Калі жадаеце быць следчым


Нягледзячы на тое, што навучальны год у школах толькі пачаўся, для 11-класнікаў ён праляціць непрыкметна. Не паспеюць азірнуцца, як трэба будзе здаваць выпускныя іспыты і вызначацца з выбарам прафесіі. Многія гэта ўжо зрабілі. Але, думаю, нямала і тых, хто яшчэ не вырашыў, кім стаць. Менавіта апошнім, а дакладней юнакам ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, Пастаўскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь прапануе звязаць сваю будучыню з прафесіяй следчага — паступаць у Акадэмію МУС на следча-экспертны факультэт. Увесь перыяд навучання ў акадэміі — а ён складае 4 гады — вы будзеце знахо­дзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні і бясплатна атрымаеце вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Правазнаўства”, а пасля яе заканчэння зможаце разлічваць на першае працоўнае месца ў падраздзяленнях Следчага камітэта краіны.

Прафесія следчага — гэта цікавая і творчая работа, пастаянныя зносіны з людзьмі. Яна патрабуе шырокага кругагляду і ведаў ў многіх галінах, гарантуе высокую заработную плату, магчымасці забеспячэння службовым жыллём і атрымання льготных крэдытаў на набыццё і будаўніцтва ўласнага жылля, высакаякаснае медыцынскае абслугоўванне супрацоўнікаў камітэта і членаў іх сем’яў. Немалаважным плюсам з’яўляецца і тое, што пен­сійны ўзрост для следчых складае 48 гадоў, а не 63, як для большасці работнікаў у Беларусі.

Калі гэта інфармацыя вас зацікавіла і вы не маеце праблем са здароўем, звяртайцеся да 1 красавіка 2017 года ў Пастаўскі раённы аддзел Следчага камітэта па адрасе: вул. Чырвонаармейская, 145а, тэлефон 5-20-50. У выпадку паспяховага праходжання гутаркі мы дадзім вам даведку-рэкамендацыю для паступлення на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС і раскажам, якія яшчэ дакументы неабходна сабраць, каб стаць яе абітурыентам. А таксама рыхтуйцеся да цэнтралізаванага тэсціравання па грамадазнаўстве, рускай (беларускай) і замежнай мовах.

У. ФАМІН, начальнік

Пастаўскага раённага аддзела

Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.