У сэрцах і граніце

Общество

20 кастрычніка 2011 года ў 15 гадзін 31 хвіліну за 800 метраў ад вёскі Вілейты Пастаўскага раёна і адзін кіламетр ад беларуска-літоўскай граніцы разбіўся верталёт Пагранкамітэта Беларусі. На яго борце знаходзіліся два члены экіпажа і тры чалавекі са здымачнай групы тэлерадыёкампаніі “Саюз”. Усе яны загінулі.

Напярэдадні камандзір Асобнага авіяцыйнага атрада пагранічных войск Рэспублікі Беларусь Станіслаў Раманчук прыняў з дакладам аб планавым заданні падчас вылету на ахову Дзяржаўнай граніцы камандзіра верталёта “Еўракоптар” Ігара Скварцова і лётчыка-штурмана Андрэя Пякарскага. Разам з імі ў палёт адправілася і здымачная група тэлерадыёкампаніі “Саюз” у складзе журналісткі Юліі Шатэрнік, тэлеаператара Віталія Прачкоўскага і вадзіцеля Сяргея Шаламава. Яны збіраліся рыхтаваць спецыяльны рэпартаж з жыцця граніцы. Але ў вячэрнім выпуску навін Белтэлерадыёкампаніі прагучала паведамленне аб катастрофе.

Мінула пяць гадоў. На месца гібелі лётчыкаў і журналістаў у чарговы раз прыехалі прадстаўнікі Пагранкамітэта Рэспублікі Беларусь, асабовы склад Асобнага авіяцыйнага атрада, былыя калегі, родныя, сябры. Мітынг адкрыў Мікалай Мікалаевіч Яльчык, які ў той час быў намеснікам камандзіра па ідэалагічнай рабоце Асобнага авіяцыйнага атрада пагранічных войск Рэспублікі Беларусь.

— Катастрофа глыбока кранула не толькі ваеннаслужачых часці, родных, але і ўсіх жыхароў Пастаўшчыны, — гаварыў М. М. Яльчык. — Загінулі лепшыя з лепшых. Ігар Скварцоў быў лётчыкам першага класа, намеснікам камандзіра па лётнай падрыхтоўцы, начальнікам лётна-метадычнага аддзела. У паветры правёў 2150 гадзін. Андрэй Пякарскі — лётчык другога класа (500 гадзін палёту). Абодва прайшлі вучобу ў Францыі, дзе і атрымалі ліцэнзію на права кіравання “Еўракоптарамі”. Кожны, хто ведаў гэтых лётчыкаў, быў упэўнены, што толькі тэхнічныя няспраўнасці маглі стаць прычынай катастрофы. Пазней па выніках комплекснага аналізу абставін авіяцыйнага здарэння, з паказанняў сведкаў пра характар падзення верталёта, з праведзеных складаных тэхнічных даследаванняў вузлоў і агрэгатаў машыны зроблены вывад: трагедыя адбылася ў выніку адказу авіяцыйнай тэхнікі.

Час прытупляе боль, але не сцірае з памяці тое светлае і         добрае, што пакінулі пасля сябе Ігар Скварцоў і Андрэй Пякарскі. На мітынгу прысутнічалі начальнік упраўлення ваеннага планавання Пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Ю. Б. Волкаў, былы старшыня Пагранкамітэта І. А. Рачкоўскі, ваеннаслужачыя Асобнага авіяцыйнага атрада, былыя саслужыўцы загінулых, родныя, сябры. Ля помніка — ганаровая варта. Настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы протаіерэй Валерый Пашкевіч адслужыў малебен па загінулых. Пад гукі аркестра Смаргонскай пагранічнай групы да помніка ляглі вянкі і жывыя кветкі. Прагучаў збройны салют, прысутныя застылі ў хвіліне маўчання.

— І праз пяць гадоў на сэрцы не палягчэла, — не стрымлівае слёз мама Ігара Скварцова, якая жыве ў Віцебску. — Не была на гэтым месцы чатыры гады. Сёлета, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, рашылася зноў прыехаць. Вельмі балюча…

— Мы з мужам служылі ў адной часці, — расказвала жонка Ігара Скварцова Ірына Іванаўна. — У той дзень была ў часці. Ігар заглянуў на хвілінку, сказаў, каб пасля работы ехала дадому адна, ён затрымаецца. Пра трагедыю даведалася апошняй, калі да сябе вызваў камандзір. Страта беззваротная. Але жыццё прадаўжаецца. Дачка закончыла вучобу, выйшла замуж. Я ўпэўнена, што Ігар з неба паклапа­ціўся пра тое, каб у нашай сям’і з’явіўся надзейны зяць. Удзячна ўсім, хто падтрымліваў і падтрымлівае, хто захоўвае памяць пра Ігара.

Ігар Скварцоў быў надзвычай адказным лётчыкам, — адзначалі многія з тых, з кім давялося гутарыць. — У 16 гадоў паступіў у ваеннае вучылішча. У яго 30 гадоў ваеннага стажу. Служыў у Кубінцы Расійскай Федэрацыі, Баравусе, з 2002 года — у Паставах. Быў прафесіяналам з вялікай літары.

Цяжка было гаварыць і калегу Андрэя Пякарскага Сяргею Баргулёву. Яны — аднакурснікі, разам служылі і ў Паставах. Пасля трагедыі Сяргей перавёўся ў Гомель. Кажа, што зрабіў гэта, каб не так балюча адчуваць страту сябра.

Ігар Скварцоў пахаваны каля Віцебска, Андрэй Пякарскі — у Полацкім раёне. Але не зарастае сцяжынка і да яшчэ аднаго месца памяці загінулых верталётчыкаў і журналістаў — у полі ля Вілейтаў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.