Пацалунак восені


У кастрычніку ў нас быў не зусім звычайны ўрок. У той дзень мы адправіліся ў лес на спатканне з восенню. Спачатку мэты такой неспадзяванай экскурсіі не ведалі, а потым настаўнікі сказалі, што будзем збіраць жалуды. Паехаў з намі — а маіх аднакласнікаў і вучняў сёмага класа сабралася пад трыццаць чалавек — і работнік лясніцтва.

Дарога была нядоўгай, па-асенняму маляўнічай. Зачароўвалі яркія і незвычайна прыгожыя шаты дрэў, рознакаляровае лісце паволі падала пад колы аўтобуса. На першым прыпынку ўбачылі толькі некалькі дрэў. Пад імі і шукалі жалуды. У нейкі момант парыў ветру падхапіў лісце і воблакам закружыў. Гэта было штосьці незвычайна цудоўнае! Мы нават работу кінулі, бо хацелася проста стаяць і любавацца хараством.

Жалудоў набралі палову мяшка і рушылі далей. На новым месцы расло шмат маладых дубкоў, жалуды пад імі былі невялічкія, што трохі ўскладняла нашу задачу. Але і тут хутка справіліся. Мы вельмі радаваліся таму, што выбраліся на прыроду: тут было так прыгожа! Прыгадаліся пушкінскія радкі: “Унылая пора, очей очарованье! Приятна мне твоя прощальная краса…”

І вось на нашым шляху — велічны дуб, пад якім было шмат жалудоў. Нам пашанцавала. Хутка выканаўшы сваю работу, за якую нам падзякавалі, вярнуліся ў школу. Дадому разыходзілія з надзеяй, што некалі з нашых жалудоў вырастуць прыгожыя дубы. Думаецца, што гэта паездка запомнілася кожнаму, бо яна падарыла нам пацалунак восені і напоўніла сэрцы пявучай мелодыяй. Дзякуй табе, лес!

Дзіяна СМІЛЬГІН,

вучаніца 8 класа Камайскай СШ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.