Падаўжаюць жыццё дарог

Общество

 

Начальнік філіяла “ДЭУ-33” Алег Пятровіч Крукоўскі (на здымку сядзіць у цэнтры) з работнікамі бухгалтарскай, планавай, інжынерна-тэхнічнай і іншых службаў, якія забяспечваюць дзейнасць усіх падраздзяленняў упраўлення.

У маі  бягучага года Алег Іванавіч Шылей стаў пенсіянерам, але прадаўжае працаваць машыністам аўтагрэйдара, у яго шосты разрад. За шматгадовую  добрасумленную працу мае нямала ўзнагарод, а сёлета стаў лаўрэатам звання   “Чалавек года Пастаўшчыны”. Яго прафесіяналізм, аператыўнасць у выкананні пастаўленых задач па-ранейшаму запатрабаваны, высока цэняцца кіраўніцтвам філіяла “ДЭУ-33” рэспубліканскага ўні­тарнага прадпрыемства “Віцебскаўтадар”. Сведчаннем таму з’яўляецца і Ганаровая грамата Міні­стэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь, якая ўчора была ўручана  ветэрану.

На ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята віншаванні атрымалі і іншыя работнікі. У іх ліку ўзнагароджаныя Ганаровымі граматамі РУП “Ві­цебс­каўтадар” дарожны рабочы Яўгеній Генадзьевіч Дзедаў, электрагаза­зваршчык Анатолій Антонавіч Субко, вадзіцелі Мечыслаў Лявонавіч Васілеўскі, Сяргей Пятровіч Антаневіч, Дзмітрый Данатавіч Януш. Падзякамі генеральнага дырэктара “Ві­цебс­каўтадара” адзначаны трактарыст Станіслаў Пятровіч Гатоўскі, машыніст аўтагрэйдара Аляксандр Уладзіміравіч Мычко, дарожныя рабочыя Яўгеній Анатольевіч Радзевіч і  Эдуард Антонавіч Сварцэвіч.

Машыніст аўтагрэйдара Алег Іванавіч Шылей.

— Надыход свята адчуў кожны, хто працуе ў нашым калектыве, — адзначыў начальнік філіяла Алег Пятровіч Крукоўскі. — Па рашэнні адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта ўсе атрымалі годнае матэрыяльнае ўзнагароджанне. Такое стала магчымым дзякуючы выкананню практычна ўсіх паказчыкаў дзевяцімесячнай праграмы работ. Асноўнымі, як вядома, з’яўляюцца ўтрыманне і бягучы рамонт дарог. На гэтыя мэты са сродкаў рэспубліканскага бюджэту выдаткаваны 1 міль­ён 861 тысяча дэнамінаваных рублёў. Усе яны асвоены. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за тры кварталы  ўзрасла ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 9,8% і склала 1 мільён 919 тысяч рублёў. Філіял працуе рэнтабельна, мае чысты прыбытак, выконвае заданні па энергазберажэнні і іншыя.

Сярод складальнікаў эфектыўнай работы кіраўнік калектыву назваў наяўнасць падрыхтаваных кадраў, зладжанасць  усіх службаў, моцную гаспадарку, якая была створана ў папярэднія гады і абнаўляецца цяпер. Летась, напрыклад,  купілі два новыя МАЗы. Укладваліся інвестыцыі ў асноўны капітал і сёлета. У той жа час ёсць свае цяжкасці.  Але іх пераадольваюць, людзей забяспечваюць работай, а рост выручкі  дазваляе павышаць і заработную плату.

Сярод лепшых у калектыве — дарожны рабочы Алег Карчажка і вадзіцель Васілій Бурэнь.

Пры планаванні работ у арганізацыі зыходзяць з рэальных магчымасцей. Напрыклад, з-за недахопу фінансавых сродкаў  падоўжыць жыццё аўтамабільных дарог  — а філіял абслугоўвае 211,8 кіламетра  дарог рэспубліканскага значэння —  удаецца ў асноўным шляхам  бягучага рамонту. Найбольш на­дзейнай з’яўляецца паверхневая апрацоўка дарожнага палатна. Сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю арганізацыі гэта работа была праведзена на 35 кіламетрах (у цэлым па сістэме “Віцебскаўтадара” — на 180-ці). Сярод адзінаццаці аднатыпных прадпрыемстваў вобласці пастаўскія дарожнікі, якія маюць меншыя магутнасці,  выканалі самы вялікі аб’ём па бягучым рамонце дарог. Філіялам у поўным аб’ёме выконваюцца мерапрыемствы па падтрыманні ў належным санітарным стане бытавых і вытворчых памяшканняў, тэрыторый вытворчых баз і пад’язных шляхоў да іх. Адначасова выконваюцца работы па дагаворах падраду, у  арэнду здаецца  тэхніка, аказваюцца платныя паслугі насельніцтву і шэраг іншых. Дадатковыя крыніцы фінансавання таксама прыносяць нядрэнныя вынікі, сёлета гэта лічба дасягнула ўжо 150 тысяч рублёў.

Праведзена вялікая арганізацыйная і матэрыяльна-тэхнічная падрыхтоўка да работы ў зімовых умовах.  На ўвесь сезон, чаго не было раней,  створаны запасы тэхнічнай солі. Апрабаваны і гатовы да работы  8 адзінак спецыяльнай снега­ачышчальнай тэхнікі. На зімовых дарогах будуць задзейнічаны і іншыя тэхнічныя сродкі.

Цяпер вя­дзецца папярэдняе фарміраванне планаў на 2017 год. У іх кіраўніцтва і спецыя­лісты ДЭУ-33 аддаюць перавагу асфальтабетонным работам,  будаў­ніцтву прыпыначных па­вільёнаў, рамонту штучных збудаванняў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.