Каму раніцай не спалася, таму больш дасталася

Местная власть

Караваем са збожжа новага ўраджаю віталі на асеннім кірмашы галоўнага аграрыя Пастаўшчыны Сяргея Васільевіча Чэпіка.

Кожную нядзелю, пачынаючы з 18 верасня, на рынку райспажыўтаварыства ў Паставах ладзяцца асеннія сельскагаспадарчыя кірмашы. А ў мінулы выхадны адбыўся пашыраны святочны продаж прадукцыі розных вытворцаў.

Нягледзячы на тое, што напярэдадні ноччу прайшоў дождж і з самага ранку не вельмі лагодным выдалася надвор’е, гандлёвыя рады  выглядалі прыгожа, па-святочнаму аформленымі, сустракалі наведвальнікаў разнастайнымі прадуктамі харчавання, агароднінай і садавіной. Як і чакалася, шмат жадаючых было купіць бульбы і зерня, вырашчаных у сельгаспрадпрыемствах. Попыт на пшаніцу, ячмень і трыцікале, якія прадавалі ААТ “Кураполле-агра”, “Хаці­лы-агра”, “Навасёлкі-Лучай” і “Камайскі-агра”, быў вялікі, таму і разышлася збажына яшчэ да дзевяці гадзін рані­цы. Хто прачнуўся пазней, той застаўся і без бульбы сорту “ўладар”, якую сёлетняй восенню асабліва ўпадабалі гараджане. Праўда, пакупнікі не адмаўляліся і ад “рагнеды”, “куражу” і іншых гатункаў другога хлеба, які прадавалі ўсяго па 20 капеек за кілаграм. Такая цана была і на збожжа.

— Рэалізацыю бульбы пачалі яшчэ падчас яе ўборкі, — адзначыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Навасёлкі-Лучай” С. Г. Шапель. —  І цяпер штодзённа яе прадаём у мікрараёнах 5 і 6 гарадкоў, вуліцы Юбілейнай, у фірменным магазіне па вуліцы Станкевіча, а ў нядзелю — і на рынку райспажыўтаварыства. Пры пакупцы ад 100 кілаграмаў дастаўка бясплатная. Усяго рэалізавалі насельніцтву ўжо больш за 20 тон клубняў.

Пра тое, што пастаўчане будуць забяспечаны гароднінай, малочнай і мясной прадукцыяй уласнай вытворчасці, на адкрыцці кірмашу гаварыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Ва­сіль­евіч Чэпік. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, у гаспадарках прымаюцца ўсе захады па паспяховым завяршэнні сельскагаспадарчага года. Працягваюцца сяўба азімых, уборка кукурузы, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне.  С. В. Чэпік пажадаў гараджанам і вяскоўцам моцнага здароўя, працоўных набыткаў, удалых пакупак на кірмашы.

У гэты дзень сельгасвытворцы  — ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Камайскі-агра” і СП “Дунілавічы-агра” — у большых, чым звычайна, аб’ёмах прапаноўвалі мяса і прадукцыю з яго. Больш за паўтоны свежай рыбы прадалі “навінкаўцы”. Як заўсёды, карысталася попытам прадукцыя малочнага завода. З Камай у Хацілы і Лучай перасяліліся бычкі, якіх купілі руплівыя вяскоўцы.

На кірмашы пазнаёміўся  з хлопцамі-валанцёрамі з дзяржаўнага каледжа і СШ №4. Пад эгідай райкама БРСМ Аляксей Панавас, Дзмітрый Куцкевіч,   Андрэй Цярэнцьеў, Ілья Ціхан, Іван Казак і Дзяніс Мацюшонак аказвалі дапамогу пажылым людзям у пагрузцы і дастаўцы сельгаспрадукцыі да транспартных сродкаў, за што заслужылі шмат удзячных слоў.

— Сённяшні сельскагаспадарчы кірмаш з’яўляецца працягам папярэдніх, якія праводзяцца з сярэ­дзіны верасня, — расказвала першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства Ганна Мечыславаўна Сянько. —  Улічваючы яго маштабнасць і масавасць, у яшчэ большых аб’ёмах прадставілі прадукцыю  ўласнай вытворчасці. У дастатковай колькасці і па прымальных цэнах ёсць свежая  гародніна і фрукты, закладка якіх вядзецца на міжсезонны перыяд. Пастараліся работнікі грамадскага харчавання — бара “Папараць-кветка” і кафэ “Паазер’е”. На іх прылаўках і стэлажах вельмі шырокі выбар натуральнай прадукцыі са свініны, ялавічыны, птушкі і субпрадуктаў, а беляшы, чабурэкі і піражкі гатуюцца прама на вачах пакупнікоў. Вельмі вялікі асартымент рыбы, хлебабулачных, каўбасных, вэнджаных і іншых прадуктаў.

Упершыню наша вядомая майстар-кандытар Святлана Карандашова сёння праводзіць майстар-клас па вырабе цукровых кветак. Дарэчы, 5 кастрычніка ў складзе беларускай каманды разам з майстрам-поварам Галінай Зямчонак яна накіроў­ваецца ў Германію — на міжнародны конкурс кулінарнага і кандытарскага майстэрства. Вось такія высокакваліфікаваныя спецыялісты працуюць у нашай сістэме і абслугоўваюць пастаўчан і гасцей горада. Увогуле, пастараліся ўсе работнікі спажывецкай кааперацыі, каб на любы густ задаволіць попыт пакупнікоў.

Творча падышлі да арганізацыі тэатралізаванага  прадстаўлення і супрацоўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. Дзякуючы ім ажылі многія жартоўныя кірмашовыя дзеі і народныя гульні. На імправізаванай сцэне і пляцоўцы перад ёй выступілі Ляхаўшчынскія пявунні, удзель­нікі дзіцячай эстраднай студыі “Славія”,  тэатра песні “Вясковы экстрым” Камайскага СДК, “цыганскі ансамбль” Гуцкага цэнтра культуры, салісты Варапаеўскага ГПДК і Навасёлкаўскага цэнтра культуры. Дбайнымі гаспадынямі і таленавітымі самадзейнымі спявачкамі паказалі сябе жынчыны клуба “Сельчанка” з Парыжа. Цікавую праграму падрыхтавала аматарскае аб’яднанне “Памяць Сікоры” з г. п. Варапаева. Свае разнастайныя вырабы прадставілі майстры Дома рамёстваў “Стары млын”.

Словам, на рынку віравала сапраўднае кірмашовае жыццё. І  нават калі не ўсе вярталіся дадому з пакупкамі, то з вясёлым прыўзнятым настроем — абавязкова.  А яшчэ з надзеяй, што ў наступны раз сельгасвытворцы прывязуць яшчэ больш прадукцыі палёў —  столькі, каб хапіла ўсім.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.