Найлепшая мама ў свеце


У кожнага чалавека ёсць самы лепшы сябар. На жаль, той, каму ты давяраеш і каго вельмі любіш, можа аказацца здраднікам. Але ёсць такі сябар, які любіць цябе больш за ўсё і ніколі не падмане. Для мяне гэта мама — Людміла Яўгеньеўна Маслюк (на здымку са мной, маленькай). Пра яе ўжо пісала раённая газета “Пастаўскі край” як пра выдатнага фельчара. Я ж хачу расказаць, якая яна мама. Пяшчотная, клапатлівая, справядлівая, смелая, моцная… Мая мама — самая лепшая ў свеце. Я заўсёды дзялюся з ёй сваімі сакрэтамі. Мама кожны раз выслухае і дапаможа. Вельмі добрая і мудрая, яна вучыць усяму, што спатрэбіцца ў жыцці. Працавітая як пчолка, ніколі не сядзіць на адным месцы. Дае слушныя парады. І не толькі мне: многія прыхо­дзяць да яе параіцца, і яна заўсёды дапамагае.

А яшчэ матуля смачна гатуе і вучыць мяне кулінарнаму майстэрству. На Вялік­дзень разам пячом булкі і частуем імі родных і сяброў. А да дзён нара­джэння блізкіх людзей гатуем торт, а я яго ўпрыгожваю.

Мама з дзяцінства марыла лячыць людзей. Шмат гадоў працуе фельчарам. Яе паважаюць калегі, ­удзячныя — хворыя, для якіх яна чараўніца, што лечыць і лекамі, і добрым словам. Дарэчы, не толькі людзей, але і жывёл. Аднойчы наш кот Мікі трапіў у пастку, кульгаў на хворую лапку. Мама кожны дзень рабіла яму перавязкі. Дзякуючы такому клопату, коцік хутка паправіўся.

Яна заўсёды мяне падтрымлівае. Калі я першы раз ішла на прадметную алімпіяду, вельмі хвалявалася. Матуля сказала: “Усё будзе добра!” Так і атрымалася. Яе малітва мне вельмі дапамагае.

Хачу падзякаваць маёй роднай за тое, што навучыла дабрыні, сумленнасці, справядлівасці, цярплівасці, любові да ўсяго жывога. Мілая мамачка! Жадаю табе шчасця, здароўя і здзяйснення ўсіх тваіх жаданняў. Дзякуй, што ты ёсць у мяне!

Марыя МАСЛЮК, вучаніца СШ №3.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.