Павышаем баявое майстэрства

Правовое поле

Першага лістапада дваццацігадовы юбілей адзначыць 1-ы радыётэхнічны цэнтр 2289-га асобнага радыётэхнічнага ба­тальёна. Пра гісторыю станаўлення падраздзялення, асноўныя мэты і задачы, дасягненні асабовага складу расказвае намеснік камандзіра батальёна — началь­нік цэнтра падпалкоўнік Аляксей Міхайлавіч Дубовік:

— У 1975 годзе на базе зенітнага ракетнага дывізіёна ў раёне гарадскога пасёлка Варапаева была сфарміравана 657-я асобная радыёлакацыйная рота 49-га радыётэхнічнага палка. Праз 21 год на падставе дырэктывы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь яна перадыслацыравалася ў Паставы і была пера­фар­мі­равана ў 98-ы асобны радыёлакацыйны вузел. 1 лістапада 1996 года ваенна­служачыя заступілі на баявое дзяжурства. А першага жніўня 2010 года падраздзяленне было ператворана ў 1-ы радыётэхнічны цэнтр 2289-га асобнага радыётэхнічнага батальёна 49-й радыётэхнічнай брыгады.

У розныя гады падраздзяленне ўзначальвалі падпалкоўнікі Анатолій Аляксандравіч Красоўскі, Сяргей Барысавіч Вшыўкаў і Юрый Анатольевіч Руднеў, якія шмат зрабілі для яго станаўлення і развіцця, паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, падтрымання баявога духу і паляпшэння быту ваеннаслужачых. Імкнуся развіваць пачатыя імі справы, прымнажаць тое, што атрымаў у спадчыну, знаходзіць новыя шляхі ўдасканалення работы. Спадзяюся, што і сённяшнія лейтэнанты будуць годнымі прадаўжальнікамі тых добрых традыцый, што склаліся за час існавання цэнтра.

За 20 гадоў зроблена многае. У перыяд станаўлення цэнтра на тэрыторыі былога авіяцыйнага палка праведзены бягучы рамонт усіх памяшканняў, акультураны кожны куток тэрыторыі, што дазволіла стварыць спрыяльныя ўмовы для ваеннаслужачых. На ўзбраенне часці паступіла многа новай і мадэрнізаванай тэхнікі, 90% якой створана на сучаснай элементнай базе і праграмным забеспячэнні, што дазваляе значна павялічыць эфектыўнасць выканання баявых задач. Маем новыя і мадэрнізаваныя станцыі, рухомыя вышынямеры, абсталяваныя сучасным праграмным забеспячэннем.

Цесна ўзаемадзейнічаем з мясцовымі органамі ўлады і многімі раённымі арганізацыямі, з’яўляемся шэфамі сярэдняй школы №3. Вынікамі супрацоўніцтва  вельмі задаволены. Да прыкладу, калі раней прадукты харчавання завозіліся да нас з іншых падраздзяленняў, дарэчы, размешчаных няблізка, то зараз іх пастаўляе райспажыўтаварыства. Гэта эканоміць час, скарачае затраты, дазваляе засяродзіцца на выкананні непасрэдных задач. А імі былі і застаюцца ахова Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, вядзенне радыёлакацыйных разведкі і кантролю за палётамі паветраных суднаў.

У цэнтры служаць каля 100 чалавек. Прыкладна 70% — ваеннаслужачыя па кантракце, што дазваляе не траціць час на навучанне. Усе яны забяспечаны службовым жыллём. Ваеннаслужачыя — кваліфікаваныя спецыялісты, яны рэгулярна павышаюць сваё прафе­сійнае майстэрства на тактыка-страявых занятках, тактычных вучэннях і камандна-штабных трэніроўках, якія прахо­дзяць на тэрыторыі нашай краіны і за яе межамі. Прымалі ўдзел у такіх прадстаўнічых вучэннях, як “Шчыт саюза”, “Чыстае неба”, камандна-штабных вучэннях Узброеных Сіл Беларусі, выяз­джалі на вучэнні, якія праводзіліся на расійскім палігоне “Ашулук”. Па выніках многіх вучэнняў, выканання баявых задач начальнік штаба маёр Дзмітрый Анатольевіч Захараў, намеснік начальніка цэнтра па ўзбраенні маёр Іван Іванавіч Якубовіч, намеснік начальніка цэнтра па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Валянцінавіч Дзевятоўскі і многія іншыя маюць заахвочванні і ўзнагароды вышэйстаячага камандавання, у тым ліку Міністэрства абароны Беларусі. Па выніках работы за год наш цэнтр неаднойчы станавіўся пераможцам сярод аналагічных падраздзяленняў 49-й брыгады. Утрымліваем лідзіруючыя пазіцыі і на працягу апошніх гадоў: летась мы былі другімі, пазалетась — першымі.

Віншую ўсіх цяперашніх і былых ваеннаслужачых нашага падраздзялення з памятнай датай, жадаю здароўя, дабрабыту і аптымізму.