Насіць форму, абараняць закон і справядлівасць, прыцягваючы да адказнасці вінаватых, — такое жаданне ў шаркаўчанкі Юліі Ляўшыцкай з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. У адрозненне ад сябровак-аднакласніц, якія хацелі быць урачамі, банкірамі, перакладчыкамі, яна марыла працаваць у органах унутраных спраў і ўпарта ішла да сваёй мэты. Пасля школы паступіла на юрыдычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, на старэйшых курсах якога зразумела: найбольш даспадобы работа следчага. А калі атрымала дыплом, прымяняць набытыя веды на практыцы вырашыла ў Пастаўскім раённым аддзеле Следчага камітэта.
Тут Юлія ўжо чатыры гады і паспела добра зарэкамендаваць сябе. У сваім выбары не расчаравалася, кажа, многае ў рабоце залежыць ад кіраўніцтва і калектыву. А ён дружны, з’яднаны — такі бывае не ўсюды, таму жадання кудысьці перавесціся няма. Калі пачынала працаваць, заўсёды магла разлічваць на дапамогу вопытных калег, якія ніколі і ні ў чым не адмаўлялі. Цяпер жа маладзейшыя супрацоўнікі аддзела часам раяцца з ёй.
Як і іншыя следчыя, Ю. Ляўшыцкая расследуе розныя катэгорыі спраў. Асноўную іх частку складаюць злачынствы супраць уласнасці: крадзяжы і грабяжы. Але нярэдка даводзіцца займацца і цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі.
— Напрыклад, сёлета былі тры такія справы, — расказвала яна. — І ўсе даволі няпростыя. Прыйшлося шмат папрацаваць, перш чым накіраваць іх у суд. За сваю практыку расследавала і забойства, не раз выязджала на суіцыды. Безумоўна, гэта цяжка псіхалагічна, але я ўжо прывыкла, навучылася спраўляцца з эмоцыямі.
Кожны месяц старшы лейтэнант юстыцыі Юлія Ляўшыцкая накіроўвае ў суд 3-4 крымінальныя справы — больш за іншых супрацоўнікаў аддзела, за што рэгулярна прэміруецца ўпраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці. Рабоце яна прысвячае практычна ўвесь свой час, пакуль не мае ўласнай сям’і, часта заседжваецца ў кабінеце да позняга вечара. І пастаянна адчувае цяжар адказнасці, бо разумее: ад яе прафесійных дзеянняў залежаць лёсы людзей.
— Калі не сабраць дастаткова доказаў, не знайсці і не апытаць усіх сведкаў і відавочцаў злачынства, не правесці своечасова неабходныя экспертызы, можна і невінаватага чалавека адправіць за краты, а вінаватага пакінуць на волі, — кажа Юлія.
А таму заўсёды ўважліва вывучае матэрыялы на ўзбуджэнне справы, вельмі акуратна ставіцца да кожнага дакумента і доказу. Нягледзячы на малады ўзрост і невялікі працоўны стаж, яна сапраўдны прафесіянал — кампетэнтны і мэтанакіраваны.
Алена ШАПАВАЛАВА.
Фота аўтара.