Травяністых кармоў больш, чым летась


Іван Трацяк.

На мінулым тыдні ў ААТ “Камайскі-агра” завяршылі ўздым ільнотрасты і закладку сіласу з кукурузы. На апошніх гектарах на КВК-800 яе ўбіралі Іван Трацяк і Віктар Сінкевіч. Настрой у механізатараў быў не вельмі, бо як ні старайся, а  высокай  выпрацоўкі не даб’ешся.

— Сёлета кукуруза ўрадзіла толькі ў камайскім ад­дзяленні, — расказваў Іван Уладзіслававіч. — Без цяжкасцей здрабнялі за дзень па 400 і больш тон зялёнай масы. Але на большай плошчы тэхніка працавала напаўсілы, хаця ўсе стараліся. Вось і цяпер, пакуль стаіць спрыяльнае надвор’е,  імкнёмся зрабіць як мага больш.

Віктар Сінкевіч.

Кукурузу ў гаспадарцы сёлета вырошчвалі на 620 гектарах. І хаця ўраджай не парадаваў, змаглі нарыхтаваць амаль 9000 тон сіласу, што на 2000 тон больш, чым летась. На ўборцы сакавітага корму пастараліся таксама Вадзім Дуброўскі і Валерый Смільгінь, механізатары, якія працавалі на адвозцы масы з поля да месцаў закладкі сіласу.

—  Акрамя сіласу, на зімова-стойлавы перыяд для грамадскага статка маем 1080 тон сена, 16250 тон сенажу, у тым ліку 2100 тон ва ўпакоўцы, — адзначыў дырэктар сельгас­прадпрыемства Андрэй Віктаравіч Сарапененка. — Травяністых кармоў  на ўмоўную галаву жывёлы сёлета нарыхтавана па 21 цэнтнеры кармавых адзінак. Гэта больш, чым было летась, ды і якасць лепшая. Напрыклад, механізатар Алік Смільгін у гэтым годзе запрасаваў на тысячу тон больш сенажу ва ўпакоўцы.

Механізатары Уладзімір Яцэвіч, Анатолій Смільгінь, Вацлаў Шымковіч, Леанід Міцякін і Дзмітрый Дуброўскі працавалі на адвозцы кукурузнага сіласу.

У апошнія гады ў жывёлагадоўлі  ААТ “Камайскі-агра” назіралася шмат недахопаў. Сёлета становішча пакрысе выпраўляецца.  За дзевяць месяцаў некалькі ўзрасла колькасць буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў. Расце прадукцыйнасць дойнага статка.

— Пакуль па валавой вытворчасці малака мы не выйшлі на мінулагодні ўзровень, — падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі. — Але пры лепшым кармленні жывёлы, больш адказных адносінах да работы спецыялістаў і жывёлаводаў павінны забяспечыць прыбаўку.

А добры прыклад у гаспадарцы ёсць — на мулярскай малочнатаварнай ферме за тры кварталы ад кожнай каровы надаілі па 3273 кілаграмы малака, валавая вытворчасць узрасла больш чым на 18%.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.