Нават блінчыкі з мёдам і варэннем


У першы дзень кастрычніка на пляцоўцы каля Палаца спорту абласнога цэнтра адбылася традыцыйная выстава ўласнай прадукцыі навучальных устаноў Прыдзвінскага краю “Восеньскі карагод”. Характарызуючы мерапрыемства, начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Сяргей Аляксандравіч Каваленка адзначыў, што гэта ўжо 35-ты кірмаш, якія з 2002 года праводзяцца на пляцоўках Віцебска, Оршы і Полацка.

У сёлетнім удзельнічала 45 розных навучальных устаноў. Для продажу імі было заяўлена тавараў больш чым на мільярд рублёў. У асноўным гэта прадукцыя, якая вырабляецца ў майстэрнях, сталовых каледжаў і ліцэяў, вырошчваецца ў вучэбных гаспадарках. Адметнай асаблівасцю восеньскага кірмашу з’явілася тое, што для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, заслужаных настаўнікаў і працаўнікоў адукацыі дзейнічала 10-працэнтная скідка.

Сярод іншых навучальных устаноў годна быў прадстаўлены Пастаўскі дзяржаўны каледж,  дэлегацыю якога ўзначальваў дырэктар Мікалай Мікалаевіч Лысёнак. У адной гандлёвай палатцы, дзе гаспадарылі загадчыца магазіна “Гасцінец” Вольга Зіяўдзінаўна Міронава і прадавец Марына Казіміраўна Кірэй, у асноўным былі каўбасы розных гатункаў прадпрыемстваў-вытворцаў Віцебскай вобласці. А самым хадавым таварам аказалася навінкаўская рыба — карп і амур. Перад паездкай у абласны цэнтр пастараліся майстры вытворчага навучання Ганна Браніславаўна Маслоўская, Жанна Юльянаўна Рудзінская і іх выхаванцы. Яны напяклі піражкоў з павідлам, капустай і крабавымі палачкамі, чабурэкаў, булачак, смятаннікаў і шэраг іншых вырабаў. Шмат жадаючых было купіць шашлык свіны, блінчыкі з мёдам і варэннем, хрушчы, якія гатавалі на вачах у пакупнікоў. Словам, хапіла клопатаў майстру Анастасіі Васільеўне Краўчанка, якая на кірмашы “перакваліфікавалася” ў прадаўца.

Нялёгкім выдаўся сёлетні год для майстра Наталлі Уладзіміраўны Макруцінай, яе калег і навучэнцаў груп, якія працавалі ў падсобнай гаспадарцы. Тым не менш вырашчаны нядрэнны ўра­джай. Са спецыяльна абсталяванай для гандлю машыны віцябчанам прадавалі ячмень, трыцікале, бульбу, моркву, буракі, капусту, кабачкі, цыбулю, яблыкі. Збожжа і гародніна таксама карысталіся попытам.

— А яшчэ многае значыць уменне прапанаваць тавар, заахвоціць пакупнікоў, — расказвала намеснік дырэктара па вучэбнавыхаваўчай рабоце Алена Канстанцінаўна Дубовік. — З гэтай задачай выдатна справіліся педагогі дадатковай адукацыі Надзея Казіміраўна Пракоф’ева і Наталля Валянцінаўна Ясак. Сваімі жартамі, весялосцю яны прыцягвалі  ўвагу гараджан, трапна рэкламавалі тавар і вырашчаную нашымі навучэнцамі прадукцыю. Усяго яе было рэалізавана на 28 мільёнаў рублёў.

У канцы кастрычніка ў каледжы адбудуцца дажынкі, на якіх будуць падведзены вынікі сельскагаспадарчага года, удзелу навучэнцаў ва ўборцы ўраджаю ў сельгаспрадпрыемствах Пастаўшчыны.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.