На фінішы

Экономика

З першых дзён заняты на прасаванні трасты і значна перавыконваюць нормы выпрацоўкі Грыгорый Трушкін, Сяргей Ворсін, Аляксандр Навумец, Сяргей Студзянкоў і Уладзімір Арлоў.

У чацвер большая палова членаў механізаванага атрада ільнозавода пераехала ў Крашнева, дзе на 200 гектарах  вырошчвалі даўгунец.

— Нават не верыцца, што гэта ўжо фініш, — расказвала вядучы аграном атрада Раіса Сямёнаўна Гарлачова. —   Тут у нас найбольшая плошча. Тым не менш разлічваем управіцца з работай за тры-чатыры дні. Сёлета і так доўга затрымаліся ў полі. Вельмі цяжкай была ўборка, зацягнуліся тэрміны вылежкі трасты. Дзякуй механізатарам, якія не лічацца з часам, працуюць без выхадных.

Да гэтага траста ўбрана прыкладна з двух дзясяткаў палёў. Дружна ішла работа ў Юньках, Камаях, Палессі, Цешалаве, Цівунцах, Оцкавічах і іншых месцах. Стаўка, як і ў папярэднія гады,  зроблена на механізаваную ўборку. Вось і цяпер на ўздыме трасты задзейнічаны 22 прэс-падборшчыкі. Механізатары падзелены на дзве групы, што дазваляе больш прадукцыйна выкарыстоўваць тэхніку, дабівацца вышэйшай выпрацоўкі. Стараюцца ўсе, але асабліва спорыцца работа ў завадчан Віктара Пузана, Івана Загурскага, Аляксандра Аліноўскага, Андрэя Скрыдлеўскага, Валерыя Мацешы з УП ЖКГ, Аляксандра Шамовіча з ДЭУ-33 і іншых механізатараў.

Кіраўніцтва прадпрыемства ўдзячна і работнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія ў кастрычніку на працягу трох дзён працавалі на льняных палетках. Цяпер такой неабходнасці няма, бо над­вор’е  дазваляе спаўна выкары­стоўваць тэхніку.

— Вынікі работы па вырошчванні і ўборцы льну ўсебакова прааналізуем, — адзначыў дырэктар прадпрыемства Пётр Іванавіч Скурко. — Сёлета яны лепшыя за мінулагоднія. Ужо нарыхтавана больш за 4000 тон трасты, будзе яшчэ каля 800. Тым не менш не ўсё ўдалося зрабіць не толькі ў арганізацыйным, але і ў тэхналагічным плане. Памылкі і пралікі будуць улічаны.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.