Першы юбілей сямімільярднай


Гэту “кветачку” завуць Валерыя Літвін, і яна асаблівая, бо адразу, у дзень нараджэння, стала “зоркай” — прызнана сямімільярднай жыхаркай планеты Зямля. Пра што і сведчыць сертыфікат Арганізацыі Аб’­яднаных Нацый, уручаны разам з грашовай прэміяй прадстаўнікамі раённай улады бацькам дзяўчынкі — жыхарам райцэнтра Наталлі і Дзмітрыю Літвін — у радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, які яны беражліва захоўваюць. З цягам часу дакумент стане для Валерыі сапраўднай рэліквіяй, а пакуль увагу дзяўчынкі больш прыцягваюць казкі, пазлы, малюнкі, гульні.

Лерачка нарадзілася 31 кастрычніка 2011 года, якраз у той дзень, калі на нашай планеце павінен быў з’явіцца сямімільярдны чалавек. Дакладна вызначыць, у якой краіне гэта адбылося, было немагчыма, таму ААН вырашыла адзначыць усіх, хто ўбачыў свет у гэты дзень. У Беларусі адпаведныя сертыфікаты атрымалі каля 300 нованароджаных, у тым ліку і наша пастаўчаначка.

— Гэта наша весялушка-шчабятушка, — расказвала бабуля малой Людміла Серафімаўна Вяргун. — А як жа яна любіць танцаваць! Займаецца танцамі не толькі ў дзіцячым садку, але і ў студыі салона “Гармонія”. Кожныя выхадныя праводзіць у нас, і тады вучыць танцаваць дзядулю Мішу і прадзядулю Сера­фіма. А яшчэ любіць гуляць з дзядулем у бадмінтон і футбол.

Лера вельмі кемлівая: з лёгкасцю складае пазлы, малюе, лічыць на англійскай мове. А якая дзяўчынка не любіць прыбірацца? Не выключэнне і Лера. Вось і ў свой першы юбілей прыйдзе ў дзіцячы садок разадзетая, як прынцэса. Ну што тут скажаш — «тытул» абавязвае.

Фаіна КАСАТКІНА.