На тое яны і майстры вёскі

Общество

Арганізатары і ўдзельнікі конкурсу.

У аграгарадку Кураполле прайшоў  пяты раённы конкурс “Майстры вёскі”. Калі раней у ім удзельнічалі маладыя сем’і, якія ў асноўным працавалі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, то цяпер яны могуць быць заняты і на іншых участках, мець розныя прафесіі. Такім і атрымаўся сёлетні склад удзельнікаў.

Пагранічнік-кан         трактнік Ян Урбель і яго жон        ка Валянціна, якая працуе жывёлаводам, прадстаўлялі вёску Ярэва. Службу на граніцы нясе і Аляксей Раманоўскі. На конкурс ён прыехаў з Палесся з жонкай Аленай і сынам Рэнатам. Чыгуначнік Андрэй Клімашэўскі, На­дзея і іх дачушка Ульяна жывуць у Варапаеве. Самай шматлікай аказалася сям’я Вешчані­кіных з Кураполля. У Ігара (ён працуе механізатарам сельгаспрадпрыемства) і Іны трое дзяцей, меншай усяго чатыры месяцы.

Замежных гасцей з суседняй Латвіі, якія пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах на Пастаўшчыне, на гэты раз прадстаўлялі электраманцёр Ігар Яхнавец, Эрыка Траццякова і іх дачушка Адрыяна (Рэзекненскі край), а таксама вадзіцель хуткай дапамогі Віталій Маслабоеў з жонкай Аксанай і сынам Майклам (горад Віесітэ).

Конкурс праводзіўся ў рамках свята “Дажынкі”, якое ладзілася ў сельгаспрадпрыемстве “Кураполле-агра” і сабрала ў мясцовым Доме культуры шмат людзей. Маладыя сем’і шчыра парадаваліся за сапраўдных хлебаробаў, якія выдатна папрацавалі на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, уборцы ўра­джаю. А вяскоўцы ў сваю чаргу горача падтрым­лівалі гасцей, з цікавасцю знаёміліся з іх экспазіцыямі-выставамі. Па здымках, розных вырабах, вырашчанай агародніне, выпечцы і многім іншым можна было ўявіць, якімі клопатамі яны жывуць, чым цікавяцца.

Пераможцы конкурсу — сям’я Вешчанікіных.

Пасля традыцыйнага прадстаўлення, якое праходзіла на сцэне СДК, канкурсантаў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Ён выказаў надзею, што і дарослыя, і дзеці праявяць сябе з найлепшага боку, пасябруюць, знойдуць шмат агульных інтарэсаў. А аб’ядноўваць усіх будзе гліняны чайнік — захавальнік цяпла і сімвал гасціннасці, які быў выраблены яшчэ падчас першага конкурсу на сядзібе вядомага майстра Сяргея Шчэрбы з аграгарадка Навасёлкі-1. З таго часу чайнік “вандруе” з сельсавета ў сельсавет, перадаецца новым гаспадарам мерапрыемства. Атрымаўшы талісман, старшыня Курапольскага сельскага Савета Мікалай Мікалаевіч Яльчык шчыра вітаў гасцей і пажадаў ім удалых выступленняў, прыемнага знаходжання на шчодрай курапольскай зямлі. З такімі пажаданнямі прыступіла да работы і журы на чале з Ю. М. Кісялёвым.

Конкурс пачаўся з візітных прадстаўленняў “Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я”. І калі для гледачоў гэта было проста відовішча, то журы ўлічвала такія фактары, як веданне і прэзентацыя сямейных традыцый; мастацкі і музычны ўзровень, артыстызм; арыгінальнасць выступлення; удзел у конкурсе дзяцей. Найбольш поў­на тэматыцы конкурсу адпавядала “візітка” гаспадароў — сям’і Вешчанікіных. Яна творча прадэманстравала свае здольнасці і талент і заслужыла найвышэйшую ацэнку журы. Міні-тэатралізаванае прадстаўленне паказалі Клімашэўскія. Упэўнена адчувалі сябе на сцэне Раманоўскія. У цікавай форме расказалі пра сябе госці з Латвіі. Запомнілася і выступленне Урбеляў.

Візітнае прадстаўленне сям’і Раманоўскіх.

А затым вядучая конкурсу, дырэктар цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Ксенія Грэська запрасіла ўдзельнікаў і гледачоў на пляцоўку перад адміністрацыйным будынкам на сельскую спартыўную эстафету. Яркае сонца, мноства вяскоўцаў, усмешкі на тварах людзей — у такой прыязнай атмасферы спаборнічалі канкурсанты. Спачатку яны парамі пераносілі ў вёдрах ваду, потым ручной пілой распілоўвалі бярвенні, шчапалі, складвалі дровы. Найбольш хуткімі, спрытнымі і дружнымі аказаліся сем’і Вешчанікіных, Клімашэўскіх і Яхнавец. Азартна падбадзёрвалі канкурсантаў гледачы і падчас ачысткі імі бульбы, буракоў, морквы і цыбулі. Трэба было бачыць, як хутка і акуратна спраўляліся з гэтай работай не толькі жанчыны, але і мужчыны. Таму і ацэнкі ўсе атрымалі прыкладна аднолькавыя.

Вялікую цікавасць у гледачоў, ды і ў саміх канкурсантаў, выклікала прапанова запрэгчы каня, якога на час паказальных выступленняў даў старэйшы жыхар вёскі Лескава Пётр Мацвеевіч Курыловіч. Па ўсіх правілах, як сапраўдны гаспадар-вясковец, справіўся з гэтым заданнем Ян Урбель. Не адсталі ад яго Ігар Вешчанікін, Ігар Яхнавец і іншыя, пацвердзіўшы, што нездарма ўдзельнічаюць у конкурсе “Майстры вёскі”.

На пярэднім плане — сям’я Клімашэўскіх.

Няпроста было журы прааналізаваць сямейныя дасягненні канкурсантаў, вызначыць лепшыя фірменныя стравы, прыгатаваныя загадзя. Па некалькі хвілін давялося затрымлівацца ля кожнага стала-выставы, каб справядліва ацаніць майстэрства і арыгінальнасць гаспадынь. Пастараліся ўсе, але найбольш прыйшліся даспадобры стравы, якія прыгатавалі Вешчанікіны, Раманоўскія, Клімашэўскія, Яхнавец.

Заключным этапам свята стала заданне намаляваць сямейны партрэт. Рознымі паўсталі яго ўдзельнікі на малюнках. А Ігар і Эрыка з Рэзекне адлюстравалі сябе з дзецьмі пад вясёлкай, якая быццам яднала канкурсантаў, дарыла радасць сваёй шматколернасцю. Шчаслівымі і дружнымі выглядалі на падвядзенні вынікаў усе сем’і. Дыплом “Самым гаспадарлівым” быў уручаны Урбелям. Самай крэатыўнай прызнана сям’я Маслабоевых. Трэцяе месца раздзялілі Раманоўскія і Клімашэўскія. Другімі сталі латышы Ігар Яхнавец, Эрыка Траццякова і іх дачушка Адрыяна. Пераможцай конкурсу з максімальнай колькасцю балаў стала сям’я Вешчанікіных з Кураполля.

Па-майстэрску ўпраўляецца з вупражжу Ян Урбель.

Пераможцы, прызёры і ўсе ўдзельнікі конкурсу, у тым ліку дзеці, атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі і прызы, пра якія паклапаціліся аддзел ідэала­гічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам БРСМ, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, завод “Беліт”, магазіны “Мир посуды”, “Твой” і “Находка”.

— Уражанні ад удзелу ў конкурсе, сустрэч, якія адбыліся на Пастаўшчыне, засталіся найлепшыя, — адзначыла кіраўнік дэлегацыі, дэпутат Рэзекненскага краявога самакіравання Наталля Стасецка. — Шчыра ўдзячны арганізатарам мерапрыемства за тое, што мы адчувалі сябе як дома.

 Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.