Любім, цэнім, даражым

Личности

Наша мама Лілія Радзівонаўна Зарэцкая сустракае 75-ю восень. Залатая пара для чалавека, які мае залатое сэрца і залатыя рукі.

Шмат віншаванняў атрымае матуля  асабіста, па тэлефоне, на паштоўках. Дзякуючы шчыраму характару і творчасці ў яе нямала сяброў па ўсёй Беларусі, а асабліва на Пастаўшчыне: вядомых асоб і простых людзей. А найбольш цёплымі будуць віншаванні ад нас, пяці яе дзяцей, дзесяці ўнукаў, двух праўнукаў. Мы скажам, як паважаем матулю, сардэчна любім, цэнім яе парады, клопат і хваляванні за нас, даражым кожным момантам, праведзеным разам, чуем яе малітвы, якія дапамагаюць нам па жыцці.

Мы вельмі ганарымся сваёй матуляй. Яна мае вялікі працоўны стаж у сельскай гаспадарцы. З маленства працавала з жывёлай. Бывалі гады, што не мела  ні выхадных, ні водпуску. Сям’я трымала вялікую хатнюю гаспадарку, агарод, сад, кветнікі. З усім спраўлялася, не прысеўшы, бывала, за цэлы дзень. А колькі ежы трэба было прыгатаваць на вялікую сям’ю! Мы заўсёды былі памочнікамі і дзякуючы гэтаму ўсе прывычныя да любой працы.

З дзяцінства мама захаплялася рукадзеллем: прала, вышывала, вязала. Кожную вольную хвіліну, асабліва ў зімовы час, прысвячала любімаму занятку. У часы дэфіцыту ў нашай хаце на сцяне вісеў прыгожы дыван з ружамі, вышыты крыжыкам, на стале ляжаў бялюткі абрус, звязаны кручком, а настаўнікі Казлоўшчынскай школы выклікалі нас да дошкі, каб мы прадэманстравалі чарговы світар, звязаны мамінымі рукамі.

Наша хата ў вёсцы Ласькія патанала ў кветках. На клумбах раслі самыя прыгожыя вяргіні, гладыёлусы. Кветкі — яе слабасць. Круглы год на падаконніках цвітуць рознакаляровыя герані, пеларгоніі, клёнікі… Красуюцца яны і на вышываных палотнах, падушачках, пано: званочкі, браткі, ружы, шыпшына і іншыя, адна за другую прыгажэй. А васількоў і каласкоў вышыла, напэўна, каля мільёна. Дарэчы, васількі і рамонкі — любімыя маміны кветкі. На выставах усе любуюцца прыгажосцю фарбаў, а мама з радасцю дорыць свае творы людзям. З раніцы да вечара, крыжык за крыжыкам, пятля за пятлёй, радок за радком нараджаюцца новыя шэдэўры, у якія ўкладзены часцінкі яе душы.

Мама многа чытае, любіць вершы, апавяданні, піша шмат пісьмаў, паштовак, вя­дзе дзённік, цікавіцца падзеямі з тэлевізара, слухае радыё. Яна вельмі любіць жыццё, вялікая аптымістка, будуе планы. Хоць і падводзіць здароўе (мае праблемы з пазваночнікам, “скача” ціск), яе энергічнасці, звонкаму голасу могуць пазайздросціць намнога маладзейшыя за яе людзі.

22 кастрычніка мы ўсе збяромся ў матулі. Прыгатуем салаты, бутэрброды, нешта смачнае да чаю, мама па традыцыі купіць вялікі кавун. Пасядзім, пагутарым, пагартаем сямейныя альбомы. Вечар павінен атрымацца цёплым, светлым, радасным.

Жыві доўга, наша родная! Моцнага табе здароўя, добрага настрою, творчага натхнення, сонечных дзён, спакойных начэй і Божай апекі!

Ад імя ўсёй радні, дачка Таццяна САРОКА.

 

Ганаруся такой дружбай

Усе гады я з радасцю чакала Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”, каб сустрэцца з народнай майстрыхай Ліліяй Радзівонаўнай Зарэцкай, пагаварыць, убачыць яе новыя работы. Іх так многа з’яўлялася за год! Сярод работ  такія, якіх ні ў кога няма: радавод “Дрэва жыцця”, палатно пісьменнікаў, гербы гарадоў-пабрацімаў Пастаў, карта раёна і Беларусі, многа вялікіх дываноў, мабыць, 300 падушачак без уліку тых, якія раздарыла. А адну карціну падарыла нават Прэзідэнту Беларусі падчас яго візіту на Пастаўшчыну. Заўсёды радавалася новым узнагародам майстрыхі за творчасць, а іх больш за дзясятак.

На жаль, ужо чатыры гады мы не сустракаліся з Ліліяй Радзівонаўнай. У апошнія два яна не змагла наладзіць вялікую выставу. А раней са сваімі работамі была ў Маскве, Літве, Слоніме, Барысаве, па некалькі разоў — у Мінску, Оршы, Віцебску, Полацку, дваццаць гадоў радавала сваімі шэдэўрамі пастаўчан.

Зараз размаўляем толькі па тэлефоне. Лілія Радзівонаўна расказвае мне, што вышывае і вяжа, як усім сэрцам і душой любіць сваю вялікую сям’ю, радуецца першым крокам, новым словам і дзіцячым выдумкам. Для мяне яна як яркі праменьчык, які асвятляе маё адзінокае жыццё.

Дарагая сяброўка! Ганаруся дружбай з табой. Шчыра віншую з юбілеем! Дзякуй за ўсё добрае, што робіш для мяне, і нізкі паклон! Няхай Усявышні дае табе і тваёй сям’і сілы і моцнае здароўе.

Марыя ЧАПЫЛЁНАК,

в. Белае.

 

Удивительная женщина

Посвящается Лилии Родионовне Зарецкой

Я сегодня хочу рассказать

Об одной удивительной женщине.

В жизни горе и радость узнать,

Видно, было судьбой ей предвещено.

Пятерых воспитала детей,

Овдовев в молодом ещё возрасте,

Как же трудно одной было ей

Провести их над жизненной пропастью!

Сколько долгих ночей не спала!

Как трудилась усердно и преданно!

Сколько слёз по ночам пролила…

Только ей лишь одной это ведомо.

Успевала быть передовой

И в семье не сломиться под ношею,

Быть успешной в работе любой

И для всех оставаться хорошею,

Землю-матушку сердцем любить,

Восхищаться закатом, зарницею.

Оттого и смогла, может быть,

Знаменитою стать мастерицею.

Вечерами стежок за стежком

Вышивает узорами разными —

То ромашкою, то васильком,

Незабудками голубоглазыми…

И от вышивок веет теплом,

Ведь частичка души в них оставлена.

Все пропитаны щедро добром,

Меж цветков жизнелюбие вставлено.

Я сегодня хочу пожелать

Ей здоровья покрепче и радости,

Ведь настала пора собирать

За нелёгкую жизнь благодарности.

И пускай пролетают года,

Юбилеи летят вереницею,

Но душою всегда молода.

Мы гордимся своей мастерицею!

София СКАБЁЛКИНА

 

Ад рэдакцыі: З задавальненнем размяшчаем на старонках газеты допісы, адрасаваныя слыннай юбілярцы — члену Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Ліліі Радзівонаўне Зарэцкай. Далучаемся да віншаванняў. Шаноўная Лілія Радзівонаўна! Няхай моцным будзе ваша здароўе, невычэрпнай — крыніца творчасці, бязмежнай — любоў да дзяцей і ўнукаў, заўсёднай — людская ўдзячнасць вам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.