І ў радасць новыя кіламетры

Личности Местная власть

Генадзь Генадзьевіч Толсцікаў.

Не прыгадаю такога, каб у рэдакцыйных публікацыях да Дня аўтамабіліста калі-небудзь не называлася прозвішча вадзіцеля аўтатранспартнага прадпрыемства №17 Толсцікава. І кожны раз — толькі са станоўчага боку. Вось так ужо амаль чвэрць стагоддзя — гэту дату Генадзь Генадзьевіч адзначыць праз тры месяцы.

А мне здаецца, што зусім нядаўна сюды прыйшоў, — пачынае гаворку мой суразмоўца. — Адразу прапанавалі “газончык”. Тады такія невялікія машыны абслугоўвалі арганізацыі, у тым ліку пошту і раённае спажывецкае таварыства. А ў 96-ым работы не стала, бо арганізацыі пачалі абзаводзіцца ўласным транспартам. Мусіў перайсці ў матарысты, але вытрымаў толькі паўгода і стаў прасіць кіраўніцтва перавесці на машыну.

І яму далі старэнькі МАЗ. З вадзіцелем, які збіраўся на пенсію, здымалі патрэбныя запчасткі з машыны, што мелі намер спісваць, і так з дзвюх сабралі адну. Сеў — і ажно разгубіўся: руль вялізны і ўся машына такая непрыступная! Сам жа невысокага росту, дык яму нават своеасаблівы экзамен наладзілі, маўляў, ці зможа тры разы перавярнуць кола, калі раптам што ў дарозе здарыцца. Справіўся.

Але неўзабаве наступіў 1996-ы, калі беспрацоўе заяўляла пра сябе ўсё гучней. Прасядзеўшы без работы пэўны час, згадзіўся паехаць з адной віцебскай дарожнай арганізацыяй у Маскву на будаўніцтва кальцавой. Толькі і тут Генадзю Генадзьевічу давялося трымаць экзамен: дарога няблізкая, да таго ж у шматмільённым горадзе магло ўзнікнуць нямала нюансаў.  Вытрымаў, і працаваў з красавіка па кастрычнік. А калі вярнуўся ў Паставы, работы для яго машыны не было, яе мелі тыя, хто кіраваў транспартам з прычэпам. Здавалася, было адно выйсце — перавучвацца на новую прафесію.

— А навошта? — здзіўляецца майму меркаванню. — Я ж спецыяльна і паступаў у Пастаўскае прафтэхвучылішча, каб атрымаць прафесію шырокага профі­лю — магу працаваць і вадзіцелем, і трактарыстам, і слесарам. А ўвогуле, цяга да тэхнікі ў мяне, напэўна, ад нараджэння. Памятаю, жылі ў Забайкаллі. Бацька быў ваенным, служыў у аўтабаце. І калі на абед прыязджаў на машыне, я з задавальненнем руліў, пакуль ён еў. А, едучы побач з татам у машыне, адчуваў сябе на сёмым небе ад шчасця. У малодшых класах наведваў заняткі на станцыі юных тэхнікаў, дзе разам з іншымі дзецьмі збіраў машынкі. А колькі разоў рамантаваў свой першы веласіпед, хоць, можа, і не было ў гэтым патрэбы! Пазней меў мапеды, матацыклы. Так што вадзіцельскі стаж ого які!

З задавальненнем Генадзь Генадзьевіч расказваў пра сапраўдны працоўны стаж. Здаў на дадатковую катэгорыю і атрымаў МАЗ з прычэпам. Перавозіў грузы. Прыгадваў сітуацыі, калі трэба было прымаць рашэнне, а параіцца не меў з кім. Напрыклад, падчас работы ў Шаркаўшчынскім раёне здарылася паломка. Гэта цяпер мабільны ў кішэні, а тады пайшоў па вёсцы ў пошуках тэлефона, каб звязацца з прадпрыемствам і выклікаць “тэхнічку”. Сем гадоў таму атрымаў КамАЗ. Машына зручная, надзейная. Працаваў у Оршы, Астраўцы, апошнія два гады — у сталіцы. На пытанне, ці не надакучылі ўвесь час раз’езды, камандзіроўкі, адказаў:

— Для мяне дарогі — гэта жыццё, і мне ў радасць новыя кіламетры. Словамі цяжка перадаць, гэта трэба адчуць, перажыць самому. За рулём шчаслівы і спакойны. Едзеш — а за акном кабіны кожную хвіліну бачыш штосьці новае. Прыбыў на чарговы аб’ект, а перад вачыма лес ці голае поле. Чуеш ад дарожнікаў, што на ўчастку ў глыбіню трэба зняць шэсць метраў грунту, бо мясцовасць гарыстая. Здымаюць, а мы вывозім грунт у нізіннае месца. Або ля будучай дарогі высякаецца лес — мы карчы вывозім. Праходзяць тыдні, месяцы… Глянеш наперад — і ўжо добра ўяўляецца дарожнае палатно. Ахопліваюць азарт і гонар адначасова: вось ён, вынік тваёй працы. А як жа цікава першым праехаць па гатовай дарозе! Не шкадую, што так склалася мая працоўная біяграфія. І калі б зноў аказаўся перад выбарам, то паўтарыў бы ўсё спачатку: толькі вадзіцелем, і толькі ў нашым аўтатранспартным прадпрыемстве.

Галіна ПІШЧ.

Фота Веранікі Філановіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.