У іх гонар — песні, музыка і апладысменты


На сцэне — сям’я Мурзіч. Маму — Вольгу Мікалаеўну — віншуюць меншыя дачушкі.

14 кастрычніка ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбылася тэматычная праграма, прысвечаная Дню маці.

Адкрыла ўрачыстасць салістка народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” Вольга Балотнікава. У яе выкананні прагучала добра вядомая, нестарэючая песня «Поговори со мною, мама». Яна  да глыбіні душы кранула прысутных у зале, нібы паклала пачатак шчырай, даверлівай размове  з самым дарагім, найлепшым і пяшчотным чалавекам — мамай. А ўвасабленнем усіх гэтых рыс сталі пастаўчанкі, галоўныя  гераіні свята, узнагароджаныя ордэнам Маці, Вольга Мікалаеўна Мурзіч і Таццяна Леанідаўна Пасечнік. На свята яны прыйшлі разам са сваімі самымі блізкімі людзьмі і пацвердзілі, што вялікая дружная сям’я і ёсць галоўнае багацце ў жыцці.

Для Вольгі Мікалаеўны гэта муж Андрэй Іванавіч, дзеці Дзяніс, Ева-Марыя, Аляксандра, Ксенія і Соф’я. Дзякуючы  вядучай Алене Сля­дзеўскай  прысутныя ў зале даведаліся пра сямейныя традыцыі Мурзічаў, іх захапленні, галоўныя жыццёвыя каштоўнасці, сакрэты выхавання дзяцей. Разам з кветкамі ад мужа Вольга Мікалаеўна атрымала  віншаванні са святам ад дзяцей, падарунак ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе яна працуе, і гучныя апладысменты гледачоў.

Таццяна Леанідаўна і Юрый Анатольевіч Пасечнік (у цэнтры) і іх васьмёра дзяцей.

Прысутныя ў зале шчыра віталі яшчэ адну гераіню святочнай сустрэчы —  Таццяну Леанідаўну Пасечнік — маці пецярых сыноў і трох прыёмных з няпростым лёсам дзяцей. Расказ Таццяны Леанідаўны, напоўнены бязмежнай любоўю, пяшчотай і гонарам за сваіх выхаванцаў, выклікаў у гледачоў найлепшыя пачуцці. Перад імі паўстала абаяльная жанчына, клапатлівая маці, добры і шчыры чалавек. Яе разважанні пра ролю і месца маці ў сям’і, прынцыпы і метады выхавання дзяцей для многіх сталі павучальнымі. Цяжка перадаць словамі тую атмасферу, якая панавала ў зале, калі на сцэне разам з Таццянай Леанідаўнай былі муж  Юрый Анатольевіч, сыны Дзмітрый, Ілья, Антон, Уладзіслаў, Арсеній, Дзмітрый, дашучкі Дар’я і Святлана. Таццяну Леанідаўну кранулі кветкі, віншаванні і пажаданні са святам, падарунак ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, ­удзячнасць залы.

Саліст узорнай вакальнай студыі “Юніта” Арцём Маргуноў і танцавальны калектыў “Карамелькі”.

Прыўзняты настрой панаваў на працягу далейшай канцэртнай праграмы. На сцэне выступалі дзеці, а таксама дарослыя выканаўцы. Паланілі мам, бабуль і ўсіх прысутных Паліна і Святлана Квяткоўскія, Аляксандр Апанасевіч, Вольга Балотнікава, тэатр танца “Непаседы” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза: Валерыя Патрушава (цымбалы), квартэт баяністаў у складзе Аляксандра Іжмайловіча, Ягора Карпенкі, Аляксея Гамолкі і Мацвея Конанава, ансамбль скрыпачоў, вакальны ансамбль “Зорачкі” і салісты  ўзорнай вакальнай студыі “Юніта” раённага Дома культуры Арцём Маргуноў, Аляксей і Іван Апанасевічы. Адкрыццём для ўдзельнікаў святочнага прадстаўлення стала дэбютнае выступленне арт-студыі “Экспромт” РДК і яе тэатра рук.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.