Расціце, клёны і ліпы!

Общество

У мінулую суботу па вуліцы Зялёнай у райцэнтры, што ў мікрараёне шостага гарадка, пастаўскія міліцыянеры заклалі алею ліставых дрэў — клёнаў і ліп. Ініцыятарам іх пасадкі выступіла кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў, прымеркаваўшы гэту акцыю да 100-годдзя Беларускай міліцыі, якое будзе адзначацца 4 сакавіка 2017 года.

У закладцы алеі — а яна з’явілася на беразе штучнага вадаёма, побач з месцам, дзе вядзецца будаў­ніцтва новых жылых дамоў — прыняла ўдзел большая частка калектываў РАУС і Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы. Прыйшлі практычна ўсе супрацоўнікі і неатэставаныя работнікі, нават тыя, хто знаходзіўся ў той дзень у нарадзе, некаторыя — сем’ямі: з жонкамі і дзецьмі. З кароткім прывітаннем да іх звярнуўся начальнік РАУС А. М. Гарус. Ён адзначыў, што алея ўвекавечыць 100-годдзе Беларускай міліцыі і пакіне нашчадкам памяць пра цяперашняе пакаленне міліцыянераў.

Як пазней расказаў Аляксандр Мікалаевіч, усяго планавалася высадзіць сто дрэўцаў. Але алея, пляцоўку пад якую выдзеліў райвыканкам, а падрыхтоўчыя работы на ёй правяло УП ЖКГ, аказалася ў паўтара раза большай. Тут у пяць радоў размясціліся 53 клёны і 96 ліп. Іх саджанцы прадаставіў лясгас. Дарэчы, закладка алеі — толькі частка з запланаваных райаддзелам міліцыі юбілейных мерапрыемстваў. Яшчэ адной значнай падзеяй стане ўстаноўка побач з будынкам РАУС памятнага гранітнага знака ў гонар ветэранаў, якія шмат гадоў аддалі службе ў органах унутраных спраў, абаранялі закон і парадак у паслярэвалюцыйны і пасляваенны час, змага­ліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота В. ДАЛІНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.