Каб больш каляровай была восень жыцця

Общество

 

Выстава дароў восені.

У той дзень надвор’е не радавала сонцам, а ў актавай зале аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якое размешчана па вуліцы Савецкай у райцэнтры, было светла, утульна і весела. Тыя, хто лічыць свой узрост залатым, сабраліся, каб адзначыць Дзень пажылых людзей. Да прысутных звярнулася старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Францаўна Літвіновіч.

Мінуў год, як аддзяленне адкрылася, а зроблена за гэты час нямала. Пастаяннымі наведвальнікамі сталі многія пастаўчане. Да іх паслуг — трэнажорная зала, музычнае абсталяванне, масажоры, відэапраектар і многае іншае, неабходнае для разнастайнага адпачынку. Тут ла­дзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да прафе­сійных, рэлігійных, народных свят. Цікава праходзяць творчыя сустрэчы з паэтамі, самадзейнымі калектывамі не толькі нашага, але і суседніх раёнаў.

У аддзяленні выступалі ўдзель­­нікі народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя”, хору ветэранаў, мастацкай самадзейнасці Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, цырка “Мара” з Шаркаўшчыны. У аматараў актыўнага адпачынку была магчымасць пабываць на экскурсіях у  Глыбокім, Міры, Нясвіжы.

Аксана Дробышава (у цэнтры) з наведвальнікамі гуртка «Гаспадынька» М. М. Міхасёнак і Л. Л. Латышонак.

Працуюць гурткі па інтарэсах, такія, як “Вышыўка стужкамі”, “Сувенір”, “Умелыя ручкі”, “Модульнае арыгамі”, “Інтэр’ерная лялька”, “Крыніца здароўя”, “Гаспадынька”, “Фіялка”, “Флэшка”, “Залаты ўзрост”. Работы гурткоўцаў можна было ўбачыць на выставе, якая працавала ў фае. Падчас канцэрта дэманстраваліся слайды, на якіх адлюстравана дзейнасць аддзялення, а затым і самі ўдзельнікі паказалі, на што здольныя.

Першымі на сцэну падня­ліся Яўгенія Аляксандраўна Чарняўская, Алена Пятроўна Конанава, Часлава Віктараўна Пяткевіч. Пад акампанемент Аляксея Конанава яны выканалі сольна і дуэтам некалькі песень і прыпевак. Зала падпявала, узнагароджвала гучнымі апладысментамі. Эстафету перанялі клубы “Гаспадынька” пад кіраўніцтвам Аксаны Дробышавай і “Вышыўка стужкамі” — Таццяны Сабецкай. Якія цудоўныя рэчы вырабляюцца тут на занятках!

Ушанаваныя юбіляры.

Светлая зайздрасць агарнула, калі пад вясёлую музыку ў залу ўвайшлі з палкамі для скандынаўскай хадзьбы ўдзельніцы гуртка “Крыніца здароўя” (кіраўнік Алена Купрэвіч). Гібкія, энергічныя, яны хутка рухаліся ў такт музыцы і не адчувалі гадоў, пазначаных у пашпарце.

Вядучая свята і аўтар сцэнарыя Алеся Гур’ева вершаванымі радкамі ўслаўляла лю­дзей, за плячыма якіх нямала вопыту, дзякавала ім за самаадданую працу, мудрасць, аптымізм. І паколькі Дзень пажылых людзей амаль супаў з прафесійным святам настаўнікаў, шмат шчырых слоў яна адрасавала тым, хто гадамі сеяў разумнае, добрае, вечнае, вучыў і выхоўваў. А самадзейныя артысты Аляксей Конанаў, Эла Панавас, Наталля Гутар дарылі прысутным музычныя нумары.

Загадчыца аддзялення Л. З. Фень (крайняя справа) з Н.Гутар, А. Конанавым, А. Гур’евай і Э. Панавас.

У аддзяленні прынята адзначаць юбілейныя дні нараджэння наведвальнікаў. На гэты раз віншаванні прымалі Венера Ула­дзіміраўна Адамовіч, Наталля Іванаўна Вагіна, Валянціна Сяргееўна Казура, Марына Ва­вілаўна Ніканава, Леангіна Мікітаўна Уфаркіна. У якасці падарункаў імяніннікі атрымалі вырабы ўдзельнікаў гурткоў “Модульнае арыгамі” і “Умелыя ручкі”, а прысутных пачаставалі ўласнай выпечкай.

— З пачатку адкрыцця аддзялення пастаяннымі яго наведвальнікамі сталі больш за 50 чалавек, — гаварыла загадчыца Ларыса Зянонаўна Фень. — Большасць прыходзяць час ад часу, калі самотна на душы, калі захочацца размяцца на трэнажорах, атрымаць палёгку ад масажу на спецыяльным крэсле, наведаць кабінет ароматэрапіі. Многія зацікавіліся камп’ютарам, рознымі рамёствамі.

— Першы раз у аддзяленне трапіла выпадкова, — гаварыла Ганна Сяргееўна Гуц. — Спадабалася, зацікавілася, стала наведваць рэгулярна. І вельмі задаволена. Тут працуюць прыветныя, адкрытыя лю­дзі, якія падбіраюць заняткі па інтарэсах, ахіна­юць увагай. Час прахо­дзіць хутка і цікава. Дзякуй раённай ула­дзе за са­дзейнічанне і дапамогу ад­дзяленню.

— Знаходжанне ў аддзяленні адцягвае ад праблем, не дазваляе прыслухоўвацца да хвароб, дапамагае ісці ў нагу з часам, — дадала Яўгенія Аляксандраўна Чарняўская. — Тут можна асвоіць камп’ютар, на трэнажорах падоўжыць фізічную актыўнасць. Работнікі аддзялення робяць усё для таго, каб больш каляровай была восень нашага жыцця, тут людзі знахо­дзяць паратунак ад адзіноты. Сваім знаёмым расказваю пра гэты астравок пазітыву, запрашаю сюды.

— Сёння адклала ўбок усе справы і прысвяціла дзень адпачынку, — гаварыла Любоў Міхайлаўна Морнева. — Раніцай пабывала на мерапрыемстве, якое ладзілася ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Там бясплатна можна было атрымаць кансультацыі ўрача, псіхолага, спецыяліста па пенсійных пытаннях. А якім цудоўным быў канцэрт! Пасля абеду прыехала ў аддзяленне. Малайцы ўсе, хто рыхтаваў свята.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота аўтара і Антона ЧАЛЕЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.