На экватары спаборніцтваў

Спорт

Даволі цікавымі і напружанымі выдаліся сёлета гульні на першынстве раёна па шахматах як у вышэйшай, так і ў першай лігах. У абодвух дывізіёнах згуляна палова запланаваных партый. Галоўны суддзя чэмпіянату раёна кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Анатоль Салацінскі асноўную прычыну папулярнасці старажытнай гульні бачыць ва ўзрослай канкурэнцыі.

Мы наўмысна пайшлі на скарачэнне вышэйшай лігі да 9 удзельнікаў, дзе адразу тры апошнія шахматысты ў выніковай табліцы развітваюцца з элітным дывізіёнам. Вопытныя спартсмены не хочуць саступаць, а моладзі ёсць што і каму даказаць.

У мацнейшай лізе назіраецца поўны штыль, павальна адкладваюцца турнірныя партыі. А на пачатку спаборніцтваў лідарства захапіў найвопытнейшы ветэран Віктар Шастакоў (ФК “Атлант”), які ў першых трох турах атрымаў тры прыгожыя перамогі. Спрыяў гэтаму і лёгкі стартавы каляндар спаборніцтваў. Далей былі сапернікі больш моцныя, а значыць, і непазбежныя ачковыя страты. Цікавай атрымалася турнірная партыя паміж В. Шастаковым і У. Плешаком (Глыбоцкая міжраённая інспекцыя працы), якая трымала ў напружанні больш за тры гадзіны і не вызначыла пераможцу — баявая нічыя. Далей В. Шастакову прыйшлося двойчы саступіць. Спачатку — аўтару гэтых радкоў, а крыху пазней — сярэбранаму прызёру мінулагодняга першынства Аляксандру Сямёнаву (ЦРБ). У гульні паміж Ю. Катовічам і А. Сямёнавым поспех святкаваў апошні. Мінулагодні чэмпі­ён раёна Дзмітрый Стахоўскі (індывідуальны прадпрымальнік) даволі лёгка перамог Віктара Лекарэвіча (ЗАТ “Спорт-пары”) і згуляў унічыю з Юрыем Катовічам (Андронаўская школа). Дзве перамогі ў пенсіянера А. Чырванца над В. Лекарэвічам і У. Плешаком.

У першай лізе ў заяўцы засталося 15 шахматыстаў. На тры запаветныя пуцёўкі ў вышэйшы дывізіён рэальна прэтэндуюць адразу 6 удзельнікаў.

Пасля першых стартавых тураў упэўнена лідзіраваў настаўнік англійскай мовы СШ №4 Ігар Бабчынскі. А вось у пятым туры прыйшлося саступіць таленавітаму юнаку Мацвею Курашэвічу (СШ №3). Асечкай лідара скарыстаўся Дзмітрый Крупадзёраў (ААТ “Паставымэбля”), які хоць і прайграў Сцяпану Дзешуку (УП ЖКГ), мае ў актыве 5 ачкоў з 6-ці магчымых. Столькі ж і ў ветэрана педагагічнай працы Вайцеха Сямашкі з Ляхаўшчыны, але ён згуляў на дзве партыі больш. Прадаўжае радаваць вучаніца 10 класа СШ №1 Жэня Ліпская. У прамежкавай табліцы ў яе трэці вынік і важкія перамогі над Леанідам Косавым (прафтэхкаледж), Вайцехам Сямашкам  і нічыя з Пятром Жуком. Пакуль ніводнай партыі не прайграў і С. Дзяшук. У яго 3,5 ачка з 4-х магчымых. Судзейскі сакратарыят адзначыў даволі змястоўную партыю паміж Матфеем Івановым (СШ №2) і ваенным пен­сіянерам Уладзімірам Краўчанкам, дзе была зафіксавана нічыя.

Юрый КАТОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.