Самыя трапныя стралкі — у Ярэўскай паляўнічай дачы


Першае месца заваявала каманда ў складзе Аляксандра Гінько, Аляксандра Вярбіцкага і Уладзіміра Козела.

У раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) стала добрай традыцыяй напярэдадні адкрыцця сезона загоннага палявання праводзіць спаборніцтвы па стральбе па мішэні “Бягучы кабан”.

Вось і сёлета ў шосты раз у кар’ер, які размешчаны ў кашыцкім лесе і дзе вызначана месца для прыстрэлкі паляўнічай зброі, сабраліся каманды Савіцкай, Белькаўскай, Ярэўскай, Курапольскай, Юнькаўскай, Варапаеўскай, Дварчанскай і Мягунскай паляўнічых дач. У складзе кожнай — па тры чалавекі. Шмат было тых, хто ўваходзіў у групы падтрымкі і хто, карыстаючыся магчымасцю, вырашыў проста пастраляць, праверыць сваю меткасць.

Перад тым як выйсці на “агнявы” рубеж, дырэктар раённай арганізацыйнай структуры БТПР Алег Карпік нагадаў умовы спаборніцтваў, парадак падвядзення вынікаў у індывідуальным і камандным заліках, пажадаў паляўнічым удачы.

Смачнай атрымалася юшка.

Кожнаму стралку прадастаўлялася права з адлегласці 35 метраў зрабіць са сваёй зброі па два выстралы ў “кабана”, які рухаўся і быў у полі зроку лічаныя секунды. Пасля кожнай серыі выстралаў правяралася мішэнь, падлічваліся ачкі. Адных вынікі расчароўвалі, у іншых выклікалі задавальненне. А для таго каб вызначыць абсалютнага пераможцу, давялося праводзіць перастрэлку, бо роўную колькасць — па 16 ачкоў — набралі Дзмітрый Татыржа і Аляксандр Гінько з Юнькаўскай і Ярэўскай паляўнічых дач. На гэты раз удача спадарожнічала Аляксандру Гінько. Другое месца ў індывідуальным заліку заняў Дзмітрый Татыржа, трэцяе — Сяргей Галубоўскі з дварчанскай каманды. Старшыня раённай арганізацыйнай структуры Алег Карпік уручыў ім карысныя для кожнага паляўнічага падарункі, а таксама павіншаваў ярэўскую каманду ў скла­дзе Аляксандра Гінько, Аляксандра Вярбіцкага і Уладзіміра Козела, якая з 36 ачкамі выйшла на першае месца. Ім былі ўручаны льготныя пуцёўкі на здабычу пушных відаў жывёлы. У лік прызёраў з 32 і 21 ачкамі трапілі адпаведна каманды Юнькаўскай і Дварчанскай паляўнічых дач.

— Паляваннем па-сапраўднаму захапляюся з 2010 года, — расказваў пераможца спабор­ніцтваў Аляксандр Гінько. — Вельмі шкада, што цяпер замест жывых кабаноў можна паляваць толькі на “мішэнных”. Тым не менш лічу, што такія спаборніцтвы трэба праводзіць і ў далейшым. Сёння, перад адкрыццём паляўнічага сезона, усе стараліся паказаць сябе самымі меткімі і ўдачлівымі паляўнічымі. Не кожнаму, як і падчас сапраўднага палявання, спадарожнічаў поспех. Але настрой ва ўсіх выдатны.

Дырэктар раённай арганізацыйнай структуры БТПР Алег Карпік уручае падарунак Дзмітрыю Татыржу.

Паляўнічыя — людзі асаблівыя. Пасля завяршэння спаборніцтваў многія з вялікім азартам удзельнічалі ў стральбе па талерачках. Здавалася, што трапіць у такую мішэнь, якая ляціць хутчэй за птушку, проста немагчыма. Але меткім стралкам, у ліку якіх быў Павел Роліч з Вярэнек, гэта ўдавалася.

— Для мяне паляванне — жыццё, — адзначыў Павел. — А тое асаблівае пачуццё, якое прыходзіць пасля кожнага трапнага выстралу, словамі не перадаць, гэта могуць зразумець толькі сапраўдныя паляўнічыя. Вельмі рады сустрэчы з сябрамі і знаёмымі. Такія спаборніцтвы можна параўнаць з невялікім святам, якіх апошнім часам нестае, асабліва ў вёсцы.

Той суботні дзень падарыў паляўнічым і ўсім прысутным некалькі гадзін адпачынку на ўлонні прыроды, а пачастункам для іх стала наварыстая гарачая юшка.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.