Праца ўкладзена ў многія аб’екты

Общество

М. С. Янковіч, К. М. Асяненка, Р. І. Радзюш і С. Х. Сабіранаў на бягучым рамонце дарогі Казлоўшчына—Навінкі—Буда.

Асноўны від дзейнасці філіяла “Пастаўскае ДРБУ-132” — утрыманне, бягучы і капітальны рамонт дарог (а іх 975 кіламетраў), дарожных збудаванняў і знакаў. Для гэтага ёсць неабходная тэхніка: трактары, самазвалы, аўтагрэйдары, пагрузчыкі, экскаватары і адпаведныя кадры.

Начальнік Станіслаў Альфрэдавіч Рагіня не ўтойвае, што сёння прадпрыемства ў чарговы раз перажывае не лепшыя часы — скарачаецца фінансаванне. Але выйсце знаходзяць, шукаюць заказчыкаў у іншых галінах, дадатковыя работы па прамых дагаворах, аказваюць паслугі тэхнікай. Праца дарожнікаў укладзена ў многія аб’екты.

— Сёння заказчык аддае перавагу надзейным падрадчыкам, якія добрасумленна адносяцца да выканання сваёй справы, гарантуюць якасць, — гаварыў Станіслаў Альфрэдавіч. — Дзякуючы такому падыходу нам удаецца выйграваць тэндары на многіх аб’ектах як нашага раёна, так і за яго межамі. Канкурэнцыя вялікая, але стараемся не ўпусціць свой шанс. Працуючы не на колькасць, а на якасць, мы заслужылі аўтарытэт сярод іншых арганізацый. Нашы людзі задзейнічаны на будаўніцтве кальцавой дарогі МК-2 каля Мінска, аказваюць паслугі на ўзвя­дзенні электрастанцыі ў Бірвіце, рамантуюць дарогі ў Віцебску, Полацку, Оршы, Міёрскім раёне. Займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля адрамантаваных дамоў у Коўзанах і новага ў Хацілах, рамантавалі вытворчую базу лясгаса, правялі бягучы рамонт 6 кіламетраў дарогі Казлоўшчына—Навінкі—Буда.

З-за недахопу фінансавання прыйшлося зменшыць колькасць работнікаў. Цяпер у ДРБУ-132 працуюць 87 чалавек, а было 120. Кіраўніцтва філіяла прымае меры па зніжэнні кошту праектна-каштарыснай дакументацыі, працуе над максімальным змяншэннем сабекошту прадукцыі. З гэтай мэтай адкрылі новы кар’ер па здабычы пяску і гравію ў Сяргеевічах (раней на ўсе аб’екты іх вазілі з Данеўцаў Лынтупскага сельсавета). Некалькі змянілася і спецыфіка працы: сёння няма вялікіх аб’ектаў, але, каб была работа, тут бяруцца і за маленькія, займаюцца ўсім, што прыносіць прыбытак.

— Людзі — наш залаты фонд, — гаварыў начальнік філіяла. — Касцяк калектыву — тыя, за плячыма якіх не адзін дзясятак гадоў працы ў дарожнай галіне. Работа адказная. Пастаянна прыходзіцца думаць, як зрабіць дарогі максімальна бяспечнымі для эксплуатацыі. Каб чагосьці дабіцца, неабходна зладжаная і старанная праца інжынераў, машыністаў, вадзіцеляў, майстроў. Толькі агульнымі намаганнямі магчыма спраўляцца з вызначаным аб’ёмам работ і цяжкасцямі, якія перыядычна ўзнікаюць.

Пэўную эканомію даюць беражлівыя адносіны да тэхнікі. У гэтым плане С. А. Рагіня адзначыў вадзіцеля Сяргея Асяненку, аўтагрэйдарыста Рычарда Радзюша, экскаватаршчыка Стані­слава Шушкевіча і іншых. А калі здараюцца паломкі, іх стараюцца ліквідаваць сваімі сіламі. Тут адзначаюць уклад энергетыка Віктара Нікіпяровіча, слесара Сяргея Галяка, зваршчыка Міхаіла Раманчука, токара Аляксандра Марчука.

Напярэдадні прафесійнага свята званне ветэрана працы прысвоена вартаўніку Віктару Цішаловічу, “Ганаровы дарожнік Рэспублікі Беларусь” — вадзіцелю пагрузчыка Паўлу Цыунелю, граматамі адзначана праца начальніка планава-тэхнічнага аддзела Вольгі Гваздоўскай, дарожнага рабочага Сяргея Кавалёва, варшчыка бітуму Дзмітрыя Навумчыка. Начальнік філіяла ўдзячны ветэранам за іх багаты вопыт, адданасць калектыву. І цяпер нярэдка клічуць на падмогу былога інжынера, ганаровага дарожніка Рэспублікі Беларусь Мечыслава Станіслававіча Янковіча. Ён — прыклад і настаўнік для маладых.

Кіраўнік гатовы быў назваць дзясяткі прозвішчаў тых, на каго можна разлічваць у любой сітуацыі і быць упэўненым, што яны ніколі не падвядуць. У дарожнікаў няма пастаяннага графіка работы, зімой сюрпрызы падкідвае надвор’е — выязджаць на расчыстку дарог прыходзіцца і ў выхадныя, і глыбокай ноччу. Людзі, якія працуюць у дождж, спёку, снег, у розны час сутак, сапраўды заслугоўваюць пахвалы і падзякі.

Прафесійнае свята дарожнікаў прыпадае на самую клопатную для іх пару: да непагадзі трэба завяршыць летнія аб’екты і ў той жа час дасканала падрыхтавацца да зімы. Пастаўскіх дарожнікаў яна знянацку не застане. Падрыхтаваны тычкі, шчыты, назапашана саляна-пясчанай сумесі, завяршаецца падрыхтоўка тэхнікі. Якой будзе зіма — невядома. Але ёсць упэўненасць, што, як і кожны год, філіял “Пастаўскае ДРБУ-132” з усімі задачамі справіцца.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.