“Мы — з Парыжа”


Галіна Анатольеўна, Міхаіл Здзіслававіч Іваноўскія, Марына Лявонаўна Канчэўская.

Так могуць з гонарам адказаць на пытанне “Адкуль вы?” работнікі Парыжскага сельскага Дома культуры Галіна Анатольеўна і Міхаіл Здзіслававіч Іваноўскія і Марына Лявонаўна Канчэўская. З гонарам не толькі таму, што ім пашанцавала жыць і працаваць у адным з самых маляўнічых куточкаў Пастаўшчыны, які, да таго ж, носіць такую гучную назву. Не менш важкай прычынай з’яўляецца тое, што іх СДК уваходзіць у лік лепшых у раёне.

У культуры ўсе трое працуюць не адзін дзясятак гадоў. Першым на работу ў мясцовы клуб прыйшоў Міхаіл Здзіслававіч Іваноўскі. Займаў тут пасаду мастацкага кіраўніка. Калі ж у 1988 годзе жонка, Галіна Анатольеўна, аказалася без работы (у вёсцы закрылі камбінат бытавога абслугоўвання, дзе да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала швачкай), саступіў ёй сваё месца, а сам пазней перакваліфікаваўся ў акампаніятары.

— Тады дырэктарам клуба быў Іван Іосіфавіч Пястун, — расказвала Г. А. Іваноўская. — Ён пагля­дзеў, што я ўмею і спяваць — падчас вучобы ў швейным вучылішчы ў Полацку займалася ў народным хоры, — і шыць, і афармляць усё, і ўзяў працаваць з дзецьмі. Вяла гурток “Умелыя рукі”, завочна вучылася ў Віцебскім вучылішчы культуры. У 2002 годзе прапанавалі ўзначаліць СДК.

Крыху меншы стаж у Марыны Лявонаўны Канчэўскай. Доўгі час яна была мастацкім кіраўніком Казлоўшчынскага СДК, а пасля яго закрыцця перавялася ў Парыжскі сельскі Дом культуры. Цяпер ён адзін на ўвесь сельсавет і сапраўдны культурны цэнтр наваколля, як магнітам прыцягвае да сябе людзей самых розных узростаў і прафесій. І справа тут не толькі ў светлых, прасторных памяшканнях, сучасных апаратуры і абсталяванні, наяўнасці такіх забаў, як більярд, настольны тэніс, дартс, але і ў вельмі творчых, актыўных работніках установы. Яны і самі спяваюць, танцуюць, шыюць касцюмы для выступленняў, ладзяць розныя святы, выставы, спартыўныя турніры, і актыўна далучаюць да гэтага іншых вяскоўцаў.

Пры СДК працуюць чатыры дзіцячыя гурткі: драматычны, эстрадных спеваў, “Умелыя рукі”, ігры на гітары (апошні вядзе М. З. Іваноўскі) — і пяць для дарослых: таксама драматычны, эстрадных спеваў, вакальны, фальклорны, “Навучымя кроіць і шыць”. А з мінулага года — яшчэ і жаночае аматарскае аб’яднанне “Сельчанка”, у якое ўваходзяць 10 прадстаўніц прыгожага полу ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў, у тым ліку самі работніцы культуры. Нягледзячы на тое, што “Сельчанке” ўсяго другі год, яна ўжо паспела гучна заявіць пра сябе. Мінулым летам прымала ўдзел у абласным свяце аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст” у вёсцы Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, на радзіме вядомага садавода-селекцыянера І. П. Сікоры, і прывезла два дыпломы. Атрымала дыплом і на раённым свяце-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах.

Больш за два дзесяцігоддзі ў Доме культуры існуе вакальная група, актыўнымі ўдзельніцамі якой увесь гэты час былі Алена Іосіфаўна Якімовіч, Валянціна Валяр’янаўна Цішаловіч, Марыя Аляксандраўна Васілевіч, Ніна Пятроўна Шарынская, Валянціна Валер’еўна Драгун і Ганна Вікенцьеўна Івашкевіч. Цяпер яе склад істотна абнавіўся, і касцяк складаюць Святлана Гваздзеўская, Святлана Латышонак, Ірына Кукоўская, Ганна Ганчарова, Рыма Собалева, Насця Сыгула і Алёна Кянько. Яны і іншыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці выступаюць з канцэртамі ў аграгарадку, на фермах ААТ “Парыж-агра”, у вёсках сельсавета, прымаюць удзел літаральна ва ўсіх раённых мерапрыемствах.

Адным словам, культурнае жыццё ў беларускім Парыжы і ваколіцах не заціхае. Як і ў французскую сталіцу, сюды прыязджае нямала гасцей, якіх сустракаюць не толькі хлебам-соллю, але і песняй. Самым ганаровым сярод іх быў Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь — ён наведаў мястэчка некалькі гадоў таму. Цяпер амаль кожную нядзелю бываюць турысты. І ўсе абавязкова заглядваюць у Дом культуры, дзе ім расказваюць пра наш Парыж і дораць на памяць невялікі сувенір, зроблены сваімі рукамі.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.