На маршруце — сямейны экіпаж

Личности

Першыя тры перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі пачалі курсіраваць на Пастаўшчыне восем гадоў назад, калі ў раённым вузле паштовай сувязі пачалася аптымізацыя даставачнай службы. Зараз іх сем, але той, што калясіць па маршруце №6, — асаблівы. Яго тут так і называюць — наш сямейны экіпаж.

Начальнік гэтай пошты на колах — Алена Эдуардаўна Хоміч, ва­дзіцель — яе муж Віктар Рамуальдавіч.

—  Алена — працавітая, дысцыплінаваная, ветлівая, ініцыятыўная. Пасуе ёй і Віктар — шчыры і старанны, замацаваны за ім аўтамабіль заўсёды трымае ў належным стане. Адным словам, тандэм атрымаўся цудоўны. Прычым яны не толькі самі выдатна працуюць, але і здолелі згуртаваць вакол сябе аператара сувязі і пяць паштальёнаў, з якімі супрацоўнічаюць на гэтым маршруце, — расказвала начальнік раённага вузла паштовай сувязі Таццяна Мікалаеўна Гайлюн.

У галіне А. Э. Хоміч шчыруе з 2002 года. Працавала кіяскёрам, сартыроўшчыкам паштовых адпраўленняў і друкаванай прадукцыі, аператарам сувязі, начальнікам аддзялення сувязі. Сёлета паступіла ў Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Вучоба падабаецца, заняткі маюць прыкладны характар, на лекцыях разбіраюцца новыя праграмы, без ведання якіх сёння немагчыма працаваць. Стаж В. Р. Хоміча крыху меншы — дванаццаць гадоў. Да таго як сеў за руль мабільнай пошты, развозіў карэспандэнцыю ў стацыянарныя аддзяленні.

Перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі №6 абслугоўвае сорак адзін населены пункт, у якіх пражывае 1046 чалавек. Амаль трыццаць працэнтаў з іх — пенсіянеры. Працягласць маршруту — больш за сто кіламетраў. Іх сям’я Хоміч праязджае штодня, акрамя выхадных, якія прыпадаюць на нядзелю і панядзелак. Стацыянарныя стаянкі арганізаваны ў Дварчанах, Палессі, Мягунах і Мулярах, пра іх графік паведамляюць спецыяльныя таблічкі.

Паштовы аўтамабіль аснашчаны тым жа абсталяваннем, што і стацыянарныя аддзяленні сувязі, таму ні ў чым ім не саступае. У ім можна аформіць падпіску на перыядычныя выданні ці набыць іх, адправіць электронны перавод, пісьмо альбо пасылку, аплаціць камунальныя паслугі, папоўніць рахунак на ма­більным тэлефоне, афор­міць страхоўку альбо банкаўскі рахунак, купіць неабходныя тавары паўся­дзённага попыту, атрымаць  пенсію, а таксама зняць грошы з пластыкавай карткі ці разлічыцца пры яе дапамозе і іншыя.

У тым, што амаль усе пералічаныя паслугі запатрабаваны, упэўнілася асабіста, калі размаўляла з Хомічамі падчас іх прыпынку ў вёсцы Дварчаны. Пытаюся: а можа, ёсць найбольш папулярныя?

— Вядома, за электраэнергію, тэлефоны і іншыя паслугі разлічваюцца ўсе, без гэтага не абысціся. Але карыстаюцца і мно­гімі іншымі паслугамі, якія не з’яўляюцца абавязковымі, — адказвае Віктар Рамуальдавіч у той час, як жонка абслугоўвае чарговага кліента. — Самым вялікім попытам карыстаецца раённая газета «Пастаўскі край», якую выпісваюць амаль у кожнай хаце. Таму серада і субота (дні выхаду раёнкі) для нас самыя напружаныя. У сезон нарыхтовак вяскоўцы ахвотна купляюць цукар. Бывае, што на дзень не хапае і 200 кілаграмаў. Той, хто не мае ўласнага транспарту, ацаніў паслугу “Па дарозе”, дзякуючы якой можна пераслаць любую перадачу ў межах раёна, і яна знойдзе адрасата ў самы кароткі тэрмін.

У абавязкі мабільнай пошты таксама ўваходзіць дастаўка карэспандэнцыі, пасылак і тавараў у ад­дзяленне сувязі ў Камаях, ППС у Палессі і паштальёнам, якія працуюць на гэтым маршруце. У маленькіх населеных пунктах Алена і Віктар самі працуюць у якасці паш­таль­ёнаў: раскладваюць у паштовыя скрыні газеты, пісьмы, часопісы, на даму выдаюць пенсію, прымаюць падпіску і камунальныя плацяжы. Каб дарэмна не марнаваць час у дарозе, пакуль муж круціць баранку, Алена Эдуардаўна сартыруе карэспандэнцыю.

— Графік напружаны, але работу сваю люблю, падабаецца быць сярод лю­дзей, — дзялілася А. Хоміч. — А самае галоўнае — мець надзейныя тылы. Дома гэта бацькі, якія дапамагаюць гадаваць дзяцей, весці гаспадарку, на рабоце — наш невялічкі калектыў, у які, акрамя нас з мужам, уваходзяць паштальёны Ганна Міхайлаўна Прашмунт, Ганна Дзіянісаўна Піцунік, Надзея Міхайлаўна Васілеўская, Ганна Браніславаўна Савук, Кацярына Зянонаўна Зінкевіч і аператар сувязі Юзэфа Баляславаўна Савельева. Яны добра ведаюць мясцовых жыхароў, іх патрэбы, умеюць рэкламаваць і прапаноўваць паслугі пошты. Бачу іх зацікаўленасць у дасягненні агульнага выніку, таму на кожнага магу разлічваць, як на сябе.

Сведчаць пра гэта не толькі цёплыя словы начальніка перасоўнага аддзялення паштовай сувязі ў адрас калег, але і вынікі працы. Даведзенае заданне выконваецца. Сёлета з нагоды Сусветнага дня пошты, які  адзначаўся 9 кастрычніка, Алена і Вік­тар Хоміч  узнагаро­джаны Ганаровымі граматамі Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”, а двума гадамі раней фотаздымак Алены Эдуардаўны быў занесены на абласную галіновую Дошку гонару.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.