Канструктыўна, змястоўна, цікава

Экономика

У раёне дзейнічаюць 93 прафсаюзныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць у сваіх радах больш за 11 тысяч чалавек. На мінулым тыдні па ініцыятыве старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкай была арганізавана сустрэча прафсаюзнага актыву горада са старшынёй раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутаравым і яго намеснікам Ю. М. Кісялёвым.

На пачатку размовы старшыня райвыканкама азнаёміў прысутных са станам спраў у розных галінах дзейнасці нашага раёна.  «Не ўсё залежыць ад мясцовага кіраўніцтва. Эканоміка Беларусі, у тым ліку і нашага раёна, завязана на ўзаемаадносінах з іншымі краінамі. Калі там праблемы, тады ёсць і ў нас на асобных прадпрыемствах. Некаторыя з іх вырашаюцца на месцы, іншыя патрабуюць больш дэталёвага разгляду, бяруцца на кантроль», — сказаў Віктар Сяргеевіч.

У прыватнасці, прыйшлося закрыць завод жалезабетонных вырабаў. Але знайшоўся інвестар, які гатовы аднавіць работу. Згодна з новым заканадаўствам, 1 студзеня 2017 года заканчваюцца льготы для прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у свабодную эканамічную зону. Да такіх належыць завод “Беліт”. Тут створаны новыя рабочыя месцы, людзі атрымліваюць нядрэнную заработную плату. Але з новага года ўсё можа змяніцца не ў лепшы бок. Да ўладкавання сітуацыі падключаны першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васілій Станіслававіч Мацюшэўскі, які нядаўна з рабочай паездкай пабываў у нашым раёне.

Радуюць вынікі дзейнасці малочнага завода. Ён увайшоў у дзясятку самых прыбытковых прадпрыемстваў краіны. Прадукцыя “Паставы-гарадок” карыстаецца вялікім попытам як ў Беларусі, так і ў Расіі. Старшыня райвыканкама парэкамендаваў і іншым прадпрыемствам шукаць партнёраў і рынкі збыту ў далёкім і блізкім замежжы, так, як гэта робяць у Пастаўскім мэблевым цэнтры. У бліжэйшы час тут пачне работу новы цэх, дзе будуць выпускаць паркетную дошку.

Паставы падчас Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” наведалі паслы Германіі і Літвы. Неўзабаве ў наш горад прыедзе пасол Латвіі. Наладжваюцца сувязі, у якіх зацікаўлены абодва бакі.

Хапае складанасцей у сельскай гаспадарцы. Землі некаторых адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія не ў сілах самі іх апрацоўваць, перададзены іншым, пераведзены і работнікі. У будучым раён не абміне аптымізацыя школ. Так дыктуе жыццё. А ў мікрараёне шостага гарадка запланаваны ўзвядзенне дзіцячага садка і пашырэнне жылога сектара, як індывідуальнымі забудовамі, так і шматпавярхоўкамі.

Пастаўшчына багатая гістарычнымі помнікамі, прыгожымі мясцінамі, што прыцягвае турыстаў. “У плане развіцця турызму трэба працаваць яшчэ больш актыўна, — працягваў старшыня райвыканкама. — Нядаўна пачаў дзейнічаць “вяровачны гарадок” у Азёрках. Сіламі работнікаў аддзелаў райвыканкама, розных арганізацый і ўстаноў тут праве­дзена вялікая работа па ачыстцы і добраўпарадкавані тэрыторыі. У бліжэйшы час будуць пабудаваны скаладром, паласа перашкод. Каб арганізаваць карысны адпачынак, трэба адкрыць кафэ, паклапаціцца пра іншую інфраструктуру. Капітальнага рамонту патрабуе гарадская гасцініца, каб людзі, якія наведваюць наш горад, маглі на месцы добра адпачыць, а не ехаць на начлег, напрыклад, у Нарач, дзе ўмовы больш камфортныя”.

Кіраўнік раённай вертыкалі заклікаў асаблівую ўвагу ўдзяляць дысцыпліне на рабочых месцах, тэхніцы бяспекі, барацьбе з п’янствам, часцей сустракацца з людзьмі, умець выслухаць, падтрымаць, а таксама працаваць у цесным кантакце з кіраўніцтвам калектываў.

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў падкрэсліў, што ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне, актыўны ўдзел прымаюць і прафсаюзы. Ён падзякаваў за граматную, зладжаную работу падчас такой важнай палітычнай кампаніі, як парламенцкія выбары ў краіне.

Затым некаторыя старшыні прафкамі­тэтаў задалі кіраўніку раёна пытанні. На некаторыя ён адказаў адразу, з іншымі паабяцаў разабрацца ў бліжэйшы час. Увогуле раённая ўлада ў курсе ўсіх узнятых праблем, па меры магчымасці стараецца іх вырашаць. Іншая справа, што часам няма такіх магчымасцей. В. С. Гутараў ускладвае вялікія надзеі на тых, хто зацікаўлены ў развіцці прыватнага бізнесу, і замежных інвестараў.

— Сустрэча са старшынёй райвыканкама  прайшла з карысцю, — гаварыла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая. — Падчас яе з’явілася магчымасць падзяліцца набалелым, выказаць свае заўвагі, прапановы, пажаданні. Размова атрымалася змястоўнай, цікавай і канструктыўнай, прысутныя пачулі кампетэнтныя адказы на пастаўленыя пытанні.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.