Сяброўства ўмацоўваецца


І. І. Несцяронак уручае карціну кіраўніку нямецкай дэлегацыі фрау Келер.

У канцы верасня навучэнцы і педагогі Варапаеўскай СШ прымалі ў сябе вучняў з рэальнай школы горада Герцагенаўрах, зямля Баварыя ў Германіі. На Пастаўшчыну нямецкія школьнікі прыехалі ў пяты раз у рамках праграмы між­школьных абменаў па­між названымі навучальнымі ўстановамі.

Гэты абмен стаў дзясятым па ліку з моманту падпісання дагавора аб супрацоўніцтве. Згодна з ім, раз у два гады нямецкія і беларускія дзеці ў суправа­джэнні настаўнікаў прыязджаюць на некалькі дзён адно да аднаго ў госці, каб бліжэй пазнаёміцца паміж сабой і з краінай знаходжання, папрактыкавацца ў вывучэнні замежнай мовы. Кожны абмен прысвячаецца пэўнай тэме. У адпаведнасці з ёй распрацоўваецца праграма візіту, адным з нязменных пунктаў якой з’яўляецца прыём у райвыканкаме.

Сёлета 11 нямецкіх школьнікаў — 4 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак ва ўзросце ад 12 да 14 гадоў, іх равеснікаў з Варапаеўскай СШ і педагогаў прымала намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ірына Іванаўна Несцяронак. Прывітаўшы дзяцей і дарослых, яна выказала надзею, што для гасцей візіт у Беларусь будзе цікавым і карысным, а затым крыху расказала пра наш раён. На памяць пра сустрэчу Ірына Іванаўна ўручыла кіраўніку нямецкай дэлегацыі спадарыні Дорыс Келер пано з ільнянога палатна, зробленае мясцовымі майстрыхамі, і фотаальбом “Паставы”. У сваю чаргу фрау Келер падарыла некалькі кніг пра Герцагенаўрах, у тым ліку перада­дзеныя членамі таварыства “Кола сяброў Беларусі”, якое існуе ў горадзе з 1996 года і фінансава падтрымлівае міжшкольныя абмены. Падтрымку развіццю кантактаў паміж Захадам і Усходам аказвае таксама таварыства ў Берліне.

— Я рада, што многія беларускія дзеці вывучаюць нямецкую мову, — прызналася пазней настаўніца з Германіі. — Нашы вучні хутка знайшлі агульную мову і пасябравалі. Яны пазнаёміліся яшчэ да прыезду нямецкіх школьнікаў у Беларусь праз інтэрнэт і завязалі перапіску. Упэўнена, што будуць працягваць зносіны і далей. Гэта ўжо пяты міжшкольны абмен, які мне даводзіцца аргані­зоўваць. І калі сустракаю былых удзельнікаў, якія закончылі школу, чую ад іх: “Ах, з’ездзіць бы яшчэ ў Варапаева!” Таму хацелася б у будучым арганізаваць паездку і з былымі вучнямі, якія сюды калісьці прыязджалі. Спадзяюся, гэта атрымаецца.

Нямецкія і варапаеўскія дзеці і педагогі пасля сустрэчы ў райвыканкаме.

Тое, што сувязі паміж учарашнімі школьнікамі не парываюцца, пацвердзіў дырэктар Варапаеўскай СШ В. М. Жук. Віктар Мікалаевіч сказаў, што ведае прыклады таго, як выпускнікі розных гадоў кантактуюць з сябрамі з Германіі.

Для сваіх цяперашніх гасцей адміністрацыя школы падрыхтавала насычаную праграму. Паколькі тэмай гэтага абмену была выбрана “Прырода як каштоўнасць жыццёвай прасторы”, запланавалі розныя экскурсіі: па Варапаеве, у раённы краязнаўчы музей, рыбгас “Навінкі”, Бярэзінскі запаведнік, Мінск. Дзеці і педагогі пабывалі на прыёме ў старшыні Варапаеўскага сельскага Савета Н. М. Седзюкевіч, у Гуцкай СШ, дзе для іх быў падрыхтаваны канцэрт-прывітанне. Віталі іх і ў школе ў Варапаеве, куды запрасілі былых удзельнікаў міжшкольных абменаў, а таксама арганізатара першага абмену з беларускага боку — настаўніцу нямецкай мовы Святлану Арсеньеўну Іванову, якая расказала, як усё пачыналася. Былі і сумесныя з варапаеўскімі школьнікамі спартыўныя мерапрыемствы, пасадка бярозавай алеі ў цэнтры гарадскога пасёлка, наведванне ўрокаў і «вяровачнага гарадка» ў Азёрках, дыскатэкі.

У той час як вучні з Германіі знаходзіліся ў Беларусі, у рэальнай школе Герцагенаўраха таксама адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбі­лейнаму, дзясятаму, абмену. На яго разам з удзельнікамі мінулых гадоў прыйшла ініцыятар двухбаковых візітаў і арганізатар першай паездкі нямецкіх школьнікаў у нашу краіну спадарыня Марга Аўэр.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.