не стала. Яно і зразумела: усё жыццё — у працы і сялянскіх клопатах. Не ўяўляе, як можна ся­дзець без справы, нічым не займацца. Андроны пакідала са шкадаваннем. Але ўжо і мама, і муж, і суседка, з якой так мірна пражылі трыццаць гадоў пад адным дахам праз сені, адышлі ў свет іншы. Дзеці спачатку прасілі, нарэшце настаялі на пераездзе.

— А я ўсё не адважвалася, — працягвала Ірына Францаўна. — Дык дзеці мне паабяцалі, што і жыць буду сама сабе гаспадыняй, і гаспадарку завяду. У сына ў двары домік стаіць, так званая “времяночка”, у якой пачыналі жыць самі. Цяпер я тут. Усё абнавілі, абсталявалі. Прыехала на гатовае. Я пры іх, і яны пры мне. Агарод вялікі, і ўсё тут — агародніна, кусты, яблыні, грушы. Што магу — прапалю. Трымаю козачак, сама і сена ім кашу. Ёсць куры, коцік і сабачка. Дзеці просяць збыць козачак, а я не зга­джаюся, бо яны мне ў радасць. А што па пашпарце 85-ы, дык гэта нічога. Калі ёсць здароўе, стараюся абавязкова паехаць у касцёл: ісці — баляць ногі, а на веласіпедзе лягчэй. Чытаю раёнку, перазвоньваюся з сяброўкамі…

Слухаць-не наслухацца. Падумалася: ходзім, некуды спяшаемся і не заўважаем часам, што літаральна побач — людская дабрыня, прыгажосць і шчырасць. Нарэшце задаю апошняе пытанне: дык хто ж чараваў над гарбузамі? Ірына Францаўна аднеквалася, маўляў, работу не дзелім, усе дружна стараемся. А потым прызналася: сын пачысціў сажалку, разраўняў і падрыхтаваў зямлю, пасадзіла сама, а за нявесткай усё астатняе. Ну як тут не сказаць, што “круглякі” ў дабрыні гадаваліся?!

Галіна ПІШЧ.

Фота Уладзіміра КАЛІБАТАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.