У еднасці з прыродай


У перакідным календары на маім рабочым стале вось ужо больш за месяц ляжыць фотаздымак. Зараз, у шэрай, халоднай, тужлівай восені, ён нібыта сонечны праменьчык — пяшчотныя квітнеючыя лілеі і гаспадар, твар якога свеціцца радасцю…

Гэты здымак я папрасіла ў Пятра Сяргеевіча Вайцяшонка з вёскі Дуброва Курапольскага сельсавета, каб выкарыстаць у газеце. А завітала да яго па падказцы вяскоўцаў з Балаёў, дзе была ў чарговай камандзіроўцы. “Абавязкова заедзьце да Вайцяшонка, — казалі жанчыны. — Вось у яго кветкі дык кветкі!”

— Але вы спазніліся, — пашкадаваў гаспадар. — Самае хараство адцвіло. Засталося няшмат.

Дуброва — родная вёска Пятра. Вярнуўся сюды на пастаяннае месца жыхарства 14 гадоў таму. Да гэтага служыў прапаршчыкам у Паставах, пазней — у Бабруйску. А калі вайсковую часць расфарміравалі, аформіўся на пенсію — у 41 год. Мог праца­ўладкавацца ў райцэнтры, але выбраў Дуброва, дзе жыла яго маці. Вясковае падвор’е патрабавала мужчынскіх рук, а Пётр сялянскай працы не баяўся. Прытым пры цяжкай фізічнай працы ён заўсёды прагне прыгажосці. Ці часта вы сустракалі мужчын, якія займаюцца вырошчваннем кветак? Пётр менавіта з іх ліку. Збірае насенне, высейвае яго, пестуе расаду, даглядае клумбы. І яны з вясны да позняй восені раскашуюць яркай шматколернасцю.

— Іншы раз даводзіцца чуць, як той ці іншы чалавек гаворыць: “Як мне падабаецца ў вёсцы!” Але жыць туды ён не паедзе нізашто, — разважае Пётр Сяргеевіч. — А я не хачу сабе здрадж­ваць, бо душой быў заўсёды тут, у вёсцы. Трэба паліць у печы? Дык мне ж гэта падабаецца. Насіць ваду з калодзежа? А чаму б і не, калі ёсць сілы. Карміць свіней? І гэта не ў цяжар, а ў радасць. Або мая кабылка Мірта, якой ужо шмат гадоў. Яе ранейшая гаспадыня занемагла, дзеці забралі ў горад. А Мірта трапіла б на бойню. Дык я выкупіў, і зараз у нас з ёй столькі работы! Спраўляемся!

П. С. Вайцяшонак спраўляецца не толькі з уласнай гаспадаркай (на падвор’і два гадавыя кабаны і двое парасятак, конь, два дзясяткі курэй, гусі, ва ўладанні — гектар зямлі), але і дапамагае многім пажылым людзям як у Дуброве, так і ў суседніх Балаях.

— У нашай вёсцы ўсяго 11 жылых дамоў, — расказваў, — а жыхароў — 18. Многім бабулям ужо за 80, а яны яшчэ і з агародам упраўляюцца, і свінак трымаюць. Ну як ім не дапамагчы ўзараць зямлю, вывезці гной з хлява, зарэзаць кабанчыка?

Але, на жаль, ёсць у Дуброве і іншая катэгорыя жыхароў — да працы неахвочыя, а вось цяга да спіртнога — празмерная. Як старэйшыну вёскі і проста дбайнага гаспадара такая з’ява, безумоўна, непакоіць Пятра Сяргеевіча. Але што тут зробіш? Кожны сам выбірае свой шлях.

І ў кожнага свой лёс. Дзесяць гадоў таму Пётр звязаў яго з пастаўчанкай Вольгай Нікіфараўнай. Афі­цыйна шлюб не рэгістравалі, ды і жывуць асобна. “Калі б Оля паставіла ультыматум: яна або вёска, я, вядома, выбраў бы яе і пераехаў бы ў Паставы, — гаварыў. — Але пачуваў бы сябе ў горадзе некамфортна. Дзякуй Богу, у маёй каханай жанчыны хапіла мудрасці прыняць усё так, як ёсць. Я прыязджаю да яе, яна пры любой магчымасці наведваецца да мяне. І не адпачываць, а дапамагчы ў працы, якой заўсёды хапае. Зрэшты, і адпачываем мы разам на ўлонні прыроды. Чыстае паветра, сонца, вада, касцёр — што яшчэ трэба? Абавязкова разам сустракаем рэлігійныя святы, віншуем з асабістымі датамі маю сястру Ліду і яе сям’ю, Оліных родных. Я шчаслівы, што знайшоў сваё прызначэнне на роднай зямлі, што ў мяне ёсць для каго жыць і працаваць”.

Па натуры Пётр Сяргеевіч — жаваранак. У пяць гадзін рані­цы ён ужо паліць у печы, да сямі паспявае паснедаць і накарміць жыўнасць. Затым бярэцца за іншыя гаспадарчыя справы або запрагае кабылку і едзе дапамагаць вяскоўцам. А калі сельскагаспадарчы год завяршаецца і з’яўляецца вольны час, адводзіць душу за любімым заняткам — фанта­зіруе над загадзя нарыхтаванымі цурбанамі, ператвараючы іх у казачных персанажаў. Яны ўжо рассяліліся не толькі на яго двары, але і ў многіх іншых месцах як у вёсках, так і ў Паставах. І ў кожным праступае характар самога майстра — добразычлівы і пазітыўны.

Фаіна КАСАТКІНА. Фота аўтара

і з сямейнага архіва П. С. Вайцяшонка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.