Растуць вытворчасць і рэалізацыя

Сельское хозяйство

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Вячаслававіч Брыло ўручае Падзяку дырэктару ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрыю Францішкавічу Шымчыку.

Сярод гасцей, якія віталі ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2016” у Сянно, быў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Вячаслававіч Брыло. У галоўным аграрным ведамстве краіны ён курыруе пытанні жывёлагадоўлі і перапрацоўкі прадукцыі ферм. Таму ў сваім выступленні завастрыў увагу менавіта на гэтых важнейшых кірунках дзейнасці міністэрства, адпаведных абласных і раённых структур, сельгаспрадпрыемстваў.

— Наша рэспубліка займае лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці і перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі як на постсавецкай прасторы, так і ў свеце, — адзначыў І. В. Брыло. — Самазабяспечанасць насельніцтва краіны малаком складае 227%,  мясам — 133%. Таму 60% малака і 25% мяса мы адпраўляем на экспарт. Гандлюем з 55 краінамі свету, але асноўная колькасць прадукцыі рэалізуецца ў Расійскую Федэрацыю. Шостая частка яе паступае з перапрацоўчых прадпрыемстваў Ві­цебшчыны, якія сёлета на 12-16% павялічылі выраб сыроў, малочных кансерваў і іншай прадукцыі. Такое стала магчымым дзякуючы росту вытворчасці малака і мяса. У гэтым плане пераломным стаў 2015 год, калі выключная ўвага была звернута на ўдасканаленне тэхналогіі вырошчвання маладняку, рост прадукцыйнасці дойнага статка. У выніку жывёлаводы Віцебшчыны завяршылі мінулы год з самым высокім у рэспубліцы прыбаўленнем малака —  315 кілаграмаў на карову.

У пачатку гэтага года ў вобласці пайшлі на неардынарны эксперымент: за кароткі прамежак часу з асноўнага статка было выведзена і здадзена больш за 18 тысяч нізкапрадукцыйных кароў. Многія спецыялісты і кіраўнікі думалі: а што ж будзе далей? Але нават у самых жорсткіх умовах надвор’я жывёлаводы вобласці не страцілі сваіх пазіцый, а, пачынаючы са жніўня  і па сённяшні дзень, працягваюць лідзіраваць па росце надояў і ў цэлым па вытворчасці малака ў сярэднім на 10%. Станоўчая дынаміка захоўваецца і па вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы.

Такая тэндэнцыя назіраецца і ў пераважнай большасці  сельгаспрадпрыемстваў Пастаўшчыны, дзе пагалоўе кароў таксама было зменшана амаль на 2000 галоў. Нягледзячы на гэта, валавая вытворчасць і рэалізацыя малака ўзраслі адпаведна на 729 і 654 тоны, а сярэдні надой ад каровы — на 124 кілаграмы і склаў за дзевяць месяцаў 2997 кілаграмаў малака.

Важкі ўклад у агульныя набыткі раёна ўносяць жывёлаводы ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Дзякуючы робатызаванаму комплексу ў Коўзанах, надой малака ўзрос на 654 кілаграмы і склаў за тры кварталы 4474 кілаграмы. Вытворчасць і рэалізацыя малочнай прадукцыі павялічыліся адпаведна на 23,9 і 26,8%. Гэтыя паказчыкі — адны з самых высокіх у раёне. Дзякуючы ім, а таксама атрыманаму ў 2016 годзе ўраджаю зерневых і кармавых культур, дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык быў узнагароджаны Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Уручаючы яе, намеснік міністра І. В. Брыло пажадаў кіраўніку і ўсяму калектыву сельгаспрадпрыемства плёну ў працы, сямейнага дабрабыту, моцнага здароўя.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.