Падарыў шмат пазітыву


Імя Аляксандра Апанасевіча добра вядома пастаўчанам. Ён — пастаянны ўдзельнік раённых мерапрыемстваў і розных свят. Нам з Лынтуп выбрацца ў горад на канцэрт не заўсёды проста, асабліва калі ўзрост немалады, ды і здароўе ўносіць свае карэктывы ў планы. Таму вельмі абрадаваліся, даведаўшыся, што спявак сам прые­дзе да нас.

Арганізатарамі канцэрта выступілі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і асабіста загадчыца лынтупскага філіяла ТЦСАН Алена Аляксандраўна Валасевіч. Усцешыла актыўнасць пасялкоўцаў — у зале Дома культуры не было свабодных месцаў. Канцэрт насіў дабрачынны характар — выручаныя сродкі Аляксандр Апанасевіч ахвяраваў на лячэнне нашага земляка. Усе, хто прыйшоў у той дзень у Дом культуры, зрабіў свой унёсак у добрую справу — дапамог канкрэтнаму чалавеку. Радуе, што людзі не застаюцца раўнадушнымі да чужых праблем і бед.

Канцэрт быў цудоўны! Прагучалі лепшыя творы з багатага рэпертуару спевака, прысвечаныя каханню, роднаму краю, мамам. Яго выступленне не пакінула нікога раўнадушным: пасля адной песні дрыжыкі праціналі цела, іншая сагравала душу, і хацелася ўсміхацца. Артыст падарыў шмат пазітыўных эмоцый, якія так неабходны лю­дзям. Энергічны, з моцным голасам, ён зачароў­ваў прысутных. Мы дакрануліся да чагосьці светлага, чыстага. Гучалі песні нашай маладосці, і гледачы падпявалі, у думках вярталіся ў вясёлыя гады. Сустракалі артыста дружнымі апладысментамі, падносілі букеты кветак.

З роляй вядучай удала справілася валанцёр Юлія Валасевіч. На заканчэнне канцэрта са словамі ўдзячнасці да Аляксандра Апанасевіча звярнуліся дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская і Алена Аляксандраўна Валасевіч. Нізкі паклон спеваку за талент, мэтанакіраванасць, дабрачыннасць. Варта падзякаваць за прафесіяналізм і правай руцэ артыста — гукарэжысёру Сяргею Зелянкевічу. Гэты зладжаны тандэм падарыў нам сапраўднае свята.

М. НЯЧАЕВА, ад імя гледачоў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.