На ўзбраенні — новая тэхніка

Правовое поле

Напэўна, няма такой галіны, дзе б тэхнічнае аснашчэнне не развівалася сямімільнымі крокамі, і армія ў гэтым сэнсе не выключэнне. На ўзбраенне 1-га радыётэхнічнага цэнтра пастаянна паступае новая і мадэрнізаваная тэхніка, якая дазваляе адпавядаць сучасным патрабаванням і павялічваць баяздольнасць Узброеных Сіл. Адна з апошніх навінак — лічбавая радыёлакацыйная станцыя П-18БМА айчыннай мадыфікацыі. Яна ў аўтаматычным рэжыме вядзе разведку, выяўляе цэлі, распазнае і суправаджае іх. Ад аператара патрабуецца толькі прывесці апаратуру ў дзеянне і сачыць за абстаноўкай, а ў выпадку нетыповай сітуацыі (адхілення самалёта ад паветранай трасы, іншых неўласцівых судну дзеянняў, паступлення сігналу бедства і гэтак далей) далажыць аператыўнаму дзяжурнаму каманднага пункта.

Старшаму аператару новай радыёлакацыйнай станцыі Дзмітрыю Аўласевічу (на здымку) да звальнення з тэрміновай службы засталося роўна чатыры тыдні. Служыць ён пачынаў яшчэ на станцыі старога ўзору, таму з лёгкасцю пералічвае перавагі мадэрнізаванай тэхнікі:

— Раней каардынаты паветраных суднаў аператару трэба было счытваць у мікрафон з манітора, а каб не засвяцілася камера, якая паралельна з тым, хто нясе баявое дзяжурства, сочыць за паветранай абстаноўкай, даводзілася сядзець у напаўцёмным памяшканні. У такіх умовах хутка стамляліся вочы, затое зараз зусім іншая справа: унутры станцыі добрае асвятленне, няма перашкод на індыкатары, добра бачны паветраныя цэлі.

Узрасла і камфартабельнасць станцыі: устаноўлены два кандыцыянеры, утульна абсталявана рабочае месца, ёсць канапа. Прасторнае памяшканне дазваляе зручна размясціцца ўсяму баявому разліку, які пры правядзенні заняткаў  поўным складам збіраецца на станцыі.

— А галоўнае — новая тэхніка значна павысіла баявыя магчымасці цэнтра, таму што далёкасць выяўлення цэлі ўзрасла ў разы і цяпер складае каля чатырохсот кіламетраў, — падсумаваў Дзмітрый Аўласевіч.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.