На абедзенны стол сенненцаў


На абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2016” гасцей і мясцовых жыхароў разам з сенненскімі  кааператарамі парадавалі іншыя спажывецкія  таварыствы Прыдзвінскага краю, гандлёвыя рады якіх размясціліся на цэнтральных вуліцах горада і яшчэ больш упрыгожылі яго. На пытанне,  дзе можна знайсці работнікаў гандлю з Пастаў, сустрэчныя адказвалі: “Там, дзе найдаўжэйшыя  чэргі”.

На гэты раз суседзямі нашых кааператараў былі калегі з Глыбоцкага і Лепельскага райспажыўтаварыстваў. Яны творча, арыгінальна падышлі да афармлення сваіх пляцовак, прывезлі шмат разнастайных тавараў, але гандлёвыя палаткі пастаўчан усё ж мелі сваю адметнасць.

Як адзначыла першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства па гандлі Ганна Мечыславаўна Сянько, акцэнт быў зроблены на прадукцыю ўласнай вытворчасці. Пастараліся работнікі хлебазавода, мяснога, кулінарнага, кандытарскага і квасільна-засолачнага цэхаў, кафэ “Паазер’е”. Усяго былі арганізаваны дзве гандлёвыя кропкі і асобная палатка з хлебабулачнымі вырабамі, дзе праводзілася дэгустацыя, а начальнік участка Наталля Марціна дзялілася сакрэтамі іх прыгатавання. Мясцовым пакупнікам асабліва спадабаўся хлеб з рознымі начынкамі: салам, сухафруктамі і іншымі інгрэдыентамі.

Вельмі напружаным выдаўся рабочы дзень для прадаўцоў магазіна “Родны кут”, што па вуліцы Савецкай у Паставах, Ліліі Мелец, Наталлі Кукуруза і Ірыны Лысёнак. Менавіта ім разам з работнікамі грамадскага харчавання Наталляй Гутар, Святланай Журомскай, Аленай Штура і іншымі выпаў гонар прадстаўляць спажывецкую кааперацыю Пастаўшчыны на галоўным свяце хлебаробаў Віцебскай вобласці. Трэба было бачыць, як  прафесійна яны выконвалі свае абавязкі, увішна абслугоўвалі пакупнікоў. А тыя на працягу ўсяго дня не давалі ім расслабіцца — чарга не змяншалася ні на хвіліну. Нарасхват разыхо­дзілася практычна ўсё: мясныя і каўбасныя вырабы, разнастайныя рулеты з падсвінкаў, свіных вушэй, субпрадуктаў, мяса птушкі, рыбы. Вялікім попытам карысталіся пальцам пханая каўбаса, мяса свіных галоў, іншая натуральная прадукцыя ўласнай вытворчасці. Багатай выглядала і палатка, у якой гаспадарыла Алёна Махіня, дзе была прадстаўлена  асноўная прадукцыя квасільна-засолачнага цэха філіяла “Каапнарыхт­прамгандаль”: салёныя агуркі, марынаваны часнок, розныя салаты з агародніны, яблычны сок, квашаная капуста і іншае. Але найбольш сенненцы ўпадабалі журавіны. Ягады разышліся амаль адразу.

Пакупнікоў прываблівалі не толькі багаты асартымент і якасць прадукцыі, але і даступныя цэны. А да некаторых відаў прадукцыі былі прыменены мінімальныя гандлёвыя надбаўкі. “Таварамі дня” былі вызначаны шашлык свіны, каўбаскі па-дамашняму, грудзінка салёная арыгінальная, сок яблычны натуральны і некаторыя іншыя віды прадукцыі. Выручка ад продажу склала 46 млн недэнамінаваных рублёў — намнога больш, чым у іншых спажывецкіх таварыстваў.

Засталася задаволенай і дэлегацыя пастаўчан,  для якой работнікамі грамадскага харчавання райспажыўтаварыства былі накрыты сталы ў асобным па­віль­ёне. Высокай ацэн­кі заслужылі майстар-повар, пераможца і дыпламант разнастайных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў Галіна Зямчонак, афіцыянты рэстарана “Світанак” Таццяна Ду­лінец, Вікторыя Вежан. Яны абслугоўвалі афіцыйных гасцей са сталіцы і  дэлегацыі Расійскай Федэрацыі.

— Гандаль ішоў бойка да позняга вечара, — адзначыла Ганна Мечыславаўна Сянько. — Пастараліся ўсе: прадаўцы, повары, афіцыянты, вадзіцелі, падсобныя рабочыя. Нам дзякавалі за якасныя тавары, даступныя цэны, культурнае абслугоўванне, за тое, што мы ўнеслі свой уклад у святочную атмасферу “Дажынак”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.